Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзеля будучага ўраджаю

Ёсць прафесіі, плён працы якіх бачны адразу. А ёсць такія, што людзі, якія выконваюць пэўныя задачы, застаюцца ў цені, а іх штодзённая праца дае толькі старт для будучага выніку. Прафесія грузчыка, кладаўшчыка, аператара – у шэрагу такіх. І няхай скептыкі застаюцца пры сваім меркаванні, адносячы іх да некваліфікаваных, “непрэстыжных”, але тыя задачы, якія з дня ў дзень выконваюць гэтыя людзі, маюць таксама адметнае значэнне.

Спецыялісты кажуць, што любы фактар, які знаходзіцца ў мінімуме, лімітуе ўраджай. І гэта так. Пад закладку будучага ўраджаю загадзя плануецца пэўны аб’ём угнаенняў, фарміруецца сістэма догляду. Кожны момант павінен быць на сваім месцы, пачынаючы ад доглядных мерапрыемстваў (хімічных) і заканчваючы ўборкай. Своечасовыя ўнясенне ўгнаенняў і апрацоўка хімпрэпаратамі – тое важнае, што забяспечвае добры ўраджай. Ці атрымаюць гаспадаркі іх у тэрмін – цалкам залежыць ад грузчыкаў.
Таіса Субач, начальнік матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ «Райаграсэрвіс», кажа:
– Грузчыкі на базе – як МНС (Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – аўт.) у нас. Ад любой работы, адказнай, цяжкай, не адмаўляюцца, выконваюць. За мінулы год яны разгрузілі 18400 тон даламітавай мукі – а гэту лічбу трэба памножыць удвая, бо яе ім трэба было спачатку адгрузіць, а потым загрузіць. 1200 тон угнаенняў нашы грузчыкі адгрузілі гаспадаркам раёна. Іх работа непрыкметная, чорная. Разгружаюць вагоны і рана, і позна, і ў маразы, і ў спякоту, у гразь і дождж.
На пытанне, ці цяжка працаваць, якое я задала, ведаючы, што працоўны дзень грузчыкаў доўжыцца з васьмі раніцы і часам да глыбокай ночы, брыгадзір Аляксандр Філістовіч адказвае так:
– Працуем, хвалюемся, каб не было прастояў вагонаў. Было, што і па дванаццаць, пятнаццаць вагонаў прыходзілася выгружаць. Гэты год было шмат работы. Але ёсць з кім працаваць – касцяк стабільны. Гэта Мікалай Дурэйка, Валерый Суднік, Іван Раманчык, Мікалай Няверка, Канстанцін Стрэж, Рыгор Гунько, Генадзь Шарафановіч.
У весавой лагодным позіркам сустрэла яшчэ адна сціплая работніца. У крэсле аператара Лілія Бяроза ўжо дваццаць дзевяць год. На складанасць не скардзіцца, але, вядома, прыходзіцца і затрымацца калі, адкласці дамашнія абавязкі на потым. Не часта сярод моладзі сустрэнеш такую адказнасць. Усё ідзе праз яе, а гэта – немалая нагрузка. Уся пярвічная апрацоўка – на плячах Ліліі Сямёнаўны. Вось і ў гэты раз размову спыніла даверху гружаная машына.
Зоя Жорава кладаўшчыком працуе шэсць год, работа падабаецца, але пра яе адметнасці і цяжкасці катэгарычна адмаўляецца гаварыць:
– Што я без грузчыкаў? Іх праца намнога цяжэй, чым мая. І Леанідавіч (брыгадзір – аўт.) малайчына, што трымае дысцыпліну.
Зоя Сцяпанаўна сціпла і мала расказвае пра сябе, але тыя, хто працуе побач, называюць чалавекам безадказным, – раней прыйдзе, пазней пойдзе з працы, калі просяць, уваходзіць у становішча заўсёды.
Склад, дзе захоўваюцца розныя прэпараты для апрацоўкі раслін, і тэрыторыя вакол яго, дзе мы таксама пабывалі, прыемна ўражвае акуратным выглядам. Трава падкошана, агароджа пабеленая. Ахова тут узмоцненая – высокая агароджа, калючы дрот над ёю. А ў дапамогу вартаўніку – два грозныя сабакі. Іх абавязкі прама супрацьлеглыя вядомай прымаўцы – і брэшуць, і кусаюць, і «дамоў» не пускаюць.
Калі вярталіся са Снежкава ў Вілейку, праязджалі поле азімага рапсу. Роўнымі радочкамі буяла яго зеляніна. Даючы надзею, што за своечасовасць клопатаў і адданасць працы ў наступным годзе поле адпаведным чынам аддзячыць.
Таццяна ШАРШНЁВА
На здымках: у грузчыкаў – перапынак; правяраецца чарговая партыя хімпрэ-паратаў; каля склада – надзейная ахова.
Фота аўтара

Фото
Фото
Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries