Увечары і ноччу ішоў дождж, і гэта ліпеньская раніца была прыемна свежай і бадзёрай. Але ўсё ярчэй прыгравала сонейка, і дзень абяцаў быць гарачым…
Традыцыйны выезд інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама з віншаваннямі ўдзельнікам жніва быў намечаны ў ААТ «Чурлёны». На гэты раз мы ўзялі курс на Іжу.
На мехдвары было людна. Бачылася, што хлебаробы з нецярпеннем чакаюць, пакуль сонца зробіць сваю справу – высушыць збажыну – і камбайнам можна будзе выходзіць у поле.
– Праз нейкай паўгадзіны можна будзе брацца за справу, – зазначыў начальнік участка Уладзімір Дрозд. – А ўвогуле віды на ўраджай сёлета нядрэнныя, думаю, атрымаем зерня больш, чым летась. Праўда, азімы рапс сёлета крыху горшы, а так па яравых і азімых няма пытанняў. Галоўнае – каб не падводзіла тэхніка ды надвор’е спрыяла…
Калі першае, падумалася, у руках механізатараў, то другому, як кажуць, не паправіш – задажджыцца і ўсё. Таму і стараюцца вяскоўцы скарыстаць кожную пагодлівую хвіліну для святой справы. Ды і чыста па-чалавечы хлебаробаў разумееш: больш і аператыўна зробяць – адпаведную зарплату атрымаюць.
– У добры час вы прыехалі з віншаваннямі, якраз усе тут і сабраліся, – зазначыў Уладзімір Дрозд.
Вядучы спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Вераніка Гайчук уручыла падзячныя лісты за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Сінілы лепшым камбайнерам Сяргею Місюлю, Міхаілу Кабаку і Віктару Усціновічу, а таксама вадзіцелю Ляону Лапіцкаму. А затым было музычнае віншаванне ад вілейскіх артыстаў – Марына Заяц і Леанід Гайчук, удзельнікі вакальнай групы «Суквецце», што называецца, завялі гледачоў майстэрскім выкананнем песень «Малады аграном» і «Пракаці». Чароўная сіла музыкі – адразу ж стала светла і радасна на душы…
На мехдвары ў Чурлёнах панавала тая ж заклапочана-чакальная атмасфера. Хлебаробы чакалі, калі сонейка дасць «дабро» на выхад у поле. Разам з імі рыхтаваўся заступіць на вахту і пажарны.
У дыспетчарскай ціха і бязлюдна. Гэта ў гадзін пяць-шэсць раніцы тут ажыўлена, калі камбайнеры і вадзіцелі перад выхадам у поле з цікавасцю чытаюць інфармацыю пра становішча спраў у гаспадарцы. Тут паказчыкі працы працаўнікоў, і лідара кожнага працоўнага дня можна вызначыць тут.
– Першае месца па гаспадарцы трымае камбайнер Іван Баравы, памочнікам у якога жонка Ганна Іванаўна, – паведаміў дыспетчар Мікалай Асаёнак.
Сямейны экіпаж – не навічок на жніве, трэці год поруч з мужам становіцца жонка. Ганна Іванаўна працуе на ФАПе, а на час жніва бярэ водпуск і дапамагае мужу.
– Мусіць, няпроста даводзіцца? – пацікавілася ў жанчыны.
– Ды не, нармальна, – адказала яна і зірнула на мужа. Я без слоў зразумела, што Іван Іванавіч, як і належыць сапраўднаму мужчыну, асноўны цяжар бярэ на свае плечы, стараючыся аберагаць сваю памочніцу. А ўвогуле, падумалася, выдатная гэта справа – сямейныя экіпажы. Побач – каханы чалавек, палавінка, і гэта, напэўна ж, і дысцыплінуе, і дае натхненне на дасягненне высокіх вынікаў і, адпаведна, папаўненне сямейнага бюджэту. Як паказвае практыка, на жніве ў гаспадарках раёна звычайна ў лідарах менавіта сямейныя экіпажы, а гэта гаворыць пра многае.
Мацней прыгравала сонца, і камбайнеры заспяшаліся. А каб ім ахвотней працавалася, уручылі перадавікам падзячныя лісты (іх атрымалі камбайнеры Іван Баравы, Міхаіл Пашкевіч, Валерый Урага і вадзіцель Пётр Іватовіч) і вясёлую песню для настрою. І камбайны ўзялі курс у поле…
Калі выязджалі з Чурлёнаў, дарогу нам перагарадзілі тры буслы. Гордыя прыгожыя птушкі смела і па-гаспадарску выйшлі на дарогу, азірнуліся навокал і няспешна перайшлі на другі бок – туды, куды пайшлі камбайны…
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара
Больш двух тысяч гектараў збажыны прадстаіць убраць працаўнікам ААТ “Чурлёны”
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ









