Пазітыўным, вясёлым, дынамічным і, канечне ж, спартыўным было мерапрыемства, якое мела зразумелую нават дзіцяці назву – «Велабум». Адбылося яно суботнім ранкам у мікрараёне «Паўночны», які ўсё больш пашыраецца, забудоўваецца і поўніцца новымі жыхарамі – пераважна маладымі сем’ямі з дзецьмі.
Каб прыняць удзел у «Велабуме» дастаткова было толькі мець веласіпед і, зразумела, трэба было прыехаць на ім на асфальтаваную пляцоўку каля новых шматпавярховак па вуліцы Георгіеўскай. Такіх «веласіпедных» аматараў рознага ўзросту, трэба сказаць, сабралася нямала. Таму з выбарам формы актыўнага адпачынку арганізатары – прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму – не памыліліся. А іх погляды на гэту справу падтрымалі раённы камітэт БРСМ, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа і прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Вілейскім раёне.
Перад адкрыццём «Велабуму» прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі раздавалі памяткі з інфармацыяй пра карысць веласіпеда, патрабаванні да гэтага транспартнага сродку і сігналы веласіпедыста, якія трэба ведаць, а супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – буклеты пра здаровы лад жыцця. Усіх, хто знайшоў час і магчымасць прыняць удзел у мерапрыемстве, прывітаў Алег Гаўрышчук – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Ён адзначыў: нягледзячы на тое, што «Велабум» у Вілейцы праводзіцца ўпершыню, мерапрыемства мае шанц стаць традыцыйным. Да ўдзельнікаў звярнуліся і госці – старшы інспектар ДПС аддзялення ДАІ Вілейскага РАУС Ягор Кузмічоў, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ягор Горбач і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Чарняўская.
Урачыстае пастраенне ўдзельнікаў – і спаборніцтвы пачаліся. Улічваючы ўзрост удзельнікаў, арганізатарамі былі прадугледжаны дзве пляцоўкі – для малодшых школьнікаў і для старэйшых, а таксама моладзі. Для першай узроставай катэгорыі віктарыну і конкурсы правёў вядомы казачны персанаж – Нязнайка. Разам з памочнікамі ён дапамог сарыентавацца дзецям у конкурсах, ад удзелу ў якіх не ўтрымаліся нават іх бацькі. Тым часам не сумавалі і больш дарослыя ўдзельнікі. Іх конкурсы былі складаней, патрабавалі пэўных навыкаў і здольнасцей, але ад гэтага не сталі менш цікавымі. Вынікі спаборніцтваў падводзіліся асобна па ўзроставых групах. Так, у малодшай групе школьнікаў месцы размеркаваліся наступным чынам: сярод хлопчыкаў 1-е заняў Раман Яцкевіч, сярэдняя школа №5, 2-е – Ілья Сялецкі, гімназія №1 «Логас», 3-е – Данііл Бохан, гімназія №2; сярод дзяўчынак 1-е – Валерыя Шалапо, гімназія №2, 2-е – Умар Аят, пачатковая школа №6. У старэйшай групе школьнікаў былі такія вынікі: сярод хлопчыкаў 1-е месца ў Аляксея Зубеля з сярэдняй школы №3, 2-е – у Арцёма Кратовіча з гімназіі №1 «Логас», 3-е – у Міхаіла Паўловіча з сярэдняй школы №3; сярод дзяўчынак 1-е месца ў Анастасіі Узгорак з гімназіі №1 «Логас», 2-е – у Вікторыі Карповіч з сярэдняй школы №5, 3-е – у Таццяны Лапко з сярэдняй школы №5. Сярод дарослых на першым месцы Віталь Субач, на другім – Мікіта Кляпец, трэцяе падзялілі Віктар Стаўскі і Кацярына Будзько.
Добры настрой, добрае надвор’е і добрая кампанія – трыадзінства гэтых складаючых прывялі да поспеху мерапрыемства. І не важна – на веласіпедзе або самакаце паказвалі ў той дзень свае магчымасці ўдзельнікі «Велабуму» – усе яны вярталіся дадому задаволеныя сабою і тымі прызамі, якія атрымалі за сваю стараннасць у імкненні да перамогі.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара, Сяргея ГАНЧАРА