Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейцы прайшоў чарговы велапрабег

У мінулую суботу ў Вілейцы прайшоў чарговы велапрабег, які, нягледзячы на ранішняе дажджлівае надвор’е, сабраў шмат прыхільнікаў велападарожжа. Дадзенае мерапрыемства адбылося ў рамках ініцыятывы «Веларух – клопат пра сябе і навакольных», якая рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёна «ЗОВіК» у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

0-1

Велапрабегі сталі традыцыйнымі на Вілейшчыне – як для прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якіх на падобныя велападарожжы арганізуюць актывісты ГА «ЗОВіК» на чале са старшынёй праўлення арганізацыі Таццянай Цітуленка, так і для ўсіх тых, хто з’яўляецца даўнім прыхільнікам «двухколавага сябра». На гэты раз сярод удзельнікаў мерапрыемства былі, акрамя арганізатараў і актывістаў веларуху Вілейшчыны, прадстаўнікі РГА «Белая Русь» пад кіраўніцтвам старшыні раённай арганізацыі Сяргея Паўлоўскага, актывісты ГА «БРСМ», супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, іншых арганізацый і ўстаноў горада, а таксама актыўная моладзь і больш старэйшае пакаленне.

0-2

Пачатак мерапрыемства, ужо пад промні прабліскваючага праз адыходзячыя хмары сонца, быў дадзены на пляцоўцы скейт-парка. Тут намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга пажадала ўсім прысутным лёгкага шляху, бадзёрасці і добрага надвор’я, а таксама і надалей быць прыхільнікамі веларуху ў нашым горадзе. Затым слова ўзялі прысутныя на мерапрыемстве госці, а лепш сказаць – непасрэдныя арганізатары: супрацоўнікі Праграмы развіцця ААН Наталля Адамчык, каардынатар конкурсаў мясцовых ініцыятыў, Кірыл Сцежкін, каардынатар па тэрытарыяльна арыентаваным развіцці, і Ірына Пашкун, каардынатар па Мінскай вобласці. Ад імя гасцей прывітальнае слова прамовіў Кірыл Сцежкін, каардынатар па тэрытарыяльна арыентаваным развіцці Праграмы развіцця ААН, які таксама пажадаў віляйчанам і надалей развіваць веларух і як мага больш праяўляць ініцыятывы, што будуць спрыяць развіццю тэрыторыі.

IMG_0707

Дадзенае мерапрыемства было накіравана не толькі на развіццё і папулярызацыю веларуху ў нашым горадзе, але і на засяроджванне ўвагі кіроўцаў веласіпедаў на прапагандзе бяспекі на дарозе падчас кіравання сваім транспартам. Аб гэтым падрабязна расказаў старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Вілейскага аддзялення ўнутранных спраў Ягор Кузмічоў, яшчэ і яшчэ раз засяродзіўшы ўвагу на правілах дарожнага руху для веласіпедыстаў, неабходную камплектацыю веласіпеда і аб тым, што зараз у раёне праходзіць акцыя «Менш колаў – больш небяспекі».

IMG_0713

Творчым задорам, якім з прысутнымі падзялілася Алеся Высоцкая, праспяваўшы савецкі хіт «Героі спорта», быў дадзены старт велапрабега, пад акампанімент якога словы Таццяны Цітуленка сталі заклікам да перамог, хоць і спачатку невялікіх, але вельмі значных для развіцця будучага маштабнага вілейскага веларуху. З гэтым усе прысутныя селі на свае веласіпеды і накіраваліся ў бок Цэнтральнай плошчы, на першы прыпынак свайго маршрута, дзе да кагорты велапрыхільнікаў далучыліся наступныя ўдзельнікі велапрабега.

IMG_07155

Шлях велападарожжа пралягаў праз горад з некалькімі прыпынкамі, далей – праз мемарыл «Памяці былых вёсак» каля Снежкава, затым у цікавы і насычаны гісторычнымі і культурнымі каштоўнасцямі аграгарадок Куранец – былое яўрэйскае мястэчка, дзе ўдзельнікі велапрабега прыпыніліся на плошчы каля помніка знакамітаму мастаку Льву Альпяровічу. Такжа змаглі пабачыць самы вялікі валун раёна «Гомсін камень» і пачуць старадаўнюю легенду пра яго. Затым, як спяваецца ў знакамітай песні: «па прасёлкавай дарозе…», удзельнікі велападарожжа праехалі да Вілейскага вадасховішча па навакольных вёсках Плікавічы, Клыні, Івонцавічы, дзе вытрымалі, без перабольшвання, сапраўдны экзамен на трываласць, бо акрамя цяжкасці перамяшчэння па гравійнай дарозе, на зваротным шляху веласіпедыстаў надарыўся моцны парывісты вецер.

Аднак шлях быў пераадолены, канчатковым пунктам маршруту стаў бераг Вілейскага вадасховішча, дзе ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй стварэння самага вялікага штучнага вадаёма Беларусі. А затым у цеснай кампаніі наладзілі абед каля вогнішча на базе яхт-клуба «Влана», дзе змаглі пакаштаваць гарачай юшкі, адведаць прыгатаванага на агні мяса і паўдзельнічаць у конкурсах з розыгрышам каштоўных і патрэбных велааксэсуараў.

IMG_0723

Такім чынам, ініцыятыва «Веларух – клопат пра сябе і навакольных», якая рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёна «ЗОВіК» у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), дала магчымасць з карысцю для сябе і здароўя правесці выхадны дзень дзясяткам прыхільнікам «двухколавага».

Няхай падобныя ініцыятывы толькі спрыяюць развіццю нашага раёна і абсталяванню новых месц, дзе будуць збірацца і моладзь, і дарослыя, і дзе кожны зможа прымяніць сябе на карысць здаровага ладу жыцця.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries