Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У апошнія гады Даўгінаўская школа славіцца моцнымі спартсменамі

Фізічная культура і спорт заўсёды займалі вядучае месца ў жыцці даўгінаўскіх школьнікаў розных часоў. Змянялася кіраўніцтва школы, склад педагагічнага калектыву, выходзілі ў вялікае жыццё юнакі і дзяўчаты, а імкненне быць моцнымі і загартаванымі, браць новыя спартыўныя вяршыні заставалася ў даўгінаўцаў нязменным. І ўсё гэта захавалася да нашага часу.

У апошнія гады ў Даўгінаўскай школе склаліся вельмі моцныя каманды юнакоў і дзяўчат, вучняў сярэдняга звяна і нават пачаткоўцаў па розных відах спорту. Па выніках 2016-2017 навучальнага года другі год запар школа займае пачэснае першае месца ў раёне сярод устаноў адукацыі сельскай мясцовасці.

Вядома, як і ў любой школьнай справе, усё пачынаецца з асобы настаўніка, бо ў любы час менавіта кадры вырашаюць усё. У гэтым плане ўстанове адукацыі вельмі пашанцавала – тут працуюць сапраўдныя майстры! Настаўнік фізічнай культуры Іосіф Пратасевіч пачынаў працоўны шлях у Рэчкаўскай, затым у Пагосцкай школах, а яго калега Уладзімір Старычонак адточваў прафесійнае майстэрства спачатку ў Сцешыцах, а затым доўгі час настаўнічаў у Мільчы. І вось у 2011 годзе лёс звёў двух педагогаў у роднай ім Даўгінаўскай школе. Патрэбна адзначыць, што мужчыны адразу знайшлі агульную мову і выпрацавалі адзіныя падыходы да адукацыйнага працэсу па прадмеце «Фізічная культура і здароўе». Вучні розных узростаў з задавальненнем спяшаюцца ў спартыўную залу і на стадыён як падчас вучэбных заняткаў, так і ў пазаўрочны час, у шосты школьны дзень тыдня. Яны добра ўсведамляюць, што тут іх чакаюць не толькі фізічныя нагрузкі і трэніроўкі, не толькі звесткі з галіны гігіены і фізіялогіі, але і сапраўдная школа таварыства, самадысцыпліны і адказнасці.

Будучыя чэмпіёны
Будучыя чэмпіёны

Кіраўніцтва школы і калегі цэняць настаўнікаў фізкультуры за іх унікальны дар бачыць у дзецях спартыўныя задаткі на ранніх этапах навучання ў школе, а затым шляхам пастаянных трэніровак ператвараць гэтыя задаткі ў незвычайныя здольнасці і даводзіць да ўзроўню спартыўнага таленту.
І вынікі не прымушаюць сябе чакаць! За тры апошнія гады каманды даўгінаўскіх школьнікаў дабіліся поспехаў у валейболе, баскетболе, футболе, лёгкай атлетыцы і нават гандболе сярод сельскіх школ. Годна гучыць імя школы і ў спаборніцтвах на прызы ДРАЦ «Надзея» па розных відах спорту.

Прыемна, што спартыўнае жыццё знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніцтва школы. Дырэктар установы Іван Навуменка заўсёды знаходзіць патрэбныя словы падтрымкі, калі адпраўляе спартсменаў на спаборніцтвы і сустракае з доўгачаканымі вынікамі, а школьнікі розных узростаў вітаюць пераможцаў бурнымі апладысментамі і воклічамі на штотыднёвай лінейцы.

Дзякуючы зладжанаму спартыўнаму тандэму Іосіфа Альбертавіча і Уладзіміра Аляксандравіча, які сапраўды з’яўляецца прыкладам прафесійнага і апантанага настаўніцтва, ужо даўно імёны такіх вучняў, як Яўген Кулік, Вольга Крэнь, Ягор Зарэцкі, Віктар Гурновіч, Руслан і Вераніка Надольскія і многіх іншых, упэўнена загучалі не толькі на раённым, але і абласным узроўні, у складзе зборных каманд Вілейскага раёна па розных відах спорту. Незважаючы на надвор’е, часта ахвяруючы вольным часам, сямейнымі справамі і асабістым транспартам, настаўнікі дастаўляюць вучняў у патрэбныя пункты і прыкладаюць усе намаганні, каб выступленні былі паспяховымі.

Каманда старшакласнікаў
Каманда старшакласнікаў

За перыпетыямі раённай спартакіяды напружана сочаць усе педагогі, вучні і іх бацькі на працягу навучальнага года. А сёлета вынікі былі вельмі непрадказальнымі, паколькі праціўнікі з сярэдніх школ раёна ў нас даволі сур’ёзныя. І вось жаданы вынік – зноў першыя! Наша радасць была бязмернай…

У традыцыйны Дзень фізкультурніка ўся школа сабралася на ўрачыстую лінейку на школьным стадыёне, каб выказаць словы ўдзячнасці, віншаванняў і захаплення героям спорту: настаўнікам Іосіфу Пратасевічу і Уладзіміру Старычонку і ўсім вучням, якія адстойвалі гонар школы на працягу года на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Гучалі цёплыя словы, трохразовае «Ура!», не абышлося без кветак і салодкіх пачастункаў ад прафсаюзнага камітэта, без непадробнага захаплення дзяцей і дарослых вынікам карпатлівай працы такіх гераічных і ў той жа час простых людзей, як нашы настаўнікі фізкультуры.

Напрыканцы навучальнага года хочацца пажадаць нашым слаўным трэнерам і іх таленавітым выхаванцам моцнага здароўя, сілы духу, нязломленасці перад перашкодамі і праціўнікамі, а нашай роднай школе – росквіту і новых перамог!

Аляксандр ЧУЙКІН, вучань 11 класа, Таццяна Зубель, намеснік дырэктара ДУА «Даўгінаўская СШ»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 44 queries