Якраз у той час, як да нас, хоць і ў сярэдзіне студзеня, завітала сапраўдная зіма, у спартыўных залах РЦФОР і РАУС прайшоў двухдзённы калядны турнір аматараў валейбола з удзелам шасці мужчынскіх і чатырох, а гэта адзначым асобна, жаночых каманд. І калі для мужчын гэты турнір даўно стаў традыцыйным, дык для жаночых каманд ён, пасля значнага перапынку, усяго другі. Перад пачаткам сустрэч турніра намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызма Алег Гаўрышчук і куратар вілейскага валейбола Віктар Бараноўскі ўручылі ўзнагароды лепшым камандам чэмпіяната раёна 2013 года па валейболу: чэмпіёну – «Першаму Беларускаму» з Людвінова і камандам «Мехатроніка» і «ЖКГ», заняўшым другое і трэцяе месцы адпаведна. Валейбалісты гэтых каманд узнагароджаны памятнымі залатымі, сярэбранымі і бронзавымі медалямі, яны таксама атрымалі, хоць і невялікія, грашовыя прэміі. За чэмпіёнаў «Першы Беларускі» ў мінулым годзе гулялі: капітан каманды Віктар Ніжнік, які, на вялікі жаль, неспадзявана рана пайшоў з жыцця, Сяргей Панарад, Сяргей Чараповіч, Яўген Бабкевіч, Алег Хуртай, Віталь Томкавіч, Арцём Грышкевіч, Сяргей Юрчык, Іван і Сцяпан Млечкі (бацька і сын). Калі на чэмпіянаце раёна «Першы Беларускі» толькі ў канцы другога круга змог выйсці на першае месца, то на калядным турніры сельскія валейбалісты не пакінулі ніякіх шанцаў іншым камандам і ўпэўнена занялі першае месца. На другім месцы «Энергазбыт» (за гэтую каманду, дарэчы, гулялі адразу тры валейбалісты з асновы зборнай каманды раёна: Ілля Барысік, Артур Петрашэвіч і Аляксандр Гіль). Бронзавы прызёр турніра – каманда «МНС», наступныя месцы ў «ЖКГ», «Школы» і «Мехатронікі». У турніры жаночых каманд, як і чакалася, перамогу атрымала зборная горада, хоць гэта аказалася і не так проста. У заключнай сустрэчы з першай камандай Мацькаўскай СШ у трэцяй рашаючай партыі віляйчанкі прайгравалі, і толькі вяртанне на пляцоўку капітана каманды Аксаны Альфер, якая атрымала да гэтага траўму, дапамагло зборніцам выправіць становішча і атрымаць перамогу з лікам 2:1. Зборная Вілейкі з шасцю ачкамі – першая на турніры. У складзе каманды, акрамя Аксаны Альфер, на пляцоўку выходзілі: Святлана Петух, Ларыса Вазянчук, Святлана Маліноўская, Нэла Барташэвіч, Таццяна Новаш, Людміла Кабак і Ларыса Ганчар. Астатнія тры каманды набралі роўную колькасць ачкоў – па 4. Па дадатковых паказчыках другое месца ў маладых валейбалістак з другой каманды Мацькаўскай СШ (падрыхтаваў абедзве каманды школы Міхаіл Ханяўка). На трэцім месцы перспектыўная каманда гімназіі №2 (трэнеры Валерый Купцэвіч і Таіса Гамолка). Замкнула турнірную табліцу першая каманда Мацькаўскай сярэдняй школы. Безумоўна, турнір атрымаўся цікавым і садзейнічаў росту спартыўнага майстэрства нашых спартсменаў. Уладзіслаў ВАЗЯНЧУК, галоўны сакратар спаборніцтваў. На здымку: каманда-пераможца з Людвінова. Фота прадаставіў Сяргей Панарад
«Першы Беларускі» зноў першы
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ



