Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Маштабны велапрабег прайшоў на Вілейшчыне

29 красавіка, напярэдадні 1 Мая – Дня Працы, грамадскае аб’яднанне “ЗОВіК” сумесна з Вілейскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і раённым Саветам дэпутатаў арганізавалі маштабны велапрабег за падтрымку здаровага ладу жыцця і экалагічнага руху на Вілейшчыне. Арганізатарам мерапрыемства ўдалося аб’яднаць больш за 70 удзельнікаў – грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў сферы малога і сярэдняга бізнесу, дэпутацкага корпусу і прадстаўнікоў прафсаюзнага руху, актыўных супрацоўнікаў арганізацый і прадпрыемстваў нашага горада. Мерапрыемства было арганізавана пад агульнай назвай “Дзень Вілейскага раёна”, што мела сваёй мэтай звярнуць увагу жыхароў Вілейшчыны на развіццё веларуху і прасоўванне экаідэй сярод грамадзян.

IMG_6482

Унушальная калона ў фірмовых зяленых кепках і жылетах ГА “ЗОВіК” праехала маршрут больш за 20 кіламетраў па горадзе і раёне, тым самым паказваючы, што веласіпед можа быць зручным, экалагічным і сучасным сродкам перамяшчэння. Стартавалі з Цэнтральнай плошчы з 5 прыпынкамі, на якіх былі праведзены мініэкскурсіі па гісторыі Вілейскага раёна, з аповедам пра прыродныя адметнасці – раку Вілію і Вілейскае вадасховішча, а таксама пра адметныя падзеі ў гісторыі раёна. Першым прыпынкам стала пляцоўка каля ўязнога знака – стэлы з буслянкай, на пад’ездзе да горада, дзе была агучана легенда аб утварэнні ракі Віліі – сімвала нашага горада, а таксама іншыя цікавыя факты. Далей маршрут пралягаў па дарозе Вілейка – Маладзечна, дзе прыпынак быў зроблены каля мемарыяла ахвярам кампаніі Напалеона 1812 года, што быў узведзены намаганнямі знакамітага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава і нашага земляка, мастака, краязнаўцы, лаўрэата Прэміі “За духоўнае адраджэнне” Барыса Цітовіча.

IMG_6498

Тут былі агучаны некаторыя факты з гісторыі падзей Напалеонаўскай кампаніі 1812 года на Вілейшчыне і адметныя цікавыя легенды пра скарбы Напалеона на нашай тэрыторыі. На зваротным баку ўдзельнікі велапрабега зноў зладзілі прыпынак каля маста праз Вілію, дзе пагаварылі пра перліну Вілейскага раёна – самае буйное ў Беларусі вадасховішча. Затым,праязджаючы праз горад, прыпыніліся ў гістарычным цэнтры – на плошчы Свабоды, дзе пагутарылі пра гісторыю ўзнікнення і развіцця Вілейкі. А надалей шлях велапрабега пралягаў праз самую доўгую вуліцу горада – Стаханаўскую, на сяброўскі абед на Вілейскім вадасховішчы, дзе гаспадары ўтульнага яхт-клуба «Влана» сумесна са святочным агенцтвам “Падары шчасце” і Вілейскім Палацам культуры зладзілі цудоўную забаўляльную праграму з разнастайнымі конкурсамі і выступленнем гурта «Планета Усіх», удзельнікі якога  падаравалі ўзнёслы настрой усім прысутным.

IMG_6554

Напачатку заключнага мерапрыемства да ўсіх яго ўдзельнікаў звярнулася старшыня праўлення грамадскай арганізацыі “ЗОВіК” Таццяна Цітуленка, якая запрасіла і надалей усіх займацца актыўнымі відамі спорту, у тым ліку веларухам, а таксама далучацца да ўсіх праектаў, што праводзяцца грамадскім аб’яднаннем, як у якасці валанцёраў, так і ў якасці распрацоўшчыкаў і каардынатараў розных праектаў. Словы падзякі і задаволенасці праведзеным мерапрыемствам выказалі і старшыня Вілейскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Прэпесць,і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі. Гучалі словы падзякі за арганізацыю мерапрыемства і ад удзельнікаў велапрабега.

IMG_6533

Творчыя конкурсы, якія падзялілі ўдзельнікаў на каманды, паказалі не толькі схільнасць вілейскіх актывістаў да здаровага ладу жыцця, але і да крэатыўнасці і творчасці. Асабліва гэта праявілася падчас правядзення конкурса жывога фотаздымку «Праз церні да зорак», дзе кожны праявіў сябе як сапраўдны неардынарны творца.

IMG_6550

Цікавай асаблівасцю праведзенага велапрабегу стала і тое, што ўдзел у ім прымалі не толькі гараджане, але і “браты нашыя меншыя” – на Цэнтральнай плошчы да ўдзельнікаў велапрабега далучыўся незвычайны сабака, які адразу стаў у цэнтры агульнай увагі, бо прабег  увесь маршрут разам, а калі рабіліся фотаздымкі, то ён прабіваўся на пярэдні план для сумеснага здымку.

IMG_6547

Дзень Вілейскага раёна і Першамай быў адзначаны здаровым ладам жыцця, цікавым і прыемным баўленнем часу з экалагічным ухілам.

IMG_6543

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

IMG_6540

IMG_6536

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 49 queries