Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

1 красавіка на вілейскім стадыёне адчыняецца пракат ролікавых канькоў

Сонейка ўсё настойлівей нагадвае нам пра тое, што вясна – сапраўдная гаспадыня сезона.  Сярод пахмурных дзён усё часцей здараюцца сонечныя. Адным такім пагодлівым ранкам наведвальнікі школьнага лагера «Брыганціна» агульнаадукацыйнай школы №1 у суправаджэнні маладой настаўніцы Марыі Война прыйшлі на адноўлены гарадскі стадыён, каб з добрым настроем і, як кажуць, з ветрыкам «нарэзаць» некалькі кругоў у хакейнай каробцы, у зімні перыяд прыстасаванай для катання на каньках, а цяпер – на «роліках».

Стаць на ролікавыя канькі тут можа нават той, у каго іх няма – арганізаваны пракат забяспечвае жадаючых не толькі «ролікамі», але і неабходнымі сродкамі бяспекі – шлемам, спецыяльнымі пальчаткамі, накаленнікамі і налакотнікамі. Адно тое, што дзеці, падлеткі, а, можа, і дарослыя, маюць магчымасць пакатацца на «роліках» у спецыяльна прыстасаваным для гэтага месцы, а не дзесьці на дарозе побач з курсіруючымі аўтамобілямі, мае вялікае значэнне. Тым больш, што навічкам абавязкова правядуць інструктаж па тэхніцы бяспекі і растлумачаць, што да чаго. Школьнікі Ангеліна Тарговіч, Вераніка Камінская, Даніла Давідзюк і Дзіма Валуй (на здымку) каталіся пад пільным позіркам інструктара-метадыста стадыёна Андрэя Лазовіка.

З 1 красавіка пракат ролікавых канькоў будзе працаваць з 8.00 па 22.00 без выхадных. Акрамя таго, тым, хто прыйдзе пакатацца са сваімі «ролікамі» і сродкамі бяспекі, уваход таксама не забаронены. А тэрмін знаходжання на роллернай пляцоўцы можа вар’іравацца ад паўгадзіны і больш – па жаданні наведвальнікаў. Даведкі можна атрымаць па нумары 3-43-99.

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries