Аператар машыннага даення Святлана Петрашэвіч з «Нарачанскіх зораў» узнагароджана Ганаровай граматай Мінскага аблвыканкама.
Сустрэчы са знаёмымі людзьмі, з якімі лёс зводзіў па прыемных выпадках, заўсёды радуюць. Вось і я з радасцю даведалася, што ў мяне ёсць добрая нагода напісаць пра жанчыну, з якой сустракаліся два гады назад. Тады Святлана Петрашэвіч, перадавая даярка малочна-таварнай фермы «Бараўцы» адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры», адзначалася на раённым злёце перадавікоў як лепшы работнік сельскай гаспадаркі. Прайшлі два гады, і вось яшчэ адна навіна: Святлана Юльянаўна ўзнагароджваецца Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта – за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Вілейскага раёна. Зноў раённы злёт перадавікоў, зноў урачысты момант, які не забудзецца.
За фразай «дзе нарадзіўся…», што ўжо даўно стала штампам і вядомая, напэўна, усім і кожнаму, схаваны глыбокі сэнс. Яно, відаць, так і павінна быць, каб кожны з нас прынёс карысць той зямельцы, на якой нарадзіўся, і каб глыбока-глыбока пусціў тут свае карані. У Святланы Петрашэвіч так яно і атрымалася. Нарадзіўшыся ў шматдзетнай сялянскай сям’і (бацькі гадавалі семярых дачок), дзяўчына, як і яе сёстры, з дзяцінства працавала. І дома, спрытна ўпраўляючыся з хатнімі справамі, і на ферме, дзе матуля была даяркай. Пасля школы, праўда, Святлана паехала ў Вілейку, закончыла тагачаснае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №124, аднак гарадской жыхаркай так і не стала – лёс падарыў сустрэчу з будучым мужам. Пажаніліся ў сярэдзіне дзевяностых, а час гэта быў няпросты. Святлана і Алег разумелі, што з уласным жыллём у горадзе перспектыва несуцяшальная, таму без ваганняў пераехалі ў «Нарачанскія зоры». Аб гэтым, дарэчы, Святлана Юльянаўна ніколі не пашкадавала.
Непрыкметна, у працы і штодзённых клопатах, праляцеў час, вось ужо і сярэбранае вяселле Петрашэвічы адзначылі два гады назад. За час сумеснага жыцця сваёй сумленнай працай нажылі ўсё, што трэба людзям, аднак галоўным багаццем лічылі і лічаць сваіх дзетак: Ігара, Вераніку, Пятра, Дашу і Максіма. У 2010 годзе жанчына атрымала галоўную ў сваім жыцці ўзнагароду – Ордэн маці. Сёння ўсе дзеці, акрамя школьніка Максіма, самастойныя і самадастатковыя, але па-ранейшаму галоўныя памочнікі бацькоў. Іх дружная сям’я стала яшчэ большай: ажаніўся Ігар, выйшла замуж Даша. Яны падарылі бацькам унучачку і ўнука, якіх бабуля з дзядулем вельмі любяць. Цяпер Святлана Юльянаўна з лёгкім і светлым сумам узгадвае, як прыбягалі яшчэ дзецьмі сыны і дочкі да яе на ферму, дапамагалі. Якраз так, як і некалі ў далёкім дзяцінстве дапамагала сваёй маме яна, Святлана…
Загаварылі пра вытворчыя справы, пра малочна-таварную ферму «Бараўцы», дзе жанчына працуе. На яе абслугоўванні пяцьдзясят дзве каровы, якіх жанчына старанна даглядае. Жывёла, зазначае, як і чалавек, любіць, калі да яе з ласкай ды цеплынёй, тады і надоі вышэйшыя. Праўда, на шляху да вялікага малака вельмі важна захоўваць тэхналагічныя і санітарна-гігіенічныя патрабаванні машыннага даення і, канешне ж, паўнацэнны рацыён жывёлы, яе належны догляд. Як адзначыў непасрэдны начальнік Святланы Петрашэвіч, загадчык фермы Аляксандр Чабатар, усё гэта вопытны аператар машыннага даення выконвае, таму і вынікі яе працы радуюць. Святлана Юльянаўна стала лідарам у працоўным спаборніцтве за мінулы год. Ад замацаваных за ёй кароў жанчына атрымала 451,9 тоны малака, што складае 104,8 працэнта да ўзроўню 2019 года. Дарэчы, рэалізавана малако гатункам «экстра».
Надой на карову склаў 8690 кілаграмаў, што перавысіла паказчык 2019 года на 558 кілаграмаў. Ад ста кароў Святлана Петрашэвіч атрымала 90 цялятак, што больш на адну галаву, чым за папярэдні год, захаванасць жывёлы склала 98 працэнтаў.
За гэтымі, на першы погляд, сухімі лічбамі – няпростыя штодзённыя клопаты добрасумленнай працаўніцы, дбайнай гаспадыні, жонкі, маці і проста добразычлівай жанчыны, якую ад усяго сэрца віншуем з узнагародай.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома Святланы ПЕТРАШЭВІЧ