З раніцы неба нахмурылася, схавалася зыркае сонца і ўжо нават здавалася, што вось-вось пойдзе такі жаданы дождж. Аднак надвор’е ўлетку мяняецца так хутка, як і настрой жанчыны – і вось ужо зноў прыпякае сонца, а нашы надзеі на дожджык нібыта выпарыліся пад яго гарачымі промнямі.
Ля канторы філіяла «Бубны» УП Мінгаз» бязлюдна. Яно і не дзіва: у гэтую гарачую пару ўсе людзі заняты працай.
– Зараз увесь калектыў – ад кіраўніка да палявода – заняты нарыхтоўкай кармоў, – расказвае старшыня гаспадаркі Эдуард Яцкевіч. – Няпростая гэта справа і адказная. На сённяшнюю раніцу (9 чэрвеня) мы нарыхтавалі 1106,4 тон сенажу і 47 тон сена. А па кармавых адзінках у параўнанні з мінулым годам маем плюс 1,8.
Галоўны аграном гаспадаркі Валерый Карповіч – спецыяліст, можна сказаць, незаменны. На ім, як адзначыў старшыня, і вясновыя пасевы, і нарыхтоўка кармоў. Чалавек вопытны, кваліфікаваны, нераўнадушны, ён ахвотна паказвае палі,расказвае, што і як сёлета расце.
– Травы, пытаецеся, як? – перапытаў Валерый Станіслававіч. – Добрыя, аднак не лепшыя, чым былі летась. Як бы там ні было, а кармоў назапасім. Гадоў пяць-шэсць ужо не ведаем у іх недахопу, нават прадаём іншым гаспадаркам.
Праязджаючы паўз палетка буракоў, звярнула ўвагу на іх чысціню.
– Пакуль што на ўчастку не было чалавечка, так што ніхто не палоў, правялі толькі хімпраполкі.
І зноў разгаварылі пра галоўнае – пра кармы. У дзве змены, як адзначыць Валерый Карповіч, працуюць на касілцы, змяняючы адзін аднаго, Мікалай Крупскі і Уладзімір Анішчанка.
– Не гуляе трактар, за суткі выпрацоўвае 3-4 нормазмены, – адзначыў галоўны аграном.
Мікалая Крупскага сустрэлі на мехдвары. Касілцы спатрэбіўся невялікі рамонт, на які вопытнаму трактарысту хапіла літаральна некалькі хвілін, і вось трактар зноў бярэ курс на поле.
– А вунь і яшчэ адзін працавіты дуэт, – паказаў Валерый Карповіч туды, дзе на сенажацях шчыравалі КЗР-10. – Пётр Войніч, наш знакаміты механізатар, які практычна адзін закрыў сёлета сяўбу, а зараз з сеялкі перасеў на КЗР, і яго швагра, таксама прыкладна працаўнік,Уладзімір Юшкевіч.
Не з вялікай ахвотай спынілі працу механізатары і вадзіцелі аўтамашын, не да размоў ім цяпер. Але ж згадзіліся сфатаграфавацца і нават расказалі пра ласіху, якая спакойна адпачывала ў траве ў пачатку поля і на тэхніку – нуль увагі!
Валянцін Дубаневіч і Пётр Сіплівы заняты зараз сваёй справай: Пётр варочае і зграбае сена,, а яго напарнік заняты прэсаваннем.
Кругласутачна ідзе ўтрамбоўка зялёнай масы ў сянажных траншэях. Тут шчыруюць Андрэй Верамей і Дзяніс Сватко. На дзень нашага прыезду працаваў Андрэй.
– Старанны механізатар, з Вілейкі пераехаў да нас, атрымаў жыллё і працуе, – ахарактарызаваў механізатара галоўны аграном і тут жа паказаў на яшчэ аднаго мужчыну ля сянажнай ямы: – А гэта брыгадзір Эльшан Ісрафілаў, а па-нашаму проста Эдзік. Жыў некалі ў Баку, а лёс звёў з беларускай дзяўчынай. Пажаніліся, жывуць у нас. Працавітая сям’я, добрая.
Брыгадзір, пачуўшы гэта, усміхнуўся:
– Людзі тут добрыя, а гэта самае галоўнае.
Сапраўды, падумалася, чулыя, спагадлівыя, працавітыя людзі – наша багацце. І героі гэтай публікацыі з «Бубнаў» – яскравае таму пацвярджэнне.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара







