Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«… зоры», што асвятляюць Вілейшчыну

Самым значным святам на зыходзе лета па праву лічыцца Спажа, якую мы адзначаем 28 жніўня.

«Спажа – хлеба дзяжа» кажуць у народзе, падкрэсліваючы тым самым, што ў гэты час людзі ўжо мелі збожжа новага ўраджаю. Думаю, нездарма працаўнікі ААТ «Нарачанскія зоры» абралі менавіта гэты дзень, каб разам адсвяткаваць вельмі важнае для іх свята – «Дажынкі».

Глядзельная зала мясцовага Дома культуры ледзь умяшчала ўсіх тых, хто прыйшоў на ўрачыстасць. Людзі прыйшлі цэлымі сем’ямі, і гэта яскрава пацвярджала важнасць мерапрыемства. «Ой, хлопчыкі, дзяўчыначкі, вітаюць вас «Дажыначкі»! – гучала фонам запрашальнае, пакуль нарачанцы ўладкоўваліся ў зале. Сярод гледачоў – і раённае кіраўніцтва: старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Бегунец, першы намеснік старшыні Анатоль Завацкі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Брыль. Павіншаваць нарачанцаў, а ў іх асобе ўсіх працаўнікоў хлебнай нівы Вілейшчыны, прыехаў і старшыня Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў.

І вось ён, хвалюючы момант: на сцэне кіраўнік ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко ўручае старшыні раённага выканаўчага камітэта Алегу Бегунцу хлебны каравай са збожжа новага ўраджаю. Уручае беражліва, з хваляваннем, як самую дарагую рэліквію…
– Здаецца, зусім нядаўна мы праводзілі ў вашай гаспадарцы «Зажынкі», – звярнуўся да прысутных у зале Алег Бегунец. – А сёння вось ужо і «Дажынкі» святкуем.

Цёпла павіншаваўшы ўсіх, хто мае дачыненне да жніва, старшыня райвыканкама шчыра падзякаваў ім за сумленную працу і яе дастойныя вынікі. А яны і сапраўды дастойныя: унёсак «Нарачанскіх зораў» у агульным караваі Вілейшчыны складае 15 працэнтаў.

Уражваюць і іншыя лічбы – агульны намалот нарачанцаў – больш за сем тысяч тон збожжа, а ўраджайнасць – 41,5 цэнтнера з гектара. Што тут скажаш, дастойныя паказчыкі працы. Адсюль і дастойная зарплата, дастойнае жыццё вяскоўцаў, у чым кожны раз пераконваешся, бываючы ў Нарачы. Мясцовая гаспадарка і ўсё, што з ёй звязана, – яскравае сведчанне таго, што тут кіпіць жыццё, і гэта самае важнае. Менавіта пра гэта гаварыў, віншуючы хлебаробаў, Мікалай Лабушаў. А яшчэ пра тое, што кіраўнік «Нарачанскіх зораў» Генадзь Кучко з тых, хто паважліва, клапатліва і з любоўю адносіцца да працаўнікоў гаспадаркі. Урэшце, гэта ўсё чулася і падчас урачыстасці, калі Генадзь Мечыслававіч звяртаўся да працаўнікоў гаспадаркі, дзякуючы ім за шчырую працу. Падзячныя словы адрасоўваліся камбайнерам і вадзіцелям, працаўнікам зернесушылак і складоў – усім-усім, хто гэтыя два дзясяткі дзён (а менавіта столькі ішло ў гаспадарцы жніво) жыў агульным для ўсіх клопатам. А яшчэ кіраўнік гаспадаркі не прамінуў падзякаваць усім тым, хто ў гэтыя адказныя дні дапамагаў на ўборачнай.

Расказваючы пра гаспадарчую дзейнасць ААТ за сем месяцаў гэтага года, Генадзь Кучко прывёў красамоўныя лічбы. Вытворчасць валавай прадукцыі склала больш за 9 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак складае 1170000 рублёў, сярэдняя зарплата працуючых 1165 рублёў (летась за адпаведны перыяд яна была 887 рублёў). У дзень гаспадарка здае па трыста тон малака. Вось яны, крыніцы, з якіх атрымліваюць прыбытак, які ідзе на развіццё і ўмацаванне матэрыяльнатэхнічнай базы. Што датычыць жніва, то перадавы экіпаж Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў намалаціў 1377 тон збожжа, Руслан Садоўскі і Уладзімір Куліцкі маюць на сваім рахунку 1305 тон, а ў Андрэя і Паўла Садоўскіх – 1158 тон.
Закончыўшы жніво ў сваёй гаспадарцы, нарачанцы дапамагалі «Стайкам», дзе ўбралі практычна ўвесь рапс. Найважнейшыя задачы на сёння – пасеяць азімыя, ўбраць кукурузу, што трэба зрабіць у найкарацейшы тэрмін. Значыць, наперадзе новыя справы і новыя рубяжы, якія будуць узяты. А пакуль – свята, і прыемна было бачыць у зале столькі знаёмых твараў, асветленых гэтым урачыстым момантам, увагай і ўдзячнасцю. Было многа заслужаных узнагарод, падарункаў, кветак, а пасля ўрачыстасці працаўнікоў чакалі яшчэ і грашовыя прэміі, пра якія расказаў са сцэны Генадзь Кучко.

Пасля ўрачыстага мерапрыемства і выступлення самадзейных артыстаў Вілейшчыны, нарачанцаў чакаў дарагі музычны падарунак – выступленне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, дацэнта кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI склікання Ірыны Дарафеевай. Разам са знакамітай спявачкай прыехалі і выступілі яе вучні, маладыя артысты. За гэты запамінальны музычны падарунак хлебаробы шчыра ўдзячны Беларускаму рэспубліканскаму прафсаюзу працаўнікоў АПК.

Такім было важнае летняе свята ў «… зорах»,якія, без перабольшвання, асвятляюць усю нашу Вілейшчыну. Высокія словы? Не, рэальнасць.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries