Жніўная напружаная пара з цяжкімі працоўнымі буднямі завяршылася. Засекі гаспадарак
запоўніліся збожжам новага ўраджаю. Надышоў час падзякаваць хлебаробам і ўсім вяскоўцам за тое, што на нашых сталах будзе хлеб. Традыцыйна словы падзякі і пашаны ў адрас рупліўцаў хлебнай нівы гучаць на раённым свяце «Дажынкі», што сёння праходзіць у аграгарадку Любань.
Хлеб ніколі не бывае лёгкім. А ў гэтым годзе яшчэ і надвор’е дадало хваляванняў. Жніво запатрабавала вялікіх фізічных і маральных намаганняў. Непагадзь прыпыняла ўборку, спыняла працу ў полі, але, як гаворыцца, няма худа без дабра. Дзякуючы вільгаці, мы маем добры ўраджай кукурузы і кармавых культур, што забяспечыла жывёлагадоўлю дастатковай кармавой базай.
Хлеб для беларусаў – вялікае багацце. Ён аб’ядноўвае цэлыя пакаленні на працягу многіх стагоддзяў. Так было і так будзе. На сёння хлебаробы нашай рэспублікі годна завяршаюць жніво. Сабрана больш за шэсць з паловай мільёнаў тон збожжа. У адказ на настойлівую працу і дакладнае выкананне тэхналогій зямля падарыла людзям багаты ўраджай. Свой пасільны ўклад у агульны каравай унеслі працаўнікі Вілейшчыны. Са словамі шчырай падзякі мы звяртаемся да кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі, адзначаючы, што экзамен гэтага года на ўменне пераадольваць цяжкасці вытрыманы. Тэхніка, паліва, людскія і фінансавыя рэсурсы – усё неабходнае было аддадзена для вырашэння галоўных праблем вёскі. Дзякуючы адказнаму падыходу да справы, высокаму майстэрству, суладнай працы на ўсіх узроўнях гарантаваны харчовы дабрабыт нашага рэгіёну.
51,1 тысячы тон збожжа сабрана ў Вілейскім раёне. Атрымана сярэдняя ўраджайнасць збажыны – 20,5 ц/га. У летняй гарачай пары былі задзейнічаны 94 камбайнавыя экіпажы, 8 з якіх намалацілі больш за тысячу тон збожжа.
Сярод сельскагаспадарчых арганізацый самых высокіх паказчыкаў па ўраджайнасці дасягнулі хлебаробы ААТ «Нарачанскія зоры» – 41,5 ц/га, філіяла «Бубны» УП «Мінгаз» – 33,2 ц/га, ДСГУ «Вілейская сортавыпрабавальная станцыя» – 31,0 ц/га, ААТ «Чурлены» – 26,3 ц/га.
Лепшы вынік на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур – у сельскагаспадарчых арганізацый філіяла «Бубны» УП «Мінгаз» (дырэктар – Андрэй Бушмовіч), ААТ «Нарачанскія зоры» (дырэктар – Генадзь Кучко), ААТ «Чурлены» (дырэктар – Аляксандр Грымбоўскі). Неабходна адзначыць і шэраг лепшых работнікаў на ўборцы збожжавых, сярод якіх камбайнеры Аляксандр Гарэлік і Мікалай Гарэлік (ААТ «Нарачанскія зоры»), Уладзімір Батура і Васіль Батура (ААТ «Сцешыцы»), Іван Баравы (ААТ «Чурлёны»), вадзіцелі на адвозцы збожжа Пётр Мінін (ААТ «Новая Вілія»), Пётр Іватовіч (ААТ «Чурлёны»), Вячаслаў Маціеўскі (СУП «Усходні агра») і многія іншыя.
Актыўны ўдзел ва ўборцы збожжавых прымала моладзь. Лепшымі сталі камбайнеры Ігар Крот і Дзяніс Сільвановіч (СУП «Усходні агра»), Станіслаў Жыгалаў і Аляксандр Дуброўскі (РСУП «Першы Беларускі»), сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа – Аляксандр Казановіч (ААТ «Чурлёны») і шматлікія іншыя працаўнікі сельскай гаспадаркі.
Вынікі падведзены, аснова новага ўраджаю таксама закладзена, а значыць, у кожнага беларуса будзе на стале галоўнае «золата» – духмяны хлеб.
Са святам, хлебаробы!
Сяргей ГАНЧАР