Прайшло дваццаць пяць год з таго часу, як Ала Аляксандраўна з сям’ёй пасялілася ў Сцешыцах, вымушана пакінуўшы рэгіён, пазначаны чарнобыльскім попелам. На яе памяці гаспадарку не ліхаманіла. У менталітэце «Сцешыц» заўсёды прысутнічала адметная стабільнасць, а ў настроі працаўнікоў гаспадаркі – паважны спакой. Які аднак не трэба атаясамляць з заспакоенасцю. Бо лічбы развіцця сведчаць аб імкненні ўдасканальвацца, акрэсліваць напружаныя перспектывы, фарсіруючы штогод новае ўзыходжанне. Так паводзіць сябе вопытны альпініст, выбіраючы шлях да вышынь ўласнаручна пракладзенага маршруту. Сёлета валавы намалот збажыны ў гаспадарцы, без уліку кукурузы, склаў 4332 тоны, больш чым на тысячу пераважыўшы мінулагодні. Ураджайнасць крыху не дацягнула да сарака цэнтнераў. Такі рост быў спрагназаваны загадзя. І падмацаваны эканамічнымі разлікамі, заснаванымі на прымяненні сучасных тэхналогій у раслінаводстве, інтэнсіўных метадах гаспадарання. Па сведчанні галоўнага эканаміста Святланы Лубнеўскай, рэнтабельнасць продажаў у гаспадарцы склала, па выніках дзесяці месяцаў, 7,1 працэнта, пераўзыйшоўшы запланаваны прагноз. Дарэчы, гэты паказчык уведзены ў справаздачнасць з пачатку года. А між тым, ён найбольш красамоўны, паколькі вымушае лічыць «жывыя» грошы, характарызуючы адносіны прыбытку ад рэалізацыі да выручкі, атрыманай у выніку збыту прадукцыі. На гэты час акцыянернае таварыства «плюсуе» па малаку: надой ад каровы, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага году, узрос на 1,1 кілаграма. Дзяржава, увёўшы 50-працэнтныя надбаўкі за прададзенае малако, аказала значную падтрымку сельгасвытворцу. І гэта акалічнасць, разам з павялічэннем аб’ёму вытворчасці і таварнасці малака, адбілася станоўча і на рэнтабельнасці прадаж. Жывёлаводы «Сцешыц» пацвярджаюць неаспрэчную ісціну, здымаючы малочны прадукт, што называецца, у каровы з языка. У рацыён жывёлы ўключаюцца рапсавы жмых, канцэнтраты. Як кажуць, тэхналогія плюс чалавечы фактар. Тут сапраўды задзейнічана і тое, і другое. Традыцыйных кармоў у гаспадарцы назапашана па 34,1 цэнтнера на ўмоўную галаву жывёлы (плюс 4,25 – да мінулагодняга). Малочны канвеер – бесперапынны, здольны круглы год папаўняць гаспадарчую касу. Таму «Сцешыцы» мяркуюць павялічыць дойны статак. І ўжо гатовы новы праект на яшчэ адну ферму буйной рагатай жывёлы.
Без навацый няма развіцця – у гэтым перакананы кіраўнік акцыянернага таварыства Віктар Каляда. Таму ў гаспадарцы штогод абнаўляецца і папаўняецца машынна-трактарны парк, расце пагалоўе жывёлы. Статак буйной рагатай, у параўнанні з леташнім, павялічыўся на 135 галоў, аналагічны прырост адзначаны і на свінафермах. Збожжаўборачны камбайн, глебаапрацоўчы агрэгат з дыскамі, чатыры трактарныя прычэпы, 2 прэс-падборшчыкі – гэта далёка не поўны пералік тэхнікі, набытай у апошнія два гады. За ўласныя сродкі і ў лізінг. Апошні зручны з пункту гледжання адтэрміноўкі плацяжоў – і гаспадарка шырока ім карыстаецца.
У асобе кіраўніка ўдала пераплятаюцца малады тэмперамент і грунтоўнасць ужо набытага кіруючага вопыту. Хоць мне падаецца, лідарам трэба нарадзіцца. Менавіта з геннымі каранямі закладваецца ў чалавеку патэнцыял самавыяўлення. І дапаўняецца затым ведамі, навыкамі, жыццёвай практыкай. Узрост сам па сабе не можа сведчыць ні «за», ні «супраць». І калі ў «Сцешыцах» сёння адзначаюць сапраўды лідарскія якасці кіраўніка, маладосць не служыць крытэрыем яго ацэнкі як асобы. А вось шырокі кругагляд, дасведчанасць Віктара Каляды, яго тактоўнасць у адносінах з людзьмі, як і ўменне ісці на апраўданую рызыку, адзначае большасць з тых, каго мне давялося сустрэць падчас наведання акцыянернага таварыства.
Гэта «Сцешыцам» выпаў сёлета гонар вызначыцца адразу ў дзвюх намінацыях раённага спаборніцтва – корманарыхтоўках і ўборцы ўраджаю збожжавых культур.
…Дзень выдаўся сапраўдны восеньскі. З пранізваючым ветрам і рэдкімі кроплямі дробнага дожджыку. Апошні больш нагадваў выпарэнні з бухматых, нізка ссунутых над зямлёю аблокаў. Пасля напружанага імпэту ўборачнай пары палеткі ўражваюць нязвыклай цішынёй, выклікаючы ў душы незразумелы настальгічны сум. Спакой і на мехдвары. Леанід Віркоўскі, адзін з лепшых механізатараў акцыянернага таварыства, закручвае гайкі на сваім «МТЗ», які выдатна паслужыў яму мінулай вясной. Звыш пяцісот гектараў ворыва пад яравую сяўбу падрыхтаваў Леанід Іванавіч на сваім жалезным коніку. Але і цяпер не ставіць яго на кансервацыю. У гаспадарцы поўным ходам вядзецца вывазка арганікі. Толькі ўчора (сапраўды перадсвяточная падзея – М.К.) атрымаў новы прычэп да свайго «Беларуса». З тых, нядаўна набытых. І адразу ж зрабіў на ўдасканаленым агрэгаце 12 рэйсаў, вывезшы на палеткі каля 150-ці тон арганічных угнаенняў.
На складах Ірыны Лазар – таксама зацішша. Адзіны клопат кладаўшчыка – захаванне ў памяшканнях адпаведнага мікраклімату і, безумоўна, кантроль за станам засыпанай у засекі збажыны. Тут захоўваюцца 200 тон насення кукурузы, 107 – насеннага ячменю, увесь збожжавы фураж. У складской гаспадарцы Ірыны Казіміраўны – запчасткі да тэхнікі, ядахімікаты.
– Вунь колькі ў мяне памяшканняў, – акрэслівае рукой нябачную рысу па перыметру гаспадарчага двара кладаўшчыца. Уладанні і сапраўды ўражальных памераў. Кідаецца ў вока прыбранасць тэрыторыі. Усё, што трэба, складзіравана, падмецена, выглядае дыхтоўна, акуратна, што называецца, па-сцешыцку.
А Вольгу Варзар, загадчыцу мясцовай малочнатаварнай фермы, удалося застаць дома: быў якраз час абедзенага перапынку. На кідкай улетку сядзібе адзінока вылучаецца куст тлеючага сінім вуголлем бабінага лета. Вяргіні даўно дагарэлі і выкапаны з каранямі перад першымі лістападаўскімі замаразкамі. Вольга, аб чым сведчыць і прозвішча, – не мясцовая. Сям’я пераехала ў Сцешыцы з далёкага Казахстану. Не ўдаючыся ў матывацыю такой глабальнай перамены ў месцы жыхарства, адзначаю задаволенасць і нейкую ціхую радасць у вачах маладой жанчыны. Вольга і сама пацвярджае, што ўсе перамены ў яе жыцці – да лепшага. Ёсць дом сядзібнага тыпу і кавалак зямлі. Яго сям’я ўладкоўвае, згодна ўласным уяўленням аб эстэтыцы і зручнасці. Побач – добрыя суседзі. І штодня чакае калектыў, які таксама склаўся. Аб чым сведчаць паказчыкі яго работы: штодзённы надой на карову вагаецца ў межах 13-14 кілаграмаў. І гэтаму нямала спрыяюць умовы працы: на ферме, пасля рэканструкцыі, – мабільная кормараздача, малакаправод. Ёсць у калектыве ўзаемаразуменне, прысутнічае тая непадробная, шчырая добразычлівасць, якая і павінна быць паміж людзьмі, з’яднанымі агульнай справай і лёсам.
А ў Сцешыцах сэрца цешыцца – зрыфмаваў некалі адзін з вілейскіх паэтаў. І, – як у ваду глянуў. Сярод добрых людзей, на фоне бачных перамен, сапраўды ўтульна і ўцешна чалавечым сэрцам.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
«Жывыя» грошы ААТ «Сцешыцы»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов





