Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыццёвая дарога – да роднага парога

На раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі, які прайшоў нядаўна, у ліку перадавых у сваіх сферах спецыялістаў ушаноўвалася і аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы «Рабунь» сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства Усходні-агра» Валянціна Філістовіч.

Пра што думалася жанчыне ў гэтыя ўрачыстыя моманты, што прыгадвалася?

Дзіўная ўласцівасць ёсць у нашай памяці – віртуальна вяртаць нас у мінулае, будзіць некалі перажытае, ажыўляць пачуцці. Вось і Валянціна Філістовіч, седзячы ў зале Палаца культуры, а затым прымаючы на сцэне ўзнагароду за працу з рук старшыні райвыканкама Алега Бегунца, паспела прыгадаць многае са свайго жыцця. І ў чарговы раз пераканацца, што іншага сабе ніколі і не жадала.

Да працы яна прызвычаілася рана. Яно і зразумела, бо нарадзілася і вырасла ў вёсцы, заўсёды дапамагала бацькам па гаспадарцы, з дзяцінства мела свае абавязкі. Акрамя таго, штолета дзяўчынка збірала ягады, каб на выручаныя за іх грошы купіць сабе ўсё неабходнае да школы. З таго часу і да сёння ў сезон знаходзіць Валянціна Вікенцьеўна час на гэты нялёгкі, але даволі распаўсюджаны спосаб атрымаць дадатковы даход у сямейны бюджэт. Праўда, у дзяцінстве з гэтым было прасцей: вёсачка Паняцічы, дзе Валянціна нарадзілася, кругом атулена лясамі, выйшаў з хаты – і збірай чарніцы. А вось ад Рабуні, дзе жанчына жыве зараз, да лесу трэба яшчэ даехаць…

Пасля заканчэння сярэдняй школы дзяўчына вырашыла стаць будаўніком, таму падалася ў Маладзечанскае вучылішча набываць прафесію маляра-тынкоўшчыка. У Вілейку на будоўлю прыехала ўжо спецыялістам.

– А тут і лёс свой сустрэла, – усміхнулася жанчына. – Было вось як. Мая сяброўка, разам з якой працавалі на будоўлі, сустракалася з хлопцам. А таго на спатканні іншы раз падвозіў сябра. Так мы і пазнаёміліся з Мішам, пачалі сустракацца.

Неўзабаве маладыя пажаніліся, жылі на здымнай кватэры, але, як і кожную сям’ю, іх хвалявала пытанне свайго жылля. У Вілейцы на той час перспектывы хуткага вырашэння гэтай праблемы яны не бачылі, таму, усё добра ўзважыўшы, вырашылі пераехаць у Рабунь, на бацькаўшчыну Міхаіла. Тады ж, у далёкім ужо 1995-ым, прыйшла Валянціна на мясцовую ферму, дзе адпрацавала болей за пятнаццаць гадоў. А затым быў вымушаны перарыў…

– Так склалася, што ў мяне пачаліся праблемы з пазваночнікам, і па гэтай прычыне я атрымала групу інваліднасці, праўда, рабочую, – прыгадвае мінулае Валянціна Вікенцьеўна. – Пакуль ездзіла, афармляла ўсе неабходныя дакументы, наслухалася розных «страшылак»…

Пабыла крыху дома і хутка зразумела, што сядзець без справы – не маё, бо адчуваеш сябе яшчэ горш. Таму ўладкавалася працаваць у ДРОЦ «Надзея-XXI стагоддзе», дзе некалькі гадоў была пакаёўкай. І ўвесь гэты час, прызнацца шчыра, думала пра сваю ферму… Таму і вырашыла вярнуцца. Памятаю, прыйшла да кіраўніка гаспадаркі Анатоля Апанасевіча і кажу: «Вазьміце, Вікенцьевіч, мяне назад…» І мяне ўзялі. Прыйшла на ферму, дзе за гады маёй адсутнасці ўжо памяняліся кароўкі і ад маіх засталася толькі адна… Такім быў мой другі прыход на ферму ў 2018ым. Добры калектыў даярак, шчырыя адносіны ў калектыве – усё гэта пацвярджае, што я на сваім месцы, сярод дарагіх мне людзей. Мы ўсе аб’яднаны агульнай задачай – працаваць як мага лепш і каб наша малачко было толькі належнай якасці. Так і атрымліваецца, здаём яго класам «экстра». Ну, а што датычыць здароўя, то любімая работа – гэта нібыта лякарства ад розных балячак. Ва ўсякім разе мне так здаецца.
Рабунь. Яна стала другой маленькай радзімай для Валянціны Вікенцьеўны. Тут нарадзіліся, выраслі і пайшлі ў самастойнае жыццё трое іх з Міхаілам Пятровічам дзяцей; тут сямейнае гняздо Філістовічаў – кватэра, у свой час прадастаўленая мясцовай гаспадаркай; тут калегі па працы і ферма, якая стала жанчыне роднай.

– Бываючы цяпер іншы раз у горадзе, адчуваю, як мне хочацца дамоў, як не хапае мне сельскага прастору, – падзялілася Валянціна Вікенцьеўна. – А некалі ж збіраліся жыць у горадзе….

Жыццё мудра распарадзілася іх лёсам і прывяло ў Рабунь. І аб гэтым Філістовічы ні разу не пашкадавалі.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries