Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Жніво выпрабоўвае хлебаробаў

Сёлета надвор’е выпрабоўвае нашых хлебаробаў, што называецца, па поўнай. Мала таго, што з-за кліматычных умоў самая важная сельскагаспадарчая кампанія – уборачная, перанеслася тыдні на два пазней, дык і ў ходзе яе хапае ўсяго. Што ж зробіш – чалавек не ў сілах кіраваць нябеснай канцылярыяй. А вось падладжвацца да яе, выкарыстоўваць кожнаю пагодлівую гадзіну –  проста абавязаны. Інакшага хлебаробам проста не дадзена.

IMG_0108
(Злева направа) Аляксей Анасовіч, Аляксандр Мікуліч і галоўны аграном Аляксандр Ярашонак на полі

У СУП «Усходні-агра» мы наведаліся няхай сабе пахмурным, але не дажджлівым днём.  Разам з галоўным аграномам Аляксандрам Ярашонкам узялі курс на вёску Сліпкі , непадалёк ад якой на ячменным полі шчыраваў перадавы экіпаж у складзе вопытнага камбайнера Аляксандра Мікуліча і яго маладога памочніка Аляксея Анасовіча.

– На жніве ў нас было занята шэсць камбайнавых экіпажаў, – расказаў пра тое, што хвалюе зараз болей за ўсё, Аляксандр Ярашонак. – зараз два з іх працуюць у «Новай Любаніі», дапамагаюць убіраць суседзям. У нас жа недзе каля 90 гектараў засталося, гэта пры спрыяльным надвор’і на дні два-тры працы…

IMG_0095
Вадзіцель Вячаслаў Маціеўскі

У дажджлівыя ж дні, падзяліся Аляксандр Іванавіч, камбайнеры не сядзяць без справы – пераглядаюць-падладжваюць свае магутныя машыны, каб потым у полі не даводзілася спыняцца на рамонт.

Вось яно, ячменнае поле, і знаёмая карціна: магутны камбайн плаўна «падплывае» да машыны, і залаты паток збожжа пераліваецца ў кузаў.

– На рахунку гэтага камбайнавага экіпажа 920 тон намалочанага збожжа, – расказаў аграном, – так што Мікуліч з Анасовічам на сёння нашы перадавікі. Яно і зразумела: вопыт (а за плячыма Аляксандра Мікуліча вунь колькі такіх уборачных!) у садружнасці з маладым запалам і цягай да ведаў (Аляксей Анасовіч не толькі ўдарна працуе, а яшчэ і вучыцца на інжынера) даюць добрыя вынікі. Абодва людзі мясцовыя – надзейныя, працавітыя, з гаспадарскай жылкай. А вадзіцель аўтамабіля, дарэчы, таксама адзін з лепшых – Вячаслаў Маціеўскі, на рахунку якога болей за тысячу тон перавезенага збожжа. Сёлета, дарэчы, агульны каравай нашай гаспадаркі абяцае быць большым за леташні, а ўсё роўна хочацца яшчэ большых поспехаў.

IMG_0099
Перадавы экіпаж камбайнераў СУП “Усходні-агра” ў складзе Аляксандра Мікуліча і Аляксея Анасовіча

Назіраць за тым, як працуюць перадавікі гаспадаркі, і слухаць расказ кампетэнтнага спецыяліста пра ход жніва і яго ўдзельнікаў (прагучалі і прозвішчы перадавых камбайнераў Ігара Крата і яго памочніка Аляксандра Філістовіча, якія зараз працуюць у «Новай Любаніі») можна доўга. Але ж час прыспешваў: хапае клопатаў у нашых субяседнікаў і ў нас нямала спраў. Ды і неба пагрозліва цямнела, гатовае вось-вось сыпануць дажджом, якога цяпер так не хацелася.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 21 queries