Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жніво ў «Новай Віліі»

У кіраўніка сельгаспрадпрыемства  клопатаў у гэтую жніўную пару хапае.  Не бывае без спраў і ў іншы час, а ўжо цяпер… Дырэктара ААТ «Новая Вілія»  Андрэя Праташчыка ў канторы не засталі. – Хутчэй за ўсё недзе ў дыспетчарскай ці на полі, – падказалі спецыялісты. – Не той цяпер час, каб у кабінеце сядзець. І сапраўды, кіраўнік быў у  дыспетчарскай, гутарыў з прадстаўнікамі  раённага аб’яднання прафсаюзаў. Абмяркоўвалі, як здагадалася, надзённыя пытанні харчавання, належных умоў гігіены для механізатараў. Усё гэта таксама важныя моманты жніва.

DSCF7560 DSCF7548 DSCF7551 DSCF7557

Праз хвілін колькі машына дырэктара ўжо везла нас на поле ля Сядзіцы, дзе ў гэты момант працаваў экіпаж перадавога камбайнера Уладзіміра Грыпініча. – Наша гаспадарка першай у раёне закончыла ўборку рапсу, – расказваў па дарозе Андрэй Праташчык. – Яго ў нас было 250 гектараў. Ураджайнасць культуры  вышэйшая ў параўнанні з мінулым годам. Цяпер прыступілі да ўборкі трыцікале. А ўвогуле ў нашай гаспадарцы  каля трох тысяч гектараў зерневых.

За вакном праплылі палеткі, занятыя кукурузай, а таксама гароднінай – морквай, буракамі, бульбай. І на гэтым спецыялізуецца гаспадарка. «КЗС-1218» Уладзіміра Грыпініча ўбачылі здалёк – ён плаўна падплываў да краю поля, дзе яго ўжо чакаў на машыне вадзіцель Аляксандр Мандрык.  – З поўным бункерам ідзе, зараз прыпыніцца, будзе засыпаць у машыну, – растлумачыў Андрэй Анатольевіч, і мы зразумелі, што ў камбайнера будзе хвіліна, каб перакінуцца словам-другім. Уладзімір Грыпініч – механізатар заслужаны, вядомы не толькі ў сваёй гаспадарцы. Прафесіянал сваёй справы і сумленны, адказны чалавек. Сёлета сабе ў памочнікі Уладзімір Яўгенавіч узяў маладога практыканта, навучэнца Мар’інагорскага каледжа Рамана Цырука.

Кожны з гэтага дуэта, як высветлілася,  задаволены сваім напарнікам. Працуецца, адзначылі, камфортна. – Сёлета надвор’е крыху перанесла ўборачную на пазнейшыя тэрміны, – разважліва сказаў Уладзімір Грыпініч. – У мінулыя гады ў такі час былі недзе ў самым разгары. Ды нічога, управімся.  На сёння на рахунку нашага экіпажа 260 тон збожжа. Каб толькі надвор’е спрыяла… Кораценька пагаварылі з Уладзімірам Яўгенавічам пра тэхніку (камбайн, што працуе шосты сезон, перабраны працавітымі рукамі камбайнера да драбніц), пра сям’ю (двух сыноў гадуе механізатар з жонкай-педагогам, так што, думаецца, падрастаюць добрыя памочнікі бацьку), пра садаводства, якім з задавальненнем ён займаецца… Але ж за справу. І вось у кузаў машыны паліўся чарговы паток бурштынавага зерня, папаўняючы асабісты  ўнёсак у жніво камбайнавага экіпажа Уладзіміра Грыпініча.

Ірына БУДЗЬКО. Фота Аляксея КАМІНСКАГА                                                                                                                                                                                                                      

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries