Гэта сапраўды так. І для многіх хлебаробаў быць у лідарах – ужо шматгадовая традыцыя. Бываючы на палях у час гарачай жніўнай пары, з году ў год сустракаеш ужо добра знаёмых людзей – тых, хто зусім не выпадкова трапляе ў кагорту перадавікоў, а дзякуючы сваім прафесіяналізму, сумленнай працы, гаспадарскім адносінам да справы. А справа гэта ой якая нялёгкая, як кажуць, да сёмага поту, з ранку да вечара.
У кожнай гаспадарцы ёсць такія людзі, якім хочацца ў пояс пакланіцца (і гэта не проста прыгожыя словы) за іх працу. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Новая Вілія” – таксама. І сёння хочацца расказаць пра дваіх з іх.
Пётр Седы
Па прафесіі ён вадзіцель. Свой працоўны шлях Пётр, які нарадзіўся ў вёсачцы Язні, пачынаў да арміі ў мясцовай гаспадарцы. Як кажуць, круціў баранку хлопец, вазіў розныя грузы. Пасля арміі не стаў шукаць лёгкага хлеба недзе далёка, а зноў вярнуўся на бацькаўшчыну. Тут сустрэў сваё вялікае каханне – настаўніцу Ірыну. Маладыя пажаніліся, стварылі дружную і моцную сям’ю, выгадавалі дзвюх дачок і сына.
– Недзе з канца дзевяностых гадоў пачаў я ў час жніва перыядычна садзіцца на камбайн, а з 2010 года камбайнерам станаўлюся кожную ўборачную, – расказаў Пётр Вячаслававіч. – Ёсць і поспехі – практычна штогод у ліку перадавікоў не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і па раёне.
Сёлета памочнікам ў Пятра Вячаслававіча працаваў яго сын Яўген. Разам яны і дасягнулі поспехаў, стаўшы лідарамі сярод камбайнавых экіпажаў. Давялося быць на полі падчас віншавання сямейнага экіпажа з першай намалочанай імі тысячай тон збажыны. Прыемна было назіраць за імі, бацькам і сынам, калі яны прымалі заслужаныя віншаванні. З якой цеплынёй і гонарам глядзелі яны адзін на аднаго, колькі клопату пра блізкага чалавека чыталася ў позірку кожнага! Ці не таму і ладзяцца справы ў сямейных экіпажаў? Напэўна.
Уладзімір Батура
Сям’я Батураў на Вілейшчыне крыху болей за два дзясяткі гадоў. І ўжо літаральна адразу стала бачна, што людзі яны працавітыя, гаспадарлівыя, сумленныя. З першых гадоў працы Уладзімір Васільевіч паказаў сябе высокакласным прафесіяналам. Яго прозвішча штогод было і застаецца ў ліку перадавых механізатараў раёна. Праца хлебароба ацэнена высока – у свой час ён узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. А такой адзнакі трэба заслужыць.
Журналісцкая сцяжынка не адзін раз зводзіла мяне з Уладзімірам Батурам – кожную ўборачную ён у ліку лідараў сярод камбайнавых экіпажаў раёна. Прыемная дэталь: на працягу многіх гадоў памочнікам ў таты-камбайнера быў хтосьці з яго пяці працавітых дзяцей. Васіль, Крысціна, Вераніка, Ульяна, Ягор – усе яны радасць, надзея і гонар Уладзіміра Васільевіча і яго жонкі Таццяны Уладзіміраўны, якая працуе загадчыцай фермы “Камена”. Усе старэйшыя дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, выбралі свае жыццёвыя сцежкі: сын працуе майстрам на сталічным прадпрыемстве, дочкі абралі прафесіі выхавальніка дзіцячага садка, ваеннаслужачай і інжынера-праграміста. З бацькамі пакуль толькі сямікласнік Ягор, які, як расказаў Уладзімір Васільевіч, спіць і бачыць трактары ды камбайны… А што, магчыма, падрастае дастойная змена бацьку-механізатару.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара