Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жніво. Буслы. Прастор шырокі… Сельскагаспадарчы вытворчы філіял «Юнік-агра»

Сельскагаспадарчы вытворчы філіял «Юнік-агра»
рэспубліканскага вытворча-гандлёвага ўнітарнага
прадпрыемства «Малочны гасцінец» жыве сёння тым жа
галоўным клопатам, што і ўсе вяскоўцы – жнівом.

Няпростым стаў гэты год для хлебаробаў – з вясны засушыла, а цяпер, калі ідзе ўборка вырашчанага збожжа, дажджы даволі сур’ёзна перашкаджаюць гэтай важнай справе. Вось і напярэдадні нашага прыезду ў «Юнік-агра», дзяліліся мясцовыя жыхары, быў моцны дождж з ветрам, і цяпер трэба доўга чакаць, пакуль падсохне, і камбайнам можна будзе выйсці ў поле.

Перадавыя камбайнеры Аляксандр Русак (злева) і Уладзімір Кірык.

Фота Ірыны БУДЗЬКО

У адміністрацыйным будынку гаспадаркі нас сустрэла галоўны эканаміст Таццяна Белякова, якая і стала нашым гідам.
– Хоць яшчэ мокра, але камбайны ўжо выехалі да поля ля Аўсянікаў, дзе сёння будуць убіраць ячмень, – расказала Таццяна Георгіеўна. – На сёння (12 жніўня. –аўт.) у нас ужо ўбрана 67 працэнтаў плошчаў, якія былі заняты ячменем, пшаніцай, трыцікале, жытам. Каб пастаяла сухое надвор’е, дык управіліся б хутка. Ураджайнасць, вядома, не такая, якой хацелася б, але ж нічога не зробіш, неспрыяльным выдаўся год.
Едучы на поле, дзе камбайнавыя экіпажы збіраліся ўбіраць ячмень, мы гаварылі пра цяперашнія клопаты вяскоўцаў. Працуюць людзі, стараюцца не ўпусціць ні адной пагодлівай гадзіны. У гаспадарцы на жніве задзейнічаны чатыры зернеўборачныя камбайны. Працуюць і свае механізатары, і памочнікі са сталіцы.
– На сёння ў лідарах у нас экіпаж у складзе галоўнага камбайнера Аляксандра Русака і памочніка Уладзіміра Кірыка, на рахунку якіх 324 убраныя гектары і 740 тон збожжа, – расказала Таццяна Георгіеўна. – Толькі добрых слоў заслугоўвае і наш маладзёжны экіпаж Вадзіма Грабянька і Максіма Ваўка. Хлопцы намалацілі на сёння 700 тон збожжа.
Па дарозе да Аўсянікаў мы бачылі ўжо ўбраныя палеткі, некаторыя – поўнасцю падрыхтаваныя пад пасеў азімых. Адзначылі, што нядрэннай вырасла тут сёлета і кукуруза. А вось і ячменнае поле, дзе ў чаканні ўжо выстраіліся камбайны. Ля кожнага завіхаліся іх гаспадары, з нецярпеннем пазіраючы на неба. Пакуль што ясна, ярка свеціць сонейка, якое і высушыць учарашнюю вільгаць. А што дождж і сапраўды быў моцны, сведчыць вада, што стаіць у ніжэйшых мясцінах, ды там-сям сапраўднае месіва пад нагамі.
– Як працуецца? Нармальна, – адказалі на звыклае пытанне камбайнеры. – Толькі б вось надвор’е спрыяла… А так усё добра. І кормяць, дарэчы, смачна і каларыйна.
Напружаны, канешне, цяпер час, але ж так было і заўсёды будзе. Жніво – гэта вечнае, як само жыццё, паняцце, святая справа. Таму і не скардзяцца хлебаробы на напружаны рытм, на тое, што трэба працаваць, як кажуць, з самага ранку да позняга вечара. Галоўнае – бачыць плён гэтай працы: паток збажыны, што з бункера перасыпаецца ў кузаў машыны.
– Штодня кожнаму з камбайнераў рыхтуем зводкі, у якіх адлюстравана ўся інфармацыя аб тым, як экіпажы папрацавалі напярэдадні, – расказала Таццяна Белякова. – Таму людзі ведаюць і агульныя звесткі пра ход жніва ў гаспадарцы, і пра свой асабісты ўклад у гэту важную справу.

Лідар маладзёжных экіпажаў Вадзім Грабянёк. Фота Ірыны БУДЗЬКО

Кароткай, але вясёлай атрымалася ў нас «фотасесія» – камбайнеры жартавалі, перакідваліся вясёлымі рэплікамі. Вось, стараючыся быць стрымана-сур’ёзнымі (як-ніяк, пераможцы!) на хвілінку прыпыніліся ля свайго камбайна Аляксандр Русак і Уладзімір Кірык…А вот лідар маладзёжных экіпажаў Вадзім Грабянёк, спрытна падымаючыся ў кабіну, на імгненне застыў, гледзячы ў аб’ектыў. Хлопец, дарэчы, штодня ездзіць на працу са Сцешыц, а да гэтых мясцін прывык з дзяцінства, бо тут праводзіў многа часу ў бабулі з дзядулем. Цяпер вось працуе на камбайне, завочна вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе. Хто ведае, як складзецца яго жыццё далей… Дарэчы, і Аляксандр Русак, і Вадзім Грабянёк пакуль яшчэ нежанатыя, але абодва, як мне падалося, ужо маюць сур’ёзныя намеры на перамены ў жыцці. Што ж, няхай усё задуманае ажыццявіцца, а забалацкая зямля пабагацее ў бліжэйшай будучыні на яшчэ дзве моцныя і працавітыя сям’і
Калі вярталіся дамоў, міжволі залюбавалася прыгожай карцінай: на цюку спрасаванай саломы застаў бусел-прыгажун. Якраз, падумалася, як у Анатоля Грачанікава: «…Буслы спачылі за ракою на цёплых жнівеньскіх стагах».

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries