Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жаночае аблічча ААТ «Чурлёны»

У кабінеце загадчыцы фермы «Муляры», які, мяркуючы па развешанай на сценах нагляднасці, адыгрывае яшчэ і функцыю чырвонага кутка, было пуста. Ды і што тут рабіць гаспадыні, калі за сцяной натужліва гудзіць дойка і менавіта там вершыцца галоўная вытворчая дзея дня. І сённяшняга, і заўтрашняга, і таго, разлічанага на далёкую перспектыву, якую аднак пралічваюць спецыялісты акцыянернага таварыства «Чурлёны».

– Стася, ты дзе? – імкнучыся перакрычаць шум уключанага малакаправода гукае Таццяна Баравая, галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства, яна ж – адказная за ідэалагічную работу.
– Ну што ж Вы не папярэдзілі пра гасцей? – у кабінет уляцела мілавідная, усмешлівая жанчына ў расшпіленай ватоўцы. Пачала нешта паспешліва прыбіраць на сваім рабочым стале. Хоць наконт парадку на ім у мяне свае перакананні. Няхай сабе і спрэчныя. Але Станіслава Браніславаўна Кулак, па ўсім бачна, з імі пагаджаецца. Супакойваецца – і наша размова набывае патрэбны моманту кірунак. А ён у тым, што стаіць пярэдадзень жаночага дня. А мэта гэтай нашай сустрэчы – падрыхтаваць для газеты матэрыял аб слабай-моцнай палавіне калектыву акцыянернага таварыства «Чурлёны». У якой пераважаюць жывёлаводы, ну і вядома ж, адміністрацыйна-упраўленчы персанал.
…Спакваля чырвоны куток запаўняюць жанчыны, пакліканыя загадчыцай для знаёмства. Патрохі прывыкаючы адно да аднаго, мы размаўляем аб сваіх штодзённых жаночых праблемах, аб тым лёсе, які ў кожнай адметны, аднак, дзякаваць Богу, не пазбаўлены тых светлых і радасных момантаў, што ў цэлым і ствараюць жаночае шчасце. Не тое ілюзорна вечнае, мары пра якое, як правіла, разбурае жыццё. А самае што ні ёсць зямное. З выпрабаваннямі, цяжкасцямі, няздзейсненымі надзеямі… Парадокс у тым, што ў кантрасце цераспалосіцы кожнаму чалавеку наканавана знаходзіць пазітыў. І даражыць менавіта тым светлым, чыстым, што прыходзіць як узнагарода за цярпенне, за любоў і веру.
Мае суразмоўцы адбыліся ў грамадстве як асобы, у сем’ях – як жонкі і маці, у калектыве – як адказныя працаўніцы і надзейныя сяброўкі.
У Алены Грынцэвіч мала таго, што муж побач працуе, дык і сын Уладзімір пасля каледжа ўладкаваўся ў таварыстве аўтаслесарам.Спакайней, калі родныя людзі побач. А наогул, сем’і жывёлаводаў для Чурлён – хутчэй правіла, чым выключэнне. Святлана Сцепановіч – аператар у «Мулярах», муж падвозіць кармы на Золькаўскай МТФ. Таксама сямейны тандэм. Гісторыя іх саюза крыху незвычайная. Бо Святлану вымусіла з горада ў вёску падацца. Яна ўжо было зусім уладкавалася на гадзіннікавым заводзе. Сядзела на канвееры, ладзіла ў цыферблат нейкую дэтальку. Штодзень адну і тую ж. Праца аднастайная, ды, як кажуць, «не пыльная». Адправілі іх цэх аднойчы ў калгас, на палявыя работы. У той час шэфскія сувязі паміж горадам і вёскай усталяваліся як адметная рыса ў ліквідацыі істотных паміж імі адрозненняў. Святлана раз з’ездзіла ў Лыцавічы, другі. А пасля…
– Пакахала Віцьку – і засталася, – жартуе жанчына. – А ў гэтым жарце – вынік доўгага роздуму і ваганняў. Мажліва, не хацелася траціць нейкія набыткі, уласцівыя для гарадскога жыцця. Але перамагло адвечнае, жаночае, звязанае з эмацыянальным настроем душы. У Віктара была хворая маці, дзеля якой нават вялікім каханнем хлопец быў здольны ахвяраваць. Так на лыцавіцкай зямлі трыццаць год таму ўзнікла яшчэ адна маладая сям’я.
Аліна Будай па прафесіі ветфельчар. Працуе аператарам машыннага даення, паколькі матэрыяльна гэта больш выгадна. Ужо дзве дачкі дарослыя. Свой дом у аграгарадку. І калі Аліна Міхайлаўна выбірала сабе спецыяльнасць блізкую да жывёлагадоўлі, то Вера Бяроза наогул закончыла прафтэхвучылішча будаўнікоў. Давялося ёй займацца і зборкай дзіцячых бінокляў, калі ў Лыцавічах адкрыўся філіял «Зеніта». Старажылы памятаюць, што ў савецкія часы на гэтых землях узводзілася прадпрыемства па вытворчасці камбікармоў. Меркавалася, што яно забяспечыць мужчынскую занятасць, а жаночую – зенітаўскі філіял. Перабудова, грамадскі крызіс – усё гэта перакрэсліла планы тагачасных улад, перакруціўшы адначасова і людскія лёсы. Вера Бяроза лічыць, што кругаверць гэта здзейснілася ў спрыяльны для яе бок.
Каго не было на нашай сустрэчы, дык гэта Ларысы Давідовіч. Для яе надарыўся выхадны. Але загадчыца асабліва падкрэсліла, што Ларыса Васільеўна – мінулагодны лідар па надоях малака ў акцыянерным таварыстве… А пасля жанчыны яшчэ расказвалі пра сваіх маленькіх выхаванцаў – нованароджаных цялятак. Расказвалі з уласцівай ім жаночай замілаванасцю. І ўжо, нібыта між іншым, пра тое, што за поўнае захаванне пагалоўя маладняку, па выніках году даярка прэміруецца цяляткам. Стымул, прама скажам, істотны. І прымяняецца ён на ўсіх фермах акцыянернага таварыства.
Яшчэ адна з найбольш буйных – Іжская. Тут утрымліваецца больш двухсот галоў дойных кароў. Поўным ходам ідзе ўзвядзенне даільнай залы. Пасля таго, як будаўніцтва завершыцца, можна будзе павялічыць пагалоўе, – лічыць загадчыца фермы Таццяна Пятроўская. – А яшчэ – дабіцца належнай якасці малака.
Таццяна Мікалаеўна спяшалася на працу. Вось-вось павінны былі прыйсці даяркі на другую дойку. Трэцяя адбудзецца ўвечары. А першая пачынаецца а пятай гадзіне раніцы. Такі напружаны графік рабочага дня ў іжскіх жывёлаводаў. Таццяна дзеліцца, што яе сям’і было б намнога складаней, каб не дапамога старэйшага сына. Шасцікласнік, ён адводзіць у дзіцячы садок чатырохгадовага браціка і забірае яго пасля дадому. – Самастойны ён у нас, – з гонарам, на які здольна толькі маці, – вымаўляе Таццяна гэтыя словы.
…Восьмага сакавіка ў Лыцавіцкім Доме культуры будуць святкаваць жаночы дзень. На ўрачыстасць запрошаны народны ансамбль «Свята», вядомы ў рэспубліцы творчы калектыў. І гэта будзе падарунак працаўніцам акцыянернага таварыства, якія і складаюць яго другую палавіну. Стабільную, надзейную, прыгожую.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара.


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries