Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Збожжавы матыў «Алай зары»

– З пяці камбайнаў тры салому ў валкі кладуць. І толькі два – у распыл… Сёлета ўзвядзём новую ферму, патрэбнасці ў саломе вырастуць, – Мікалай Вайцяхоўскі, дырэктар «Алай зары», каментуючы сітуацыю на жніўным палетку, засяроджана за ёю назірае і на хаду дае свае кампетэнтныя ацэнкі:
– Жыта неблагое. Цэнтнераў па 30 дасць. Вільготнасць – працэнтаў 16-17. Адразу павязем на зернесклад, прапусцім праз КЗС…

Пяць камбайнаў, усе наяўныя ў ерхаўскай зоне ўзбуйненай гаспадаркі, жнуць на жытнім полі, дзе толькі нядаўна зроблена меліярацыя. Нядаўнія ліўні добра прамачылі сцебластой, сонца напякло – і палетак не бурштынавы, як звычайна, а шэравата-матавы. Збажына стаіць сцяной – і ўвачавідкі напаўняюцца бункеры.

– Вунь Ігар Саковіч міргае, – заўважае далёкі сігнальны агеньчык намеснік дырэктара таварыства па ідэалогіі Ірына Шупенька. А Браніслаў Шалуха ўжо ўключае рухавік свайго «МАЗа», прыпыненага на ўскрайку поля. Па чорных тарфяных пісягах, якім пазначаны жніўны палетак, самазвал, набіраючы хуткасць, імчыць да камбайна, постаць якога маячыць на адлегласці дзесьці за паў-кіламетра. І вадзіцель Аляксей Броўка, які нядаўна перайшоў у таварыства з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, застаецца чакаць сваёй чаргі.
– Ён спрытны ў нас, – усміхаецца ідэолаг. Не паспеў прыйсці, як ужо выбіўся ў лідары… Вунь Валерый Хоміч пад’язджае, – імгненна пераключае Ірына Шупенька ўвагу, спяшаючыся насустрач агрэгату. Яе мэта – вярнуць дзённікі камбайнераў з пазначанымі ў іх першымі вынікамі жніва.
– У мяне ўжо з рапсам 371 тона, – канстатуе Валерый , – адгарнуўшы старонку. – Летась было больш тысячы. – Ён сапраўды ў мінулым годзе заняў па гаспадарцы першае месца і быў ўдзельнікам раённага злёту перадавікоў. – Я тут на полі старшы, звеннявы, – з гонарам паведамляе наш суразмоўца аб прызначэнні яго кіраўніком збожжаўборачнага атрада, дыслацыраванага на цэнтральнай сядзібе акцыянернага таварыства. Ужо 27 сезонаў Валерый Хоміч на камбайне. Першым была «Ніва». Яе механізатар і сёння ўспамінае з любасцю:
– Добры камбайн. Хоць жняярка і не шырокая, усяго чатыры метры, але жала чысценька. Надзейная была тэхніка.
Успамінаем нашу з ім сустрэчу на пасяўной. Ён загружаў сеялку насеннем збожжавых культур. (Сумессю аўса з пялюшкай, – удакладняе сёння Валерый). Як хутка праляцеў час. Гэткім жа шпаркім крокам імчыцца і наша жыццё. Пра яго хуткацечны бег нам нагадвае і былы механізатар «Алай зары» Канстанцін Паўлоўскі. Праязджаючы міма на сваім рупным «Жыгулёнку», ён плаўна замарудзіў ход, не ўстрымаўся, каб не палюбавацца на чарговую дзею жніва, разгорнутага ў ваколіцах роднай вёскі. Удзельнікам якой ён быў не адзін дзясятак год…

– Ну, паехалі ўжо, – загадным тонам аддае Валерый распараджэнне свайму напарніку, Аляксандру Макарэвічу. Той працуе абліцоўшчыкам на заводзе будаўнічых дэталяў. І не першы сезон дапамагае Ерхам убіраць хлеб. Таму што гэта яго радзіма, адсюль родам жонка, ну, і патрабавальны цесць, з якім ён таксама не першы год у экіпажы.
А жніво, як заўсёды, не абыходзіцца без сюрпрызаў. Вось і тут, набраўшы поўны ход, адзін з камбайнаў трапіў у так званую вымачку, непрыкметную сярод густой збажыны. Па-мабільнаму экіпаж выклікаў падмогу. Хоць на роўнай мясцовасці крытычная сітуацыя праглядвалася і няўзброеным вокам. Тэрмінова быў выкліканы з недалёкай сенажаці «Джон-Дзір» Мікалая Казімірскага. Узброены тросам, агрэгат праз лічаныя хвіліны выруліў на жніўны палетак. Вось такія яны, напружаныя, не пазбаўленыя экстрыму, уборачныя дні. Нездарма не здымае рукі з умоўнага пульту кіравання дырэктар акцыянернага таварыства. Разруліўшы сітуацыю на ерхаўскім палетку, Мікалай Вайцяхоўскі спяшаецца ў балашоўскую зону, нядаўна далучаную да акцыянернага таварыства. Мікалай Іванавіч пакідае замест сябе кампетэнтных памочнікаў – свайго намесніка па ідэалогіі, скажам так, ідэйнага натхніцеля. І выконваючую абавязкі галоўнага агранома Наталлю Шастапалаву.
… – Чаму яны вас не чапаюць?
– Прывыклі, напэўна, – усміхаецца намеснік дырэктара таварыства Уладзімір Кузьміч, назіраючы, як безвынікова карэспандэнт раёнкі адбіваецца ад куслівых аваднёў. На жытнёвым полі за Асаўцом гэтых агрэсіўных стварэнняў – процьма. Яны адны, а яшчэ неўтаймаваная спёка, псуюць уражанне ад гэтага райскага зямнога кутка. Дзе ўскрайку поля расправіў голле магутны дуб, на аселіцах вёскі палаюць ружовыя суквецці іван-чаю, раняе пялёсткі долу зверабой. І ўсё гэта пышнае разнатраўе падковай ахоплівае поле, дзе ў разгары жніво. На балашоўскім участку таварыства вялікую дзею хлебнай нівы здзяйсняюць чатыры збожжаўборачныя камбайнавыя экіпажы. На адвозцы – два «МАЗы». Адзін з іх, напоўніўшы кузаў бурштынавым скарбам, пакідае палетак. Вадзіцель Аляксандр Стрэж, выруліўшы з поля, збочвае на прасёлкавую дарогу. Курс – на збожжасушыльны комплекс. Хвілінная затрымка выйшла ў экіпажа Сяргея Томкавіча, які разам з памочнікам Андрэем Беражным, мяняе ў камбайне пашкоджаны прывадны рамень. Некалькі хвілін – і агрэгат зноў на хлебнай ніве.
Пераваліў за поўдзень ліпеньскі дзянёк. Аблашчаны сонцам і агораны клопатам рук чалавечых.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries