Прасёлкавая дарога нібыта дае нырца ў густыя зараснікі альшэўніку і крушыны, якія шчыльнай сцяной абрамляюць жніўнае поле. З аднаго яго боку дзея жніва ўжо завершана, аб чым сведчыць свежае ворыва, скрозь якое дзе-нідзе праступаюць пажніўныя рэшткі. Поле насупраць, дзе каласіцца азімая пшаніца, толькі што загуло, скінуўшы дрымотнае адранцвенне жнівеньскай спёкі. Камбайн Аляксандра Казела і Аляксея Шадуі ўжо зрабіў загонку і пайшоў на другі круг.
– Праз пяць хвілін яны будуць тут, – канстатуе галоўны аграном філіяла «Вілія» завода безалкагольных напіткаў Юрый Гнядзёнак.
– Бачыце, і азімая пшаніца мае добры колас. Хоць лічыцца, што яна не ўсюды расце. Вось што значыць культура земляробства, – не прамінае выпадку, каб не адзначыць поспех калегі намеснік начальніка райсельгасупраўлення Пётр Вяжэвіч.
Пяць камбайнаў літаральна плывуць у марыве выпарэнняў, справакаваных сонечнай энергіяй. Праз шкло кабіны аднаго ўжо высвечваюцца сілуэты.
– А вось і нашы лідары, – канстатуе кіраўнік сельгаспрадпрыемства Валерый Філанет. Літаральна праз пару хвілін пачынаецца хуткацечная цырымонія ўшанавання тых, хто першым у раёне ўзяў планку тысячнага намалоту. Сваю падзяку экіпажу асабіста ўручае старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла. Камбайнераў віншуюць з працоўнай перамогай начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Яцына і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ігар Шавялёў. Падзячныя лісты, сувеніры… Імгненні, якія назаўсёды застануцца ў памяці пераможцаў сваёй адметнасцю. Аляксандр Казел прызнаецца, што тысячны намалот для яго не навіна. Ён меў яго і ў мінулыя гады. А вось гонар быць першым – нечаканая і тым яшчэ больш хвалюючая з’ява ў яго працоўнай біяграфіі.
Віншаванне ў полі запомніцца і другому камбайнеру, Аляксею Шадую. Сёння ён – студэнт тэхналагічнага ўніверсітэта. Атрымае дыплом – будзе інжынерам-будаўніком. «Дарожнікам», – удакладняе Аляксей. Хлопец не выключае, што дыпламаваным спецыялістам вернецца на Вілейшчыну і будзе будаваць дарогі, каб па іх можна было камфортна праехаць на кожнае жніўнае поле.
Узрушаныя лідары знайшлі ў кабіне свайго “КЗС”-а месца для падарункаў і падзячных лістоў. Колькі хвілін – і сілуэт уборачнага агрэгата растварыўся ў дрыготкім марыве, што расплёскала свае хвалі над пшанічным палеткам.
А ўрачысты цырыманіял тым часам перанёсся ў суседняе сельгаспрадпрыемства – адкрытае акцыянернае таварыства «Сцешыцы». Тут ужо завяршаецца ўборка збожжавых. І вынікамі яе кіраўнік гаспадаркі Віктар Каляда бачна задаволены:
– Бачыце, вось з гэтага кавалачка, яго толькі што пачалі, – ужо два бункеры ўзялі. – Авёс сапраўды стаіць высокай сцяной, не пашкоджаны ліўнямі і ветрам.
– А для Сцешыц ліўні – не актуальная тэма, – жартуе Віктар Міхайлавіч. – А калі сур’ёзна – зямля такая сухая, што плугі не лезуць. Кукуруза пачынае сохнуць. Вельмі патрэбны дождж. Адзін мой трактарыст сказаў, што заўтра пойдзе. Гэта яму цешча наваражыла. Яна ў яго – найлепшы сіноптык…
Віншаванне тысячнікаў адбывалася ў панядзелак. А ў аўторак дождж у Сцешыцах сапраўды прайшоў, паведаміў нам па тэлефоне Віктар Каляда. Вось і не вер пасля гэтага ў народныя прыкметы.
За экіпажам Анатоля Татаржына і Вадзіма Грабянька таксама зафіксаваны першы ў раёне тысячны намалот. І таксама гэты поспех Анатоль мае ўпершыню. Хоць на камбайне працуе ўжо не адзін сезон. Садзіўся за руль яшчэ падлеткам, будучы памочнікам у бацькі, аўтарытэтнага ў свой час калгаснага механізатара. Анатоль дастойна працягвае дынастыю Татаржынаў. Гаспадарка яму даверыла вырошчванне бульбы. І ўвесь працэс, пачынаючы ад вывазкі арганікі і заканчваючы ўборкай клубняў – за ім.
Мужчыны не любяць траціць час. Таму, прыняўшы шчырыя віншаванні, зноў ставяць агрэгат на загонку. Апошнія гектары сёлетняга жніва. Ёсць магчымасць дапамагчы тым сельгаспрадпрыемствам, якія не могуць, па розных прычынах, укласціся ў аптымальныя тэрміны ўборкі. І наконт гэтага ўжо вядуцца перамовы паміж кіраўнікамі. За плячыма камбайнераў – яшчэ адзін уборачны сезон. Шчодры на намалот і здзейсненыя надзеі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Атрымана аператыўная інфармацыя райкама прафсаюза работнікаў АПК
Па стане на 7 жніўня, тысячны намалот пераўзыйшлі яшчэ чатыры камбайнавыя экіпажы раёна:
Батура Уладзімір Васільевіч і Батура Васілій Уладзіміравіч (ЧСУП «Вілія агра»). Камбайн – John Deere.
Гарэлік Мікалай Аркадзьевіч і Гарэлік Аляксандр Мікалаевіч (ААТ «Нарачанскія зоры»). Камбайн – Лексіон 570.
Седы Пётр Вячаслававіч і Чараўка Аляксандр Уладзіміравіч (ААТ «Язні»). Камбайн КЗС–1218.
Мецік Мікалай Андрэевіч і Казлоўскі Алег Віктаравіч (СГП ААТ «Вілейскі камбікормавы завод»). Камбайн –КЗС-1218.