Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Замест баршчэўніка – сотні пунсовых руж

Абадоўцы – адна з самых прыгожых вёсак Вілейскага краю – месціцца каля шашы Мінск – Нарач. Той, хто хоць аднойчы спыняўся тут, мог не толькі атрымаць асалоду ад водару векавых ліп, але і пазнаёміцца з багатай гісторыяй мясціны. Тут часткова засталіся старыя панскія пабудовы. Жыхары з задавальненнем раскажуць вам гісторыю вёскі. Абадоўцы належалі некалькім пакаленням паноў Багдановічаў. Апошнім уладальнікам гэтых мясцін быў пан Мечыслаў Багдановіч. Пры ім у Абадоўцах працаваў маслазавод, вінакурны завод, меўся прыгожы парк, шорная, багатая аранжарэя, фамільная капліца. Апошняя, дарэчы, стаіць у першапачатковым выглядзе на высокім прыгожым месцы. Сама сядзіба ў Абадоўцах была пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Комплекс панскіх пабудоў і зараз прадстаўляе цікавасць і з’яўляецца найбольш выразным у Вілейскім раёне.

Нечаева Р. Л. с розами

Жыхары Абадоўцаў ахвотна пакажуць вам яшчэ адну мясцовую славутасць – “дом з ружамі”. У вёсцы ёсць многа дагледжаных гаспадарскіх дамоў з утульнымі дворыкамі. Ды вось толькі гэты дом пабудаваны на месцы… як вы думаеце чаго? На месцы …густога баршчэўніку.

Баршчэўнік уяўляе пагрозу здароўю людзей, бо судотык з яго сцяблінамі, лісцем і кветкамі прыводзіць да з’яўлення на скуры апёкаў, выклікае дэрматыты. Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным галінастым сцяблом вышынёй да 5-6 метраў, як кажуць, даўно атакавалі мястэчка. Барацьба з ім вядзецца не першы год. Чым толькі не спрабавалі яго вытраўліваць! Ды толькі спакою ад баршчэўніку няма. Няма ратунку асабліва тады, калі пачынаюць цвісці дробныя, белыя, зеленавата-жоўтыя, ружовыя, у складаных парасоніках, кветкі.

Але вернемся да “дома з ружамі”. Ён знаходзіцца якраз непадалёку ад былой панскай аранжарэі. Напэўна, нехта правядзе паралель і ўспомніць мастацкую кінастужку “Дом з лілеямі”. Я таксама гэта зрабіла. Упершыню я пабачыла “дом з ружамі” два гады таму. Зайшла ў двор і ў першае імгненне было такое ўражанне, што я апынулася ў кветкавай аранжарэі. Адразу ўсплыла ў думках вядомая песня “Мільён пунсовых руж”.

Некалі ў 1980-х гадах на месцы “дома з ружамі” стаяў саўгасны пчольнік. Пазней тут асвоіўся баршчэўнік. Напачатку 90-х гадоў ён адчуў сябе сапраўдным гаспадаром, падступіцца да якога было проста немагчыма. Хто ведае, што было б на гэтым месцы зараз, каб аднойчы да кемлівых людзей з Мінска не прыйшла б у галаву думка купіць тут участак зямлі ды пабудаваць хату. Многія абадаўчане тады гэту ідэю ўспрымалі як неверагодную. Маўляў, можна купіць участак і ў другім месцы. Навошта ж гэты,з баршчэўнікам? І была рацыя ў іх словах. Але ж сённяшнія гаспадары “дома з ружамі” глядзелі наперад. Месца тут вельмі прыгожае, побач лес, луг. Яны смела ўзяліся за працу і абвясцілі баршчэўніку сапраўдную вайну. Гэта вайна вялася лапатамі ды кіркамі больш за чатыры гады. А ўжо потым пачалося будаўніцтва невялікага ўтульнага дома. Паралельна з будоўляй гаспадары задумалі на сваіх 25-ці сотках цікавы дызайн. Да гэтага часу ні гаспадар,Уладзімір Іосіфавіч Стражэвіч, ні яго жонка,Святлана Уладзіміраўна, ні цешча, Раіса Лявонцьеўна Нячаева, іякага дачынення да ландшафтнага дызайну не мелі і, праўду кажучы, не цікавіліся. Не цікавіліся да таго моманту, пакуль самі не захацелі мець сваю гаспадарку і дом.

Усё прыйшло неяк нечакана, само па сабе. І ідэі, і планы, і жаданне ажыццявіць задуманае. Многа чыталі ў інтэрнэце, пераглядалі журналы, раіліся з сябрамі. А вечарамі малявалі, планавалі і абмяркоўвалі на сямейным савеце. Марылі пасадзіць многа пунсовых руж. Любоў да кветак прывілі бацькі Раісы Лявонцьеўны, якія жылі тады ў Абадоўцах.

Дом збудавалі за пяць год. Затым заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Выкапалі сажалку, пасадзілі туйкі, вырашчаныя з сямян. Альтанку, шашлычніцу ды гараж збудавалі з камянёў. Вельмі неверагодна атрымалася. Мясцовыя жыхары ліха перахапілі ідэю, таксама сталі збіраць па палях каменне, каб выкарыстаць гэты матэрыял для дызайну ў сваіх дварах.

Далей дбайныя гаспадары ўзяліся за вырошчванне кветак,і ў першую чаргу – розных сартоў руж.
Ружы – каля дома,у парніку, каля сажалкі і гаспадарскіх пабудоў. Яны паўсюдна радуюць вока і ствараюць незабыўны настрой. Прычым вырошчваюць кветкі гаспадары не для продажу, а для саміх сябе. А яшчэ з задавальненнем дораць іх гасцям. Ружы яны любяць, цікавяцца іх гісторыяй.
Гэта кветка была вядома яшчэ ў старажытным Вавілоне і атрымала асаблівае распаўсюджанне ў Персіі. З усходніх краін ружа была прывезена ў старажытную Грэцыю. З Грэцыі яе вывозяць у Егіпет і Рым. Рымляне вельмі цанілі гэтыя кветкі, і нават імі ўзнагароджвалі за пэўныя заслугі. Верачы, што ружа ўсяляе мужнасць, рымскія воіны на сваіх шчытах выбівалі іх выяву.

За вялікія грошы багатыя людзі выпісвалі ружы з Грэцыі і Егіпту. З падзеннем Рыма культура руж, якія лічыліся кветкамі раскошы, знікла на некалькі стагоддзяў.
Развіццё культуры руж у Еўропе пачалося з новай сілай у XIII ст. У Расію першая махрыстая, «аксамітавая», як тады звалі, ружа трапіла ў XVII ст. Яна была падорана цару Міхаілу Фёдаравічу нямецкім паслом. У садах ружы сталі масава вырошчваць пры Пятру I і асабліва пры Кацярыне II.
У нас, у Беларусі,ружы вельмі любяць. Імі захапляюцца, іх дораць. За прыгажосць і непаўторны водар ружы карыстаюецца любоўю і шанаваннем.

Я таксама была зачаравана сотнямі пунсовых кветак у двары “дома з ружамі” ў Абадоўцах. Але адначасова падумалася іншае. Колькі ж дагляду патрабуе ўся гэта прыгажосць! Колькі сіл, цярпення і працы. Нават зразаць ружу таксама трэба ўмець. Раіса Лявонцьеўна расказала, як няпроста вырошчваць ружы. Іх трэба правільна высадзіць, рэгулярна выдаляць пасынкі, халастыя парасткі. Трэба пастаянна паліваць і рабіць шмат іншых працэдур догляду. А ўвосень ружы зразаюць, прысыпаюць зямлёй, каб не змерзлі ўзімку, укутваюць лапкамі ельніку. Каб ўся гэта прыгажосць квітнела і радавала вясной і ўлетку, у Абадоўцах працуюць тры ўлюбёныя ў справу чалавекі. Дапамагае ім па магчымасці ўнучка Лера, якая прыязджае з Мінску з сынам Цімурам. Маленькаму хлапчуку таксама спадабаліся гэтыя мясціны, і ён з задавальненнем праводзіць лета ў бабулі з дзядулем.

Зайшла я ў двор “дома з ружамі” і сёлета. Агледзелася, прысеўшы на арэлі. Сфатаграфавала. Прыгожа, утульна. Не верыцца, што зусім нядаўна замест пунсовых руж тут панаваў баршчэўнік. Аказваецца, яго можна перамагчы, ды толькі пастаяннай працай і любоўю да задуманай справы. Загледзелася на ружы, захапілася іх водарам.

Дык няхай яшчэ доўга дрэмлюць бутоны пунсовых руж, падобна спячай прыгажуні, пад абаронай галінак з вострымі шыпамі. Няхай яны пышна распускаюцца пад першымі прамянямі веснавога сонца. І няхай у гаспадароў яшчэ на многія гады хапае сіл і цярпення дарыць сабе і людзям гэту неверагодную казачную прыгажосць.

Наталля СЯНЬКО.
Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries