Прыгадваючы мінулагоднія вёсны, пераконваешся, што яны не вельмі спрыялі аграрыям: то палохалі начнымі маразамі, а то – ветрам-сухавеем, які перасушваў глебу, пазбаўляючы яе ад апошняй вільгаці, такой важнай і неабходнай зараз. Так атрымалася і сёлета. У апошнія дні, праўда, на дварэ пацяплела і цяпер бы толькі галоўнага – спорнага дожджыка, якога так прагне кінутае ў глебу зерне…
Аднак марыць можна пра многае, а жыць трэба ў рэальных умовах і, нягледзячы ні на што, упэўнена рабіць сваю справу. Для вяскоўцаў на дадзены момант самае галоўнае – пасеяць, дагледзець культуры, каб увосень сабраць дастойны ўраджай. На гэта настроены сёння ўсе гаспадаркі Вілейшчыны. Выязджаючы ў іх, мы, журналісты, бачылі, што на палях кіпіць работа, людзі робяць сваю адвечную справу. Значыць, будзе ў нас хлеб і да яго, ёсць у кожнага з нас упэўненасць у заўтрашнім дні.
Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, ва ўсіх гаспадарках раёна раннія яравыя збожжавыя поўнасцю пасеяны. Практычна ўсе з гаспадарак прыступілі да сяўбы кукурузы, якой у раёне плануецца заняць каля 11 тысяч гектараў. На 23 красавіка яшчэ не прыступілі да сяўбы «царыцы палёў» толькі дзяржсорстанцыя і аграфірма «Ілья». У «Новай Віліі» на вышэйназваную дату, акрамя кукурузы, сеялі і яравы рапс. На гэты час у гаспадарках раёна не толькі ідзе сяўба, але праведзена і праводзіцца другая падкормка азімых, хімпраполка, выконваюцца іншыя работы, актуальныя на гэты перыяд.
Як і ва ўсіх гаспадарках, распачалася сяўба кукурузы ў ААТ «Сцешыцы». Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Ян Мінчык, яе плануецца тут пасеяць больш чым на тысячы гектарах. Гэта, бадай, ці не найбольшы пасеў сярод гаспадарак раёна. На дзень нашай размовы (23 красавіка – аўт.) сяўба ішла ва ўрочышчы Сцешыцы, дзе шчыраваў адзін з перадавых механізатараў гаспадаркі Дзмітрый Гуніч, якога вы бачыце на здымку. У хуткім часе, расказалі нам у гаспадарцы, да сяўбы падключыцца і яшчэ адна сеялка, бо фронт работы, як бачна, даволі шырокі. Ды і часу на раскачку няма – вясна ж прыспешвае.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена ААТ «Сцешыцы»