У гэтыя светлыя дні новага года нашы сэрцы адкрытыя дабрыні і міласэрнасці. Хочацца дапамагчы тым, каму цяжка… Хочацца з падзякай адчуваць і самому чыесьці міласэрнасць і чалавечнасць… Бо святы ж якія светлыя – Нараджэнне Хрыстова і Новы год… Бо ўсе мы – людзі, і ў нашых сэрцах павінны гарэць агеньчыкі любові да бліжніх.
Добрай традыцыі ўжо на працягу многіх гадоў верныя прадстаўнікі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і раённага Савета дэпутатаў – у святочныя дні наведвацца з віншаваннямі і падарункамі ў Куранецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і ў Іжскую бальніцу сястрынскага догляду. Насельнікі гэтых устаноў з нецярпеннем чакаюць сваіх гарадскіх сяброў і заўсёды цёпла іх прымаюць.
Вось і на днях па даўно знаёмым маршруце адправілася група на чале са старшынёй раённага Чырвонага Крыжа Святланай Лях. Бабулі і дзядулі былі рады падарункам ад Чырвонага Крыжа (а за іх трэба падзякаваць спонсарам з вілейскага філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» і евангелісцкай царкоўнай абшчыне «Хальтен-Штеркраде» нямецкага горада Оберхаўзена) і ад раённага Савета дэпутатаў. Гэтыя ласункі, верыцца, крышку падсалодзяць жыццё нямоглых людзей.
Як і заўсёды пры такіх сустрэчах, парадавалі людзей і музычныя падарункі, якія ім уручылі валанцёр Чырвонага Крыжа Зінаіда Крупская (некаторыя песні праспяваў з ёй дуэтам і фотакарэспандэнт нашай газеты). У рэпертуары Зінаіды Васільеўны былі і добра знаёмыя песні, і зусім новыя. А каляднае прадстаўленне бабулям і дзядулям паказалі вучні сярэдняй школы №1 – валанцёрскі атрад «Белы голуб».
Надзіва цёплымі атрымаліся гэтыя сустрэчы. Былі моманты, што расчулілі да слёз і артыстаў, і гледачоў. І тым даражэйшыя гэтыя хвіліны еднасці. Еднасці вачэй, рук і сэрцаў. А наступную сустрэчу ўжо назначылі пры развітанні – яна адбудзецца на Вялікдзень.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА