Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З уборкі рапсу пачалося жніво ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Сцешыцы». На палетак выйшлі тры камбайнавыя экіпажы. Першыя сто тон збожжа ўжо апрацаваны ў збожжасушыльным комплексе.

Ах, які на гэтым палетку выспеў гожы ячмень!
– Цэнтнераў 50 будзем мець, – упэўнены галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы» Аляксей Цюпко.
Прызнацца, вельмі карцела пабачыць вынік таго  весняга дня, калі менавіта тут, у ваколіцах Сцешыц, трактарыст Віктар Аўгусціновіч са сваім пасяўным агрэгатам завяршыў на полі апошні круг. Фотаздымак так і занатаваў Віктара каля дарожнага ўказальніка з назваю аграгарадка. Сённяшні сюжэт амаль аналагічны. Толькі ўскрай палетка ўжо сам аграном цешыцца цяжарам набрынялых каласоў. Вось вам і засуха, і халодныя чэрвеньскія ночы. Па ўсім бачна, на гэтым полі вытрыманы ўсе тэхналагічныя патрабаванні  да вырошчвання гэтай культуры. Вынік не прымусіў сябе чакаць.

Ах, які на гэтым палетку выспеў гожы ячмень!

– Цэнтнераў 50 будзем мець, – упэўнены галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы» Аляксей Цюпко.

Прызнацца, вельмі карцела пабачыць вынік таго  весняга дня, калі менавіта тут, у ваколіцах Сцешыц, трактарыст Віктар Аўгусціновіч са сваім пасяўным агрэгатам завяршыў на полі апошні круг. Фотаздымак так і занатаваў Віктара каля дарожнага ўказальніка з назваю аграгарадка. Сённяшні сюжэт амаль аналагічны. Толькі ўскрай палетка ўжо сам аграном цешыцца цяжарам набрынялых каласоў. Вось вам і засуха, і халодныя чэрвеньскія ночы. Па ўсім бачна, на гэтым полі вытрыманы ўсе тэхналагічныя патрабаванні  да вырошчвання гэтай культуры. Вынік не прымусіў сябе чакаць.

Жніво ў «Сцешыцах», як, дарэчы, і ў іншых сельгаспрадпрыемствах раёна – «Нарачанскіх зорах», «Алай зары», – пачалося з азімага рапса. Усё далей ад дарогі адступае высокі, шчыльны сцебластой, які зверху нагадвае бухматую, з нанізанымі калючкамі шчотку, уціснутую сярод зараснікаў акаляючага поле кустоўя.

– Па бункеру ўжо намалацілі, – інфармуе агранома брыгадзір Ірына Азончык. – Дзяўчына ўсяго два месяцы на гэтай пасадзе, але замацаваныя за ёй функцыі кантролю засвоіла дэталёва. Якасць уборкі, лічбы намалоту ў цэлым і ў разрэзе экіпажаў – яе клопат. На ўборку рапсу сёння выйшлі тры камбайны – два «Палессі» і адзін «Мега-350». Хлопцы яго між сабой жартам называюць «немцам», бо сабраны з вузлоў германскай вытворчасці. Наконт пераваг імпартнай тэхнікі перад айчыннай яшчэ можна паспрачацца – гэта вывад гаспадара «немца», старшага камбайнера Мікалая Дварэцкага, які вось ужо другі сезон выходзіць на жніво з сынам Аляксеем.

– Ён мяне летась «узяў», паказваючы на «Палессе», вядомую айчынную марку, узгадвае вынікі мінулагодняга жніва Мікалай. «Узяў» – значыць, апярэдзіў па намалоту, – імкнуся ўнікнуць у механізатарскі слэнг. Хаця, памятаецца,  і Дварэцкі быў тады ў ліку камбайнераў-тысячнікаў. Па ўсім бачна,  гаспадар «Мега» ганарыцца сынам-памочнікам, які займаецца ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы. Як і дачкой. студэнткай БНТУ, што рыхтуецца быць інжынерам-эколагам. Двое студэнтаў у сям’і. Абое яшчэ на першых курсах. Але ўсё гэта ў гонар. Маладыя імкнуцца вывучаць і пазнаваць свет. Хіба ж можна  ўпікнуць іх за гэта?

І яшчэ ў двух камбайнавых экіпажах памочнікамі – студэнты. Аляксей Шышла, які разам з Аляксандрам Дубаневічам, старшым камбайнерам, аглядае жняярку «Палесся», вучыцца ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым каледжы, Славамір Максімовіч, памочнік Генадзя Клемантовіча – у Лепельскім.  Абодва пасля заканчэння навучальных устаноў атрымаюць дыпломы механіка. І, магчыма, вернуцца на бацькаўшчыну, дзе так буйна каласіцца збажына ва ўрочышчах, што цешаць слых сваімі каларытнымі, спаконвечнымі назвамі. Тут, дзе дзеецца ўборка рапсу, – Ручаны. А яшчэ ёсць Каробішча, Каліноўшчына, Калягава, Мягчылы… Наперабой успамінаюць камбайнеры назвы мясцін, разважаючы над іх немудрагелістым сэнсам. Гэта, кажуць, па назвах хутароў ці прозвішчах колішніх уласнікаў зямлі.

Учора вечарам (мінулы аўторак — М. К.) камбайны зрабілі пробны выхад на рапсавае поле. У сушылку мясцовага «Амкадора» (ЗСК-40) паступіла першая партыя зерня рапсу. Сёння чакаецца дазапраўка. Ірына Лазар, загадчык складской гаспадаркі, кідае нецярплівыя позіркі на дарогу, дзе вось-вось павінны з’явіцца гружаныя новым ураджаем аўтамабілі. Сто тон – ёмкасць сушылкі. Аператар комплексу Леанід Кароціч чакае моманту, калі можна будзе націснуць на пульце кіравання адпаведную кнопку. З увядзеннем у эксплуатацыю «ЗСК-40» працэс дасушвання збажыны ў акцыянерным таварыстве набыў сучасны кірунак. Адно, што комплекс працуе на вадкім паліве, а не на дрывах, дазваляе мець у сушыльнай камеры больш высокія тэмпературы. Працэс паскараецца. А пасля, Леанід Рыгоравіч акцэнтуе ўвагу на перавагах «ЗСК», – якасць апрацоўкі збажыны намнога вышэйшая. Вакол – электроніка. Аднаго позірка на пульт хапае, каб выявіць любую няспраўнасць у рабоце механізма. Напарнік Леаніда – Андрэй Арцішэўскі. Жніво, можна сказаць, робіць яшчэ першыя крокі, а на комплексе ўжо арганізавана двухзменная работа.

Уздоўж прасёлкавай дарогі, якая выводзіць на трасу, – сцяной узнімаецца кукуруза, апраўдваючы  дадзенае ёй другое іменне каралевы палёў.

– Вышэй мяне будзе, – задаволены Аляксей Цюпко. У галоўнага спецыяліста сёння сапраўды ёсць прычына для добрага настрою.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries