«Я вырас практычна на ферме». Так вобразна кажа пра сябе спецыяліст па штучным асемяненні жывёлы ААТ «Новая Вілія» Аляксандр Іваноў, які, між іншым, нарадзіўся і рос… у горадзе
Здавалася б, хлопца, што ўбачыў свет у Віцебску, а пасля жыў у Гарадку, магла прывабіць любая з «гарадскіх» прафесій, а ён чамусьці звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Чаму?
– Адказ просты: мы з братам Сяргеем кожныя канікулы праводзілі на вёсцы, у бабулі з дзядулем, якія ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы, – растлумачыў Аляксандр. – Брат больш з дзядулем на трактары бавіў час, а я – на ферме.
Так што, як кажуць, вырас там. Сяргей, дарэчы, выбраў прафесію агранома, а я, адвучыўшыся ў каледжы на сталяра-станочніка, усё ж зразумеў, што гэта не маё, пайшоў працаваць памочнікам ветэрынарнага ўрача ў гаспадарцы на Віцебшчыне. Потым быў брыгадзірам, і гэта праца мне таксама была па душы. Віцебскую дзяржаўную акадэмію закончыў завочна, атрымаўшы прафесію заатэхніка.
Па волі лёсу амаль чатыры гады назад маладая сям’я Івановых выбрала месцам працы адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Вілія». У гэтай гаспадарцы зараз, можна сказаць, працуе іх цэлая дынастыя: Аляксандр – спецыялістам па штучным асемяненні жывёлы, яго жонка Вераніка – заатэхнікам, брат – механізатарам, а яго жонка – ветэрынарным урачом.
– Падрастаюць і дзеці, у нас з жонкай два сыны, якія, магчыма, таксама пажадаюць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, – падзяліўся Аляксандр. – Ды і мама наша – таксама заатэхнік па прафесіі.
Узгадваючы пачатак сваёй працы ў «Новай Віліі», Аляксандр адзначыў, што спачатку былі пэўныя складанасці, пераадольваць якія яму тады дапамагалі вопытныя раённыя спецыялісты, калегі з райплемстанцыі, а таксама кіраўнік гаспадаркі Сяргей Цітоў. Паступова прыходзіў вопыт, умацоўвалася ўпэўненасць у правільнасці свайго прафесійнага выбару, натхнялі вынікі працы.
– Душа радуецца, калі бачыш, як, напрыклад, з цялятка, што мы атрымалі, вырастае добрая кароўка, якая радуе высокімі надоямі, – падзяліўся Аляксандр. – А малако для гаспадаркі – самае важнае, ад яго рэалізацыі з’яўляюцца сродкі на ўсё неабходнае і на далейшае развіццё. Дзеля гэтага і працуем.
Так атрымалася, што ў жыцці Аляксандра Іванова вытворчае цесна пераплятаецца з асабістым. Ды яно і зразумела – працуюць разам з жонкай, выконваюць агульныя задачы, жывуць адным клопатам. Ды і іншыя сваякі, як ужо сказана вышэй, у тэме.
– Таму, калі збіраемся ўсе разам, то гаварыць ёсць пра што, – усміхнуўся Аляксандр. – Іншы раз нават даводзіцца папярэджваць: вытворчую тэму не закранаем. Ды дзе там…
Штодня – у клопатах. Гэта пра яго, пра Аляксандра. А што ў вольны час? На гэта маё пытанне суразмоўца прызнаўся, што таго вольнага часу ў яго не так і многа. Калі ж бывае, то Івановы стараюцца наведаць памятныя месцы Беларусі (сёлета вясной, напрыклад, пабывалі з дзецьмі ў Хатыні, і ўражанні засталіся надоўга), адпачыць усёй сям’ёй на прыродзе, а то наведацца да бабулі, дзякуючы якой ён, гарадскі чалавек, знайшоў любімую працу на вёсцы. І ніколькі аб гэтым не шкадуе.
Ірына БУДЗЬКО