Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З агеньчыкам у вачах гаварыла Галіна Дзедзюль пра ферму, пра клопаты калектыву і пра свой шлях у жывёлагадоўлю

Выбіраючы свой шлях на парозе самастойнасці, кожны з нас у свой час марыць атрымаць прафесію, з якой мяркуе звязаць будучыню і якая абяцае паспяховасць у жыцці. Галіна Дзедзюль, пра якую хочацца расказаць, у юнацтве вырашыла звязаць сваё жыццё з гандлем, таму і пайшла вучыцца на таваразнаўцу ў Гродзенскі гандлёва-эканамічны тэхнікум. Думала, што выбар зроблены правільны. А вось жыццё ўнесла свае, і даволі істотныя, карэктывы…

Сёння брыгадзір жывёлагадоўлі малочнатаварнай фермы «Касічы» адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» Галіна Дзедзюль толькі ўсміхаецца, прыгадваючы маладосць. Так, сельская дзяўчына з Астравеччыны, Галя ніяк не марыла тады аб працы ў жывёлагадоўлі, хоць, прызнаецца, умела і любіла з дзяцінства ўсе клопаты па гаспадарцы. Ніколі не было для яе цяжкасцю падаіць карову, накарміць свіней, прапалоць агарод, бо дапамагала маці ў гэтых справах з маленства. І пазней, калі вырасла, выйшла замуж, заўсёды трымала на падворку немалую гаспадарку, што для кожнай сям’і, дзе падрастаюць і вучацца дзеці, – істотнае падспор’е ў сямейны бюджэт. Так было і тады, калі жылі на Мядзельшчыне, і пазней, калі пераехалі ў «Нарачанскія зоры».

Так склалася ў жыцці, што першы шлюб Галіны быў нядоўгім, і ў другі раз выходзіла замуж з маленькай дачушкай Аленкай. Значна пазней у сям’і нарадзіўся і сын Паша, аднак для Аляксандра, мужа Галіны, дачка з першых гадоў сумеснага жыцця стала роднай. «Ён яе любіць і шкадуе, клапоціцца, – падзялілася жанчына. – І яна адказвае бацьку тым жа». Калі дачка была школьніцай, старалася ва ўсім дапамагаць бацькам: і малодшага браціка даглядала, і прыбірала, і гатавала. Але прыйшоў час, і дзяўчына закончыла школу, паступіла ў БДУ. Цяпер дамоў наведваецца разы два ў месяц.

– Асноўны клопат па гаспадарцы зараз лёг на Аляксандра, – расказвае Галіна. – Я ў палове шостай ужо ад’язджаю на ферму, а мужу трэба і па гаспадарцы ўправіцца (на падворку Дзедзюляў ёсць і кароўка, і кабанчыкі, і куры), і Пашку ў школу адправіць, і самому на працу сабрацца. Ён таксама тут, у «Нарачанскіх зорах», працуе ў будаўнічай брыгадзе.

Загаварылі пра гаспадарку, і Галіна з удзячнасцю адзначыла, што менавіта тут яна адчула сябе запатрабаванай, на сваім месцы, бо яе веды і папярэдні вопыт тут запатрабаваны і ацэнены. У 2008 годзе у Нарачы пачала жанчына сваю працоўную дзейнасць аператарам свінагадоўчага комплексу. Затым пасля заканчэння адпаведных курсаў яе прызначылі працаваць асеменатарам на ферме «Касічы», якую ў 2014 годзе даверылі ўзначаліць. І давер’е гэта Галіна апраўдала. Сведчаннем таму – мінулагоднія паказчыкі дзейнасці калектыву, які яна ўзначальвае. Больш за 750 галоў буйной рагатай жывёлы ўтрымлівалася на ферме «Касічы» летась, і гэта амаль на 28 працэнтаў больш, чым было ў 2018ым. Дойны статак – амаль дзве сотні галоў. Валавы надой у мінулым годзе склаў болей за 1685 тон, а на адну карову было надоена 8643 кілаграмы малака. Сортам «экстра» ў 2019 годзе было рэалізавана 79 працэнтаў малака. Больш чым на 50 грамаў выраслі і прывагі буйной рагатай жывёлы і склалі летась 693 грамы.

Брыгадзір Галіна Дзедзюль (злева) са сваімі калегамі Галінай Сарока, Яўгенам Борысам, Жаннай Каркотка і Аленай Борыс
Брыгадзір Галіна Дзедзюль (злева) са сваімі калегамі Галінай Сарока, Яўгенам Борысам, Жаннай Каркотка і Аленай Борыс

Гутарым ва ўтульным кабінеце Галіны Лявонаўны, дзе ва ўсім адчуваецца рука дбайнай гаспадыні. Прыгожыя фіранкі на вакне, акуратна паклееныя шпалеры, мноства кветак на вокнах і стале, чысціня і парадак. Гэтак жа прыгожа і акуратна і ва ўсіх іншых памяшканнях. Ды і фасад фермы таксама дагледжаны, акуратна пафарбаваны ў вясёленькі колер, які радуе вока.

– Усё гэта мы робім самі, усім нашым калектывам, – расказала Галіна Лявонаўна. – Мы ж тут, на ферме, столькі часу праводзім…. Хочацца, каб было прыгожа і ўтульна, як дома. Вось і навагоднюю ёлку ў пакоі адпачынку ўпрыгожваем штогод разам…. А гэта неяк збліжае, аб’ядноўвае.

На стале брыгадзіра – сучасны ноутбук, незаменная рэч у працы кіраўніка любога рангу. З лічбамі ды справаздачамі, зазначае мая суразмоўца, даводзіцца працаваць нямала, а калі сказаць вобразна, то брыгадзір жывёлагадоўлі – гэта і бухгалтар, і эканаміст, і ветэрынар, і асеменатар, і кантралёр, і яшчэ многа хто. Усюды трэба паспяваць, жыць клопатамі калектыву і бачыць задачы, якія перад ім стаяць.

– Лічу, што ў любой працы важна ўсведамляць, што мы – адно цэлае і задачы перад намі агульныя, – дзеліцца Галіна Лявонаўна. – Не будзе толку ад работы, калі будзе кожны сам па сабе, як тыя лебедзь, рак і шчупак з вядомай байкі. І яшчэ. Мне здаецца, што любы поспех у працы – заслуга ўсяго калектыву, а не чыясьці асабістая. Я даўно вызначылася са сваёй устаноўкай: працаваць так, каб не было сорамна ні ад калег, ні ад кіраўніцтва. Заўсёды прытрымліваюся гэтага ў жыцці і пераконваюся, што так і павінна быць.

Вопытны кіраўнік і прафесіянал сваёй справы, Галіна Лявонаўна прыгадала той час, калі яны толькі прыехалі ў Нарач. І словы кіраўніка гаспадаркі Генадзя Кучко «Добра падумай, Галя, гэта сельская гаспадарка…», якія ён сказаў ёй, накіроўваючы аператарам на свінакомплекс, памятае заўсёды. Так, праца ў сельскай гаспадарцы асаблівая і патрабуе ад чалавека вельмі многага.

Пашчасціла ім, нарачанцам, на такога кіраўніка, да якога можна смела звярнуцца з любым пытаннем і ведаць, што выслухае, параіць, дапаможа. Генадзь Кучко менавіта такі. Ды і галоўны заатэхнік Андрэй Фіткевіч – чалавек на сваім месцы, заўсёды выслухае, абдумае, прыме правільнае рашэнне.

– Калі я толькі прыйшла ў гаспадарку і працавала на свінакомплексе, маёй настаўніцай у прафесіі і дарадцай была тагачасны галоўны ветурач Валянціна Кулік, – прыгадала мая суразмоўца. – Гэта яна падарыла мне своеасаблівы талісман – гліняную кароўку, якая заўсёды ў маім рабочым кабінеце. І, ведаеце, дапамагае мне гэты забаўны талісман. А калі сур’ёзна, дык вельмі пашчасціла мне на калектыў, з якім працую. Цудоўныя людзі, адданыя сваёй справе. Узяць, да прыкладу, сям’ю Борысаў. Алена Уладзіміраўна працуе аператарам машыннага даення, Уладзімір Іванавіч – слесарам, а іх сын Яўген – наш ветфельчар. Толькі добрыя словы можна гаварыць і пра аператара машыннага даення Жанну Сяргееўну Каркотка, і пра цялятніцу Галіну Рыгораўну Сарока, якія сумленна працуюць на ферме доўгія гады. Адказныя работнікі, якім можна давяраць любую справу.

Па дарозе ў Вілейку ўсё пракручвала ў думках нашу размову, прыгадвала, як з веданнем справы, з агеньчыкам у вачах гаварыла Галіна Дзедзюль пра ферму, пра клопаты калектыву і пра свой шлях у жывёлагадоўлю. А хацела калісьці быць таваразнаўцам… Ды жыццё мудра ўсё распланавала і расставіла па сваіх месцах.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries