У мінулым годзе давялося быць у Куранецкім сельвыканкаме на мерапрыемстве, падчас якога адзначаліся і найлепш добраўпарадкаваныя падвор’і населеных пунктаў сельсавета. Сярод гаспадароў узорных сядзіб віншавалі і жыхарку вёскі Хамянцы Таццяну Пятроўну Нядведскую. Тады мы дамовіліся з жанчынай, што сустрэнемся ў яе ўлетку. Сваё слова я стрымала і ў адзін са спякотных жнівеньскіх дзён адправілася ў Хамянцы.
Падвор’е Таццяны Пятроўны пазнала адразу. Па выкладзеных з каменя слупках на ўваходзе ў двор. Вясёленькія такія слупкі, з размаляванымі ў розныя колеры каменнямі. Зайшла ў двор і ўбачыла, што гэта прыродны матэрыял стаў для гаспадароў асноўным. З яго – падмурак беленькага, размаляванага кветкамі, доміка; усе гаспадарчыя пабудовы, якія, калі шчыра, больш падобны на адмысловыя жылыя памяшканні; дарожкі, ганак…
– Мусіць, найтаннейшы матэрыял – камень, – выказала я сваё меркаванне гаспадыні. – А такі трывалы і прыгожы!
– Ды тут яшчэ як сказаць, – усміхнулася жанчына. – А калі ўлічыць усе затраты па яго пошуку ды дастаўцы дамоў, то і не сказала б, што танна атрымлівалася. Вунь колькі трэба было сабраць камення!
Ідзём па вялікім падворку Нядведскай. Усё тут да месца, усё акуратна: дагледжаныя пабудовы, акуратна выкашаная трава, чыста праполаныя градкі і кветкавыя клумбы. Тут, падумалася, ёсць усё для добрага адпачынку: размаляваная, як той церамок, лазня крыху воддаль ад хаты, яшчэ далей – свой ставок, дзе гаспадары завялі рыбу, і зусім побач – лес, куды гаспадыня гэтымі летнімі днямі часта ходзіць у ягады.
Дзесяць гадоў таму пайшоў з жыцця муж Таццяны Пятроўны, чыімі рукамі зроблены ўсе гэтыя каменныя шэдэўры. Ды і не толькі каменныя – у хаце, куды мяне запрасіла гаспадыня, усё акуратна аздоблена дрэвам. Вагонка, паркет сваёй работы, арыгінальная хвалепадобная столь, абклееная шпалерамі – усё гэта справа рук Іакуба Іакубавіча. Перапытала яшчэ раз імя памерлага мужа, і Таццяна Пятроўна пачала расказваць:
– З Прыбалтыкі ён быў родам. А я адсюль, з Вілейшчыны, але так склаўся лёс у свой час, што з трыма дзецьмі паехала ў Латвію. Адна, з малымі дзецьмі. Той-сёй казаў, што прападу ў чужой старонцы. Не прапала. А ўсё дзякуючы працы, якой я ніколі не баялася. Я і трактарыст-машыніст шырокага профілю, і вадзіцель-прафесіянал (у Латвіі нейкі час нават на вялікім грузавіку працавала). Карацей, выжыла, абзавялася машынай,домам. Там і сустрэла Іакуба. А дваццаць гадоў назад пераехалі сюды, на Вілейшчыну. Купілі гэту хацінку ў Хамянцах і столькі папрацавалі, каб давесці яе да ладу! Цяпер вось толькі вокны планую памяняць, дах. Ды ветрачком студню ўпрыгожу…
Ніколі не чуралася жанчына і сялянскай працы. Быў час, калі на падворку трымалі з мужам па дзве каровы, некалькі свіней, птушку. Цяпер жа ўпраўляцца з такой гаспадаркай стала няпроста, таму трымае толькі козачку, курэй. Ды і ў тым дапамагае знаёмы з юнацтва чалавек, які таксама застаўся адзінокім. А яшчэ аддае жанчына многа сіл і часу вялікаму агароду,»соткам», кветнікам ды розным малым архітэктурным формам (чаго вартая хаця б бусліная сямейка – дзве дарослыя птушкі і «дзетвара» ў гняздзечку, зробленыя рукамі Таццяны Пятроўны). Усё гэтак так упрыгожвае сядзібу! Мусіць, таму з задавальненнем адпачываюць тут прыезджыя ўнукі і ўжо нават праўнукі гаспадыні.
Пакідаючы прыгожы падворак Нядведскай,думала вось аб чым. Як часта мы, людзі, сваю бяздзейнасць, а часам і абыякавасць апраўдваем адсутнасцю сродкаў на добраўпарадкаванне. Маўляў, былі б грошы, дык закупілі б будматэрыялы і такі рамонт зрабілі! Што ж, з грашыма, вядома, яно прасцей. А калі б паспрабаваць абысціся, што называецца, малой кроўю? Хаця б выкарыстаўшы танны падручны матэрыял, той жа камень? Далёка не кожны возьмецца, гэта ж столькі старання, часу і, галоўнае, жадання трэба! Лянота… Таццяне Пятроўне яна, мусіць, і не знаёма, бо маладжавая для сваіх гадоў жанчына жыве працай і планамі на будучае.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара