Дзве гаспадаркі раёна – ААТ «Новая Любанія» і «Новая Вілія» – будуць сёлета мець бульбяныя палеткі. Па 150 гектараў кожная. Гэтай колькасці другога хлеба павінна хапіць на ўсе патрэбы. Галоўнае – управіцца з пасадкай клубняў своечасова, падладзіцца да капрызаў надвор’я (вясна ж!), затым дбайна дагледзець культуру. Пры захаванні ўсіх гэтых і іншых складаемых ураджай у выніку павінен быць такім, якім яго і планавалі. А ўжо тады найважнейшае – па-гаспадарску ім распарадзіцца, але гэта ўжо пасля, па выніку… Пакуль жа ідзе пасадка бульбы.
У «Новай Віліі», куды на днях мы наведаліся, пасаджана больш за трыццаць гектараў бульбянога палетка. Вынік мог бы быць і лепшым, ды свае карэктывы ўносіць надвор’е: дасць добры дожджык – і паспрабуй тады заехаць на тое поле. Абавязкова забуксуеш. Вось і даводзіцца, адзначыў кіраўнік гаспадаркі Андрэй Праташчык, чакаць, пакуль крыху падцягне, упітаецца вада. У мінулым годзе, расказаў Андрэй Анатольевіч, бульбяны палетак у гаспадарцы быў большы, а вось ураджайнасць – не самая лепшая. Таму сёлета тут свае арыенціры. Ранні «ўладар», сярэднеспелыя «скарб» ды «піроль», сярэднепозні «маг» – гэтым гатункам бульбы аддалі перавагу ў «Новай Віліі». Наконт збыту «піролі» і «мага»ўжо цяпер ёсць дамоўленасць, два іншыя гатункі будуць для сваіх патрэб ды рэалізацыі насельніцтву.
Звечара прайшоў спорны дожджык, а раніца выдалася сонечнай. Гэтым земляробы скарысталіся і ўзяліся за працу – на полі каля Латыгалі снавала тэхніка, кіпела работа.
– Нам дапамагае ў рабоце ГУП «Вілейская ЖКГ», – расказаў Андрэй Праташчык. – Два іх трактары ў нас працуюць. Вунь і зараз баразёнкі наразае на сваёй тэхніцы прадстаўнік гэтай арганізацыі Віктар Комель. А непасрэдна пасадкай бульбы займаюцца нашы механізатары. Вось і сёння на гэтым полі шчыруе Уладзімір Агурчонак. Яшчэ адзін перадавы механізатар Уладзімір Грыпініч зараз на другім полі. Стараюцца хлопцы, каб не ўпусціць ні хвілінкі пагодлівага дня. Вясна ж, вунь колькі клопатаў…
Андрэй Анатольевіч паглядзеў на яснае неба і заспяшаўся па справах, бо марнаваць такі каштоўны час не ў правілах сяльчаніна. Кліча адвечная земляробская справа, і тым,хто нарадзіўся і рос у вёсцы,гэта без слоў зразумела.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА