Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Яны нацэлены на перамогу

Калі на нядаўна прайшоўшым раённым злёце перадавікоў ушаноўвалі лепшых малаказдатчыкаў раёна, на сцэну запрасілі і Дзмітрыя Адамовіча з вёскі Клесіна Людвіноўскага сельсавета – у яго другое месца ў спаборніцтве сярод малаказдатчыкаў. Спрытны, святочна апрануты, Дзмітрый хутка падняўся на сцэну – за заслужанай нялёгкай штодзённай працай узнагародай. А мне прыгадаўся жнівеньскі дзень мінулага года, калі мы са старшынёй Людвіноўскага сельсавета Наталляй Шавялёвай, праязджаючы па вёсачцы Клесіна, прыпыніліся ля акуратнага доміка, пафарбаванага ў блакітны колер.

– Тут жыве маладая сям’я Адамовічаў, – сказала тады мне Наталля Леанідаўна. – Працавітыя людзі, харошыя…
Тады я і пазнаёмілася з гаспадарамі – Дзмітрыем і Юліяй,і іх дачушкай Аленкай. Памятаю, была прыемна ўражана багатай гаспадаркай Адамовічаў – пяць кароў, конь, парасяты, гусі, качкі, куры… Міжволі падумалася: як з гэтым усім упраўляцца?
– Спраўляемся, – сказаў тады Дзмітрый. – Не баімся мы працы. Ды і як без яе жыць?
Малады гаспадар расказваў тады, як, узяўшы крэдыты, набыў і кароў, і даільны апарат, і бензакасу… Усё гэта вельмі патрэбна, а на зарплату вартаўніка не вельмі разгонішся. Ды і на чыюсьці дапамогу маладым разлічваць не прыходзіцца. Вось і атрымліваецца, што ўся надзея на сябе.
Памятаю, як зацікаўлена распытваўся тады Дзмітрый пра ўмовы раённага спаборніцтва сярод малаказдатчыкаў, як гарэлі яго вочы, калі прызнаўся: «Хачу выйсці ў пераможцы». Мне тады падумалася, што ў гэтага мэтанакіраванага вяскоўца ўсё павінна атрымацца…
Нейкіх з паўгода прайшло пасля той нашай сустрэчы. У Адамовічаў ёсць прыемныя перамены. Галоўнае, іх сямейка пабольшала – у лістападзе мінулага года нарадзіўся сынок Ільюша. Задаволены бацькі – ёсць цяпер у іх і памочніца, і памочнік. Усведамленне ўсяго гэтага дае яшчэ больш натхнення, сіл на працу і на дасягненне вынікаў. Другое месца ў раённым спаборніцтве, я ўпэўнена, – не самая высокая прыступка Адамовічаў. Яны нацэлены на перамогу. І яна, безумоўна, будзе.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Дзмітрый і Юлія Адамовічы з Клесіна.
Фота прадастаўлена  Наталляй Шавялёвай

Ірына БУДЗЬКО.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries