– Зірніце, як мы «травім» бульбу, – Раіса Радзевіч, адна з незаменных і сёння ў сельгасвытворчасці людзей, іх, згодна ўсталяванай калгаснай тэрміналогіі, называюць паляводамі, кіўнула на баразну. Сапраўды, выпаўшыя з саджалкі вільготныя клубні мелі ружаваты адценак. Іх нібы хтосьці выпаласкаў у каляровай вадзе. Аказваецца, набытая менавіта да сёлетняй сяўбы тэхніка прыстасавана адначасова выконваць аперацыю перадпасяўной апрацоўкі насення. Мэта – ахова раслін ад шкоднікаў, якія паразітуюць на сцяблінах і лісцях, ушчэнт знішчаючы пасевы. Найперш яна тычыцца каларадскага жука, надакучлівай і жыццядзейнай істоты, з якой мы часам безвынікова змагаемся на сваіх прысядзібных участках.
– У калгасе ўсё расце, – па даўняй звычцы імянуючы так сельгаспрадпрыемства, – далучаецца да нашай размовы палявод Ніна Посах. – А таму, што па правілах работа робіцца. – Дзеля справядлівасці хочацца заўважыць: частку сучасных тэхналогій «Вязынскае-агра» пераносіць і на прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў. Па крайняй меры, арганізаваным парадкам усе пасеялі бульбу, гэтак жа арганізавана будзе весціся і апрацоўка палеткаў. Прычым, дапамогу атрымалі не толькі цяперашнія ці былыя работнікі гаспадаркі, а ўсе, хто пражывае ў вязынскім рэгіёне.
Уладзімір Грыпініч – наш даўні знаёмы, адзін з лепшых мясцовых механізатараў, робіць на палетку апошнія развароты. «Сеяў збожжа, кукурузу, вось памяняў сеялку – і на бульбу, – робіць ён няхітры расклад сваёй чарговай механізатарскай вясны. Новай саджалкай увогуле задаволены. Агрэгат айчыннай вытворчасці, выраблены эксперыментальным заводам унітарнага прадпрыемства навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі навук адпавядае свайму прызначэнню. Але пэўныя заўвагі яго канструктарам Уладзімір ужо сёння гатовы выказаць. Як-ніяк, за плячыма – 60 гектарны бульбяны палетак і адпаведна – пэўны практычны вопыт.
– Сорт «грацыя» набыты чатыры гады таму ў Польшчы, – расказвае галоўны аграном прадпрыемства Іосіф Шакель. – Параўноўваю штогод ураджайнасць у сябе і іншых гаспадарках раёна і раблю вывады, што наш бульбяны клін адзін з найбольш ураджайных. Па крайняй меры, пастаянна трапляе ў пяцёрку лідараў. Сёлета мы плануем атрымаць па 190 цэнтнераў з гектара. А калі надвор’е не падвядзе – то і больш. Патэнцыял «грацыі» гэтай лічбай не абмежаваны.
Плошчы пад бульбай сёлета ў «Вязынскім-агра» павялічаны, у адносінах да мінулагодніх, напалавіну. Менавіта ў гэтым кірунку разважае кіраўнік дзяржавы, калі арыентуе сельгаспрадпрыемствы на вырошчванне традыцыйных для Беларусі культур. Бульба, лён – у гэтым спісе. Бульбяная кампанія разгорнута насупраць сяліб маляўнічай у сваім красавіцкім убранні вёсачкі Шчукі. Зладжана, па-гаспадарску, ладзяць сейбіты сваю адвечную сялянскую працу. Арганізатарам усёй дзеі выступае брыгадзір Уладзімір Сомаў. Прозвішча нязвыклае для тутэйшых мясцін. Гэта пацвярджае і сам Уладзімір Уладзіміравіч. Па спецыяльнасці ён – электраманцёр, нейкі час працаваў у Маладзечне. Але лёс прывёў у вёску. Жонка – галоўны бухгалтар «Вязынскага» і гэта акалічнасць адыграла рашаючую ролю ў яго жыццёвым выбары.
Апошні разварот перад палявой сцяжынкай, пыл з-пад колаў (полю патрэбны дождж) – і пасадка бульбы ў гаспадарцы завершана. Пашлі, зямля, добры ўраджай сваім дбайным рупліўцам. Яны яго заслужылі.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
Як у Шчуках «травілі» «грацыю»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


