Масленіца – самае любімае ў народзе свята. Яно адлюстроўвае ўсеагульную радасць у сувязі з набліжэннем доўгачаканай вясны, з росквітам прыроды і самога чалавека.
Вось і ў Шылавіцкім садку дзеці каторы раз сталі ўдзельнікамі святкавання Масленіцы.
На свяце дзецi правялі Зіму, развітаўшыся з ёй да наступнага года, і з радасцю сустрэлі Вясну.
Падчас забавы нашы выхаванцы ад душы весяліліся: вадзілі карагод разам з казачнымі героямі вакол Масленіцы, спявалі народныя песні, гулялі ў гульні, скамарохі ўсіх весялілі жартамі, пацешкамі.
У заключэнне выхаванцы разам з гасцямі з задавальненнем елі смачныя бліны і прысмакі, запіваючы іх гарачай гарбатай.
Алена СІЛЬВАНОВІЧ, выхавацель Шылавіцкага д/с.
Фота прадстаўлена аўтарам
А ў суботу пачыналася свята Масленіцы “Вясну-красну – на вулачку, а зімачку – у каморачку” ў Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэцы… З песнямі, гульнямі і добрым настроем развітваліся з зімой дзеці. Прыйшлі на свята і іх бацькі, каб разам сустрэць вясну.
Напярэдадні самыя актыўныя ўдзельнікі ўжо пачалі падрыхтоўку: зрабілі чучала зімы, дома ў бібліятэкара напяклі бліноў і з прыпёкам, і з маслам, не забыліся і пра дранікі. Бліны на Масленіцу былі галоўнай стравай. І з чым іх толькі не пяклі! І з сырам, і з грыбамi… Такiя блiны і называлiся блінамі з прыпёкам.
Пах бліноў і травяной гарбаты лунаў па бібліятэцы. Арганізатары падрыхтавалі забаўляльную праграму: гульні, конкурсы, загадкі. Ва ўсіх забавах з аднолькавым задавальненнем удзельнічалі і дзеці, і дарослыя. За перамогу ў спаборніцтвах кожны атрымаў сімвал свята – масленічны блін.
Забавы працягваліся і на вуліцы, дзе спалілі чучала Зімы, або Марэны, як сімвал гора, няшчасця і смутку. Свята атрымалася вясёлым, азораным радасным чаканнем ясных, цёплых дзён, напоўненых сонечным святлом.
Хочацца выказаць вялікую падзяку настаўніку Чурлёнскай школы Баравому В.І., культарганізатару Лыцавіцкага СДК Карыба З.І. і юным чытачам Стасілевіч Аляксандры, Лягень Надзеі, Стасілевіч Вікторыі, Більдзюк Крысціне, Паследу Елісею і Каркотка Яўгеніі за дапамогу ў правядзенні свята.
Марына Пашкевіч, бібліятэкар Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэкі.
Фота прадстаўлена аўтарам