Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Як у Любані адбылося свята вёскі

У мінулую суботу ў Любані адбылося свята вёскі. Здалёк было чутно, што аграгарадок у гэты дзень адпачывае: гучала музыка, наваколле абуджалася песнямі і смехам, а гасцей свята сустракалі шчырым прывітаннем:
Падыходзьце хутчэй, людзі,
Зараз свята для вас будзе!
Кожны з вас, хто пажадае,
Разам з намі пагуляе!
Адкрыццё свята, як і належыць, было ўрачыстым – з цёплымі і падзячнымі словамі да вяскоўцаў звярталіся старшыня Любанскага сельвыканкама Уладзімір Чуковіч, дырэктар ААТ «Новая Любанія» Пётр Вяжэвіч, протаіярэй Ігар Дражын, настаяцель Любанскай царквы Сабора беларускіх святых.
Юхавічы – такую назву насіў некалі гэты населены пункт, які ў летапісах ўпамінаецца з 1536 года і цяпер нам вядомы як Любань. У тыя далёкія часы вёска належыла Вялікаму князю, а пазней увайшла ў склад Расійскай імперыі. Вядома, што Кацярына II раздавала гэтыя землі сваім генералам. Так вёска адышла ў вечнае карыстанне генералу Бергману , які, як расказваюць, асабліва населеным пунктам не цікавіўся і аддаў яго ў арэнду. Яшчэ пазней дзеці Бергмана прадалі Юхавічы шляхцічу Івану Любанскаму…
Цікавая гісторыя Любані. І на свяце пра гэта многа гаварылася. Расказваючы пра гады Вялікай Айчыннай вайны, узгадалі землякоў, якія змагаліся з ворагам. Фёдар Баслык і Іван Матрашылаў загінулі і пахаваны ў Польшчы, Сцяпан Майсюк прапаў без звестак, немаўляткамі былі вывезены з радзімы і пабывалі ў канцэнтрацыйных лагерах Яўгенія Занкавіч і Ганна Шорац.
Мінула ваеннае ліхалецце, і любанцы ўзяліся за стваральную працу. Саўгас «Любань» ператварыўся ў калгас з гэтай жа назвай, затым – у СВК і яшчэ пазней у ААТ «Новая Любанія». Цёплымі словамі ўзгадаліся на свяце кіраўнікі гаспадаркі розных часоў: знакаміты Яўген Мірановіч, яго паслядоўнікі Аляксандр Лаўрыновіч, Мікалай Унук, Вячаслаў Абрамчык, Юрый Дуброўскі, цяперашні дырэктар гаспадаркі Пётр Вяжэвіч. І гучала мноства прозвішчаў сумленных працаўнікоў, хто ў розныя часы ўслаўляў Любань. Прабачце, паважаныя чытачы, але назваць усіх ў адным матэрыяле проста нельга.
Не забыліся на свяце ўшанаваць мнагадзетных мам, юбіляраў, таленавітых майстроў Любані і, вядома, гаспадароў лепшых падворкаў, якія многа робяць для таго, каб з кожным годам аграгарадок прыгажэў. Было многа цёплых слоў, падарункаў, у тым ліку асабліва запамінальных – музычных. Пастараліся і любанскія, і вілейскія самадзейныя артысты зрабіць свята запамінальным, і ў іх гэта атрымалася. Думаю, запомняцца любанцам і цікавыя выставы, якія прадстаўлялі на свяце вілейскія творцы. Карацей, усё было на вышыні, і Любань адпачывала. Адпачывала, каб з наступнага дня зноў акунуцца ў штодзённыя сельскія клопаты. Такое яно, вясковае жыццё: працаваць – дык да сёмага поту, святкаваць – дык ад душы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

DSCF5576

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries