Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Як прайшоў дзень выпускнікоў у Ільянскай школе

Першую суботу лютага заўсёды з нецярпеннем чакаюць выпускнікі школы і настаўнікі. Гэты суботні вечар ахутаны нейкай таямніцай, бо сустракаюцца дарослыя людзі, але ім таксама хочацца зазірнуць у маленства, у тыя школьныя гады, дзе было шмат цікавага і незабыўнага.

встреча

Наша Ільянская школа заўсёды загадзя рыхтуецца да гэтай сустрэчы. Асабліва шчыруюць выпускнікі школы. На другім паверсе ў калідоры каля актавай залы імі падрыхтаваны буклет юбілейных выпускаў у форме нотнага сшытка, бо само ўрачыстае мерапрыемства праходзіць пад назвай “Мелодыі дзяцінства”. І сапраўды, чароўныя музычныя мелодыі вяртаюць кожнага ў той бесклапотны і незабыўны час, у гады маленства.

У рэсурсным цэнтры “Музейная педагогіка” падрыхтавана выстава альбомаў і папак выпускных класаў, пачынаючы з 1948 года і па сёння. Шмат сабрана звестак пра настаўнікаў-ветэранаў педагагічнай працы. Яшчэ напярэдадні вечара сюды наведваліся вучні, настаўнікі, іншыя супрацоўнікі школы. Кожны шукаў матэрыялы пра сваіх родных, блізкіх, знаёмых, настаўнікаў. Цікава было назіраць за такім кранальным заняткам.

выпускники

А ў суботу вечарам пачалі збірацца ў школу былыя выпускнікі, а таксама аднавяскоўцы, бо гэта свята ўсёй вёскі.

Перад пачаткам урачыстага мерапрыемства многія наведвалі рэсурсны цэнтр, а таксама школьныя музеі. Мяне асабліва ўсхвалявала тое, з якім задавальненнем узгадвалі былыя экскурсаводы літаратурнага музея сваіх пісьменнікаў. Выпускніца 1998 года Алена Шупенька, калі зайшла ў музей, радасна прамовіла: “Дзе ж гэта мой Максім Танк?” А Марына Найдзіч з таго ж выпуску пачала разглядаць экспазіцыю, прысвечаную Ганне Новік. Кожны ўзгадваў штосьці сваё. І гэта было так шчыра і натуральна, што я падумала: “Значыць, наша праца ў музеі не безвыніковая”.
І вось гучыць школьны званок, які кліча ўсіх на мерапрыемства ў актавую залу. Пад гукі святочнага перазвону на сцэну выходзяць вядучыя, вучні 11 класа Ганна Рудніцкая і Сяргей Казак, якія ўрачыста адкрываюць свята. З прывітальным словам выступіў дырэктар школы Ігар Аляксандравіч Юшко, які выказаў цёплыя шчырыя словы ўсім прысутным у зале і асабіста ветэранам педагагічнай працы. Затым хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых настаўнікаў, якія ўжо пакінулі нас.

На сцэну па чарзе запрашаліся юбілейныя выпускі разам з іх класнымі кіраўнікамі. Канешне, шмат сардэчных слоў было адрасавана настаўнікам. З асаблівым хваляваннем у зале слухалі выступленні нашых старэйшых настаўнікаў: Шылы М.М., Шылы В.У., Шэрай Р.К., Маркевіч Л.Ф., Кіпель З.А.
Выступленні выпускнікоў і настаўнікаў чаргаваліся з мелодыямі розных гадоў. Выпускнікі школы пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Шушкевіч Аксаны Аляксееўны падрыхтавалі цікавы сцэнарый. Парадавалі ўсіх сваімі мастацкімі нумарамі і работнікі Ільянскага СДК: Людміла Тонкавіч, Мікіта Палтарэцкі і Вячаслаў Альшэўскі.

Час праляцеў непрыкметна, але мелодыі дзяцінства яшчэ працягвалі гучаць, напэўна, да раніцы. Мне думаецца, што кожны атрымаў у гэты вечар шмат станоўчых эмоцый, якіх хопіць да новых сустрэч.

Валянціна ЕРАШОНАК, кіраўнік рэсурснага цэнтра “Музейная педагогіка” ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А.А. Грымаця”.

Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries