«Сябры» – педагагічны атрад з такой назвай ужо пачаў выконваць свае працоўныя абавязкі падчас чарговай змены ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Лясная казка», якая пачалася нядаўна. Спадабацца дзецям і знайсці з імі кантакт – сёння гэта мэта №1 для ўсіх байцоў студэнцкага атрада.
МАРЫЯ ЛАШУТКА – камандзір педагагічнага атрада, яе «правая рука» – камісар Марыя Кіпель. Камандзір трымае сувязь з усімі байцамі студатрада, які сёлета мае выключна жаночае аблічча. Усе дзяўчаты-выхавацелі – студэнткі, для кожнай праца ў лагеры – магчымасць змяніць дзейнасць, атрымаць новыя ўражанні і зарабіць. Мы пазнаёміліся з педагагічным атрадам «Сябры» падчас нядаўняга візіту ў «Лясную казку» – супрацоўнікі раённай газеты прыехалі туды разам з першым сакратаром раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасіяй Чарняўскай. Знаёмім з «Сябрамі» і вас.
АНАСТАСІЯ НАРЭЙКА родам з Нарочы Вілейскага раёна, сёння яна студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, скончыла першы курс факультэта дашкольнай адукацыі. Пра тое, што ў «Лясную казку» набіраюць жадаючых папрацаваць летам, яна даведалася падчас тэлефоннага званка свайго класнага кіраўніка яшчэ ў верасні мінулага года – і адразу згадзілася на прапанову. У чэрвені здала сесію, паспела адпачыць дома, а ў сярэдзіне ліпеня ўжо ў новым для сябе статусе педагога пазнаёмілася са сваім другім атрадам. Пра першыя перамогі сваіх невялікіх выхаванцаў Анастасія Нарэйка расказвае з захапленнем – іх актыўны ўдзел у мерапрымствах ужо заўважаны і адзначаны, гэта для маладога педагога – лепшая ўзнагарода.
У камандзіра педгагічнага атрада віляйчанкі Марыі Лашутка сяброўства з «Лясной казкай» працяглае – шэсць разоў яна сама адпачывала ў лагеры, а ў якасці педагога працуе ўжо чацвёрты год. Выпускніца педагагічнага ўніверсітэта працаваць будзе ў сталіцы, але верагоднасці таго, што ў будучым годзе хоць на палову змены зноў прыедзе ў «Лясную казку», яна не выключае. Працаваць з дзецьмі ёй падабаецца – прафесію выбрала сваю.
Вікторыя Данілава толькі нядаўна выступала ў якасці валанцёра ІІ Еўрапейскіх гульняў, а сёння студэнтка БДУ, будучы радыёфізік, працуе ў педагічным атрадзе. У «Лясной казцы» адпачывала тры разы, другі год працуе тут у якасці педагога. Пазнаёміцца з выхаванцамі і знайсці з імі агульную мову ўжо атрымалася. Сёлета ўзрост яе выхаванцаў – 8-9 год.
Марыя Гатауліна ў гэтым годзе ўжо паспела адпрацаваць дзве змены ў лагеры «Спадарожнік» пад Мінскам, змена ў «Лясной казцы» для яе ўжо трэцяя за лета. Будучы педагог (па спецыяльнасці – настаўнік музыкі, рытмікі і харэаграфіі) ужо прыглядаецца, якімі талентамі валодаюць яе выхаванцы. Арганізоўваць мерапрыемствы ёй падабаецца – і гэта яе планы на бліжэйшы час.
ЮЛІЯ ВАСІНКЕВІЧ родам з аграгарадка Іжа, скончыла першы курс БДПУ імя Максіма Танка. Вопыт працы з падрастаючым пакаленнем у яе ёсць – была практыка ў мінскім дзіцячым садку. Але праца ў лагеры мае свае адметнасці – і гэта адзначыла Юлія. Свайму педагогу шасці-васьмігадовыя выхаванцы задаюць шмат пытанняў. А ёй адказваць на іх падабаецца. Новыя знаёмствы і эмоцыі – тое, чаго яна чакае ад «Лясной казкі».
Віляйчанка НАТАЛЛЯ КОЗАК вучыцца ў дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на дызайнера электронных і вэб-выданняў. З сямігадовага ўзросту і да пятнаццаці год яна кожнае лета адпачывала ў «Лясной казцы». Працаваць у лагер ехала з жаданнем змяніць абстаноўку, а яшчэ за новым вопытам: быць педагогам у лагеры – гэта як? Напэўна, на апошняе пытанне ёй дапаможа адказаць яе пяты атрад.
ВАЛЯНЦІНА ПУТРО віляйчанка, яна – будучы настаўнік хіміі і біялогіі, вучыцца ў сталічным педагагічным універсітэце на факультэце прыродазнаўства. Вопыт работы ў педагагічным атрадзе для яе новы – раней яна была ў складзе працоўнага атрада, дзейнасць якога была распланавана на дзевяць дзён. Рэжым, распарадак дня і многія іншыя надзённыя пытанні прыйдзецца кантраляваць ёй на працягу ўсіх васямнаццаці дзён лагернай змены. Валянціна Путро адказнасць разумее і ведае, што з любым пытаннем і ў любы момант зможа звярнуцца да начальніка лагера Святланы Спадар.
– Прыемна, што практыканты мінулых гадоў вяртаюцца да нас зноў, – адзначыла начальнік аздараўленчага лагера. – Сёлета да нас зноў прыйшла маладая змена, маладая, але вопытная.
Характарызуючы маладых педагогаў, сама Святлана Мікалаеўна заўважае, што з калектывам ёй пашанцавала. Усе актыўныя, стараюцца, да абавязкаў ставяцца сур’ёзна і адказна, знаходзяць паразуменне з выхаванцамі.
Як працуецца маладым педагогам? Гэтым пацікавілася ў байцоў атрада першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Чарняўская. Таксама яна адзначыла, што педагагічнаму атраду «Сябры» прысвоена імя П.М. Машэрава, таму што работа з падрастаючым пакаленнем павінна грунтавацца на прыкладзе вядомых людзей, які пакінулі свой след у гісторыі нашай краіны і раёна. Падчас размовы былі абмеркаваныя і некаторыя арганізацыйныя пытанні.
Чарговае працоўнае лета на Вілейшчыне стартавала. Маладое, усмешлівае, яркае.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара