«Каляда ідзе, казу вядзе, шчасце й радасць нясе…» – у гэтыя святочныя дні, напэўна, кожны з нас пачуў гэтыя словы. Нехта сам пераапрануўся і пайшоў калядаваць, а да некага завіталі госці.
Кожны сапраўдны беларус ведае, што такое Каляды: аб гэтым свяце яшчэ бабулі з дзядулямі распавядалі нам у дзяцінстве, а зараз наша чарга – з асаблівай пашанай зберагчы гэту традыцыю і перадаць нашым дзецям.
З усіх куткоў краіны ў гэты святочны час даносіліся калядныя напевы, паўсюль панаваў дух хараства, чысціні і дабрыні. І аграгарадок Куранец – не выключэнне.
Самыя сапраўдныя Калядкі былі наладжаны супрацоўнікамі куранецкага сельскага Дома культуры. Пашанціла з надвор’ем: прайсціся па бліскучым снезе з каляднымі песнямі і пляскамі – адно задавальненне! Жамчужна-белы снег скрыпеў пад нагамі, ствараючы таксама святочны настрой. Ужо шмат год дзіцячы гурт «Ліхтарыкі», якім кіруе Наталля Дзік, калядуе па вёсцы. У гэтым годзе маршрут быў абраны наступны: Куранецкі ФАП, сельвыканкам, дом-інтэрнат для састарэлых людзей, крамы і мясцовая школа. Колькі радасці і шчасця было на тварах у тых, да каго завіталі. І нездарма: каза забаўлялася з дзецьмі, а потым стомленая падала на падлогу, каб атрымаць падарунак; мядзведзь прапанаваў патанчыць «Цыганачку», і нават можна было звярнуцца да «цыган», каб тыя пагадалі. Канешне, у гэткае свята і немагчыма прадбачыць нешта дрэннае – у кожнага цеплілася ў сэрцы вера ў лепшае.
Адчувалася, што добры настрой панаваў на свяце. Аб гэтым сведчылі ўсмешкі вяскоўцаў, гучныя песні, вясёлыя танцы. Дзеці дзяліліся адзін з адным прысмакамі, паўсюль стаяў моцны пах булак і пірагоў, каўбас, сала. Яшчэ з даўняга часу лічылася, што толькі вяселле і шумлівыя гульні могуць напалохаць таямнічых злыдняў і зберагчы людзей ад іх. Нават не сумняваюся, што жыхары Куранца дасканала выканалі ўсе асаблівасці святочнага абраду, і ніякія злыя духі не перашкодзяць іх шчасцю, а ў кожную хату завітаюць натхненне, здароўе, спакой, дастатак і каханне.
Анастасія ЛЕАНОВІЧ.
Фота прадастаўлены куранецкім сельскім Домам культуры