Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Як касір-кантралёр стала жывёлаводам і ніколькі не шкадуе

Каб у маладосці хтосьці прадказаў Раісе Лазовік, што яна будзе працаваць у жывёлагадоўлі, не паверыла б ні за што. Якая сельская гаспадарка, калі яна – касір-кантралёр ашчадбанка? Між тым, лёс распарадзіўся па-свойму…

Галоўны заатэхнік Раіса Лазовік на “ты” з камп’ютарам

У жыцці галоўнага заатэхніка сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Юнік-агра» дзяржаўнага прадпрыемства «Малочны гасцінец» Раісы Лазовік, пра якую хочацца расказаць у гэтым матэрыяле, важную ролю сыграла выпадковасць. Урэшце, як і ў жыцці практычна кожнага з нас. Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў вёсачцы на Магілёўшчыне, непадалёк ад горада Слаўгарада, дзе і працавала. Неяк уранні, калі ехала з вёскі у горад, на аўтобусным прыпынку на дзяўчыну звярнуў увагу незнаёмы хлопец. Маладыя пазнаёміліся, і Васіль (так звалі новага знаёмага) расказаў, што ён родам з Вілейшчыны, а сюды прыехаў у камандзіроўку і працуе на будоўлі. Так завязаліся адносіны, якія перараслі ў вялікае пачуццё і закончыліся вяселлем. Гэта быў ужо далёкі 1989 год. У хуткім часе маладыя прынялі рашэнне пераехаць на радзіму мужа, у вёсачку Скарада.

– Недзе з год пажылі з бацькамі мужа, а потым у Забалацці атрымалі сваё жыллё, – расказала Раіса Анатольеўна. – Тут нарадзіліся нашы дзеці, адсюль паехалі на вучобу і на працу, тут працуем мы з мужам. Тады, у маладосці, па спецыяльнасці ў вёсцы ўладкавацца было няпроста, таму я пайшла загадчыцай фермы. Было гэта ў 1993-цім, і з таго часу працоўнага месца не мяняла. Была тут ферма, зараз – сучасны комплекс, дзе ўтрымліваецца 1600 галоў жывёлы. Гэта і дойныя каровы, і цяляткі. Пры мне комплекс будаваўся, уводзіўся ў эксплуатацыю. Тады ж, у самым пачатку, і стварыўся асноўны касцяк працуючых, на якім, як кажуць, усё і трымаецца. Людзі ўсе адказныя, ведаючыя сваю справу, працавітыя. Калі падумаць, дык з жывёлагадоўчым комплексам у мяне звязана ўсё. Дарэчы, і Васіль Пятровіч мой таксама тут працуе спецыялістам па штучным асемяненні. Так што жывёлагадоўля – гэта наша сямейнае…

Калі Лазовікі толькі пачыналі сумеснае жыццё і гадавалі дзяцей, трымалі ў сваёй гаспадарцы карову. Няхай сабе і нялёгка гэта, аднак давала гэта сям’і не толькі свае малочныя прадукты, але і пэўную падтрымку сямейнага бюджэту. А калі выраслі і пайшлі ў самастойнае жыццё дзеці, Лазовікі карову збылі – з ранку да вечара занятым на працы людзям няпроста з ёю. А вось кабанчыкаў ды курэй трымаюць і з агародамі, як і ўсе вяскоўцы, упраўляюцца.

– Калі шчыра, дык я зусім не адчуваю сваіх пяцідзесяці, – усміхаецца Раіса Анатольеўна. – Усё ў клопатах, справах, з людзьмі… Час ляціць непрыкметна, вось і нашай сям’і трыццаць споўнілася. Здаецца, толькі нядаўна ўсё пачыналася, а вунь ужо дзеці вывучыліся, дачка замуж выйшла. У святы збіраемся ўсе дома, рыхтуем для такіх сустрэч нешта смачненькае – шашлычок, торцік. Гутарым, дзелімся, плануем, проста размаўляем. Нярэдка і пра тое, што ўсё меней у вёсцы моладзі, якая некалі павінна прыйсці на змену нам, сённяшнім жывёлаводам. Вёска павінна жыць, і працаваць тут – сумленным, неабыякавым людзям.
Азіраючыся сёння на пражытыя гады, Раіса Анатольеўна задаволена, што яе жыццё склалася менавіта так і што Вілейшчына стала яе родным домам. Шчаслівая сям’я, работа, да якой прыкіпела душой, і калегі, што сталі нібыта роднымі людзьмі… Што болей трэба для шчасця!

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Р.А. ЛАЗОВІК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 55 queries