У нядзелю, на мінулым тыдні, вёска Тураўшчына Любанскага сельсавета адзначала сваё свята. Да скрыжавання дарог на ўваходзе ў вёску народ збіраўся загадзя. Прывітаць адзін аднаго, падзяліцца апошнімі навінамі, паглядзець на дзяцей і ўнукаў сваіх аднавяскоўцаў, а яшчэ – палюбавацца на новы, упрыгожаны крыж, што з’явіўся на гэтым месцы. Яго асвячэнне і прымеркавалі якраз да свята вёскі.
Першы ўспамін пра яе як пра паселішча ў Куранецкай парафіі датуецца 1690-м годам. Пасля Тураўшчына, імя якой звязваюць з назвай дзікага быка – сімвала ўлады і сілы – мела статус фальварка і двара, маёнтка, вёскі… Налічвала 64 двары і 324 жыхары. Сёння колькасць двароў такая ж, але жыхароў, якія пастаянна пражываюць тут, зараз усяго 42. Ёсць адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і адна сям’я з двума дзеткамі да васьмі год, а так – усё болей людзі паважанага ўзросту. Лад жыцця тут такі, як і ў многіх вёсачках Беларусі – няспешны, са сваімі звычаямі і парадкамі.
Атмасфера невялічкай вёскі – гэта калі кожны жыхар навідавоку, калі вядома, хто чым дыхае, і кожны новы чалавек становіцца аб’ектам пільнай увагі, а кожная падзея абмяркоўваецца ў зацені старых дрэў на драўляных лавачках. На такой вось лавачцы і ўсаджваліся тыя, каго чаканне свята раней часу выправіла за парог.
– Хто хоча піць? – гаспадар бліжэйшай хаты своечасова выйшаў з вядром вады і кубкам – сонца прыпякала, і тыя, каму месца на лавачцы не хапіла, станавіліся бліжэй да грушы-дзічкі, каб схавацца ў цень.
Надыходзіў вызначаны час, увага большасці была скіравана на дарогу. Вось удалечыні, адлюстроўваючы сонечнае святло, заблішчэлі харугвы – з хрэсным ходам разам з вернікамі набліжаўся настаяцель Любанскага прыхода айцец Ігар. Пасля малебну і асвячэння крыжа ён сказаў:
– Тое, што зроблена, добрая справа. Крыж быў заўсёды ва ўсіх вёсках, быў раней ён і ў Тураўшчыне. Крыж – для людзей, ён прызваны асвяціць гэта месца і ўсіх, хто звяртаецца да яго.
– Паселішчу – жыць мірна і шчасліва. Са святам! – пажаданне айца Ігара падтрымаў хор Любанскага прыходу. «Многае лета» ў яго выкананні, пэўна, у душы падтрымаў кожны з прысутных.
Перад жыхарамі Тураўшчыны выступіў старшыня Любанскага сельвыканкама Уладзімір Чуковіч:
– Да крыжа звяртаюцца людзі і ў час нягоды, і ў радасныя моманты для адводы нягод і смутку. Мне хочацца, каб гэты кавалачак вясковай зямлі стаў па-сапраўднаму добраўпарадкаваным святым месцам як сімвал любві, дабра і суцяшэння.
Пра добраўпарадкаванне Уладзімір Міхайлавіч сказаў недарэмна – гэтае пытанне асноўнае для яго. Планаў для здзяйснення таксама шмат. Патрабуюць увагі месцы апошняга прытулку тых, хто пайшоў у вечнасць – могілкі. Іх на тэрыторыі сельсавета, які складаецца з трыццаці двух населеных пунктаў і налічвае больш за дзве тысячы жыхароў, дваццаць два. Наведзены парадак на могілках у Більцавічах, Любані, Кульшыно. «Трэба ўсё давесці да розуму», – канстатуе Уладзімір Чуковіч. У рабоце з насельніцтвам і навядзенні парадку на месцах старшыні сельвыканкама дапамагаюць старасты. Раз у месяц у вызначаны дзень збіраюцца яны, каб вызначыць план работ на перспектыву. Прапанова устанавіць крыж у Тураўшчыне зыходзіла ад Віктара Францкевіча – старасты вёскі. Захапіўся гэтай ідэяй Віктар Віктаравіч, знайшліся аднадумцы, падключыўся старшыня – і справа дала плён.
…Афіцыйная частка свята завяршылася. Але якое свята без музыкі? Менавіта такі падарунак вяскоўцам падрыхтавалі артысты з Любані.
«Шчыра вас вітаем, долечкі жадаем,
Хай цяплее неба над любімым краем»…
Пажаданне ад сэрца жыхары Тураўшчыны не пакінулі без апладысментаў.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
/a