Па ўжо існуючай добрай традыцыі педагогі і вучні Даўгінаўскай сярэдняй школы ў чацвёрты раз прынялі ўдзел у рабоце XV абласнога палявога лагера «Юны выратавальнік» і злёце Мінскага абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных на беразе Плешчаніцкага вадасховішча.
Мерапрыемства аб’яднала каманды з усіх раёнаў сталічнай вобласці, сярод якіх апынулася і наша каманда Вілейскага раёна.
На працягу 4 дзён, з 12 па 15 чэрвеня, юныя ратавальнікі мелі магчымасць праявіць сябе ў разнастайных спаборніцтвах (прадстаўленне лагера, палявыя вучэнні, агляд строю і песні, устаноўка палаткі, хіт бяспекі). Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Пташнік Н.П., Леберта В.І. і Машынскага К.Р. наша каманда ярка прадставіла абсталяваны лагер у выглядзе прэзентацыі “Сем цудаў Вілейшчыны”, годна прайшла ўсе конкурсныя выпрабаванні і заняла 7 месца з 23 раёнаў Мінскай вобласці.
Акрамя спаборніцтваў па выніках кожнага дня нас чакала сяброўская дыскатэка, якая дазволіла набыць мноства новых знаёмстваў, пасябраваць, адчуць сябе адзіным цэлым з прафесійнымі выратавальнікамі-пажарнымі і аднагодкамі сталічнага рэгіёну. Мы шчыра ўдзячны супрацоўнікам Вілейскага РАНС, нашым сябрам з сярэдняй школы №5 г.Вілейкі за аказаную дапамогу і падтрымку.
У цэлым XV абласны палявы лагер «Юны выратавальнік» стварыў сяброўскую атмасферу, пакінуў вельмі шмат пазітыўных эмоцый і прыемных успамінаў аб неверагодных летніх прыгодах. Няхай мы і не сталі на гэты раз пераможцамі, але набылі каштоўны практычны вопыт бяспечнай жыццядзейнасці, навыкаў выжывання пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.
Кацярына КРАСОЎСКАЯ, вучаніца 10 класа Даўгінаўскай СШ, член каманды Вілейскага раёна