Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вясенняя пара – кліча поле з двара…

Адвечнымі земляробскімі клопатамі жывуць сёння аграрыі Вілейшчыны. Сярод іх – і калектыў дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы «Вілейская сортавыпрабавальная станцыя», дзе мы на днях пабывалі.

Перадавы механізатар сортавыпрабавальнай станцыі Міхаіл Быкаў заняты зараз ахоўнымі мерапрыемствамі азімых зерневых

Назва гэтай ўстановы гаворыць сама за сябе. Кожны разумее, што адна з галоўных задач, якія стаяць перад калектывам – выпрабаванне сартоў, створаных у навукова-даследчых установах, для таго, каб як мага лепш, з большай аддачай выкарыстоўваць гэтыя дасягненні селекцыі. Даць сартам і гібрыдам сельгаскультур, якія выпрабоўваюцца, усебаковую, аб’ектыўную і дакладную ацэнку, адабраць найбольш ураджайныя і каштоўныя па якасці і іншых характарыстыках для іх раянавання і ўкаранення ў вытворчасць – вось галоўная задача, якая стаіць перад дзяржаўным сортавыпрабаваннем. У тым ліку і перад калектывам дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы «Вілейская сортавыпрабавальная станцыя» дзе, акрамя вышэйназванага, займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі і з’яўляюцца вытворцам элітнага насення зерневых і зернебабовых культур, рапсу, бульбы, а таксама жывёлагадоўляй.

У гэтыя апошні дні мая сортавыпрабавальная станцыя жыве звыклымі для ўсіх працаўнікоў аграпрамысловага комплексу клопатамі. Сяўба, догляд пасеваў, падрыхтоўка да нарыхтоўкі кармоў – гэта галоўныя пытанні, якія мы закранулі ў гутарцы з кіраўніком установы Іванам Пяшко. Мой суразмоўца падрабязна расказаў, якімі культурамі заняты землі сортавыпрабавальнай станцыі (а гэта 600 гектараў). З азімых зерневых тут пасеяна 80 гектараў жыта, 60 гектараў трыцікале, 40 – рапсу, 20 – свірэпіцы, 2 гектары пшаніцы ў пітомніку размнажэння. Ёсць і яравыя культуры: ячмень пасеяны на 65 гектарах, проса – на 8 гектарах, 2 гектары трыцікале ў пітомніку размнажэння. 90 гектараў заняты адналетнімі травамі, 43 – бабовымі, 50 – кукурузай, 10 – бульбай. Астатнія гектары пад лугавымі ўгоддзямі.

– Усё, што пасеяна, старанна даглядаем, каб у свой час сабраць і захаваць вырашчанае, – зазначыў Іван Якаўлевіч. – Цяпер выконваюцца ўсе мерапрыемствы па догляду зерневых. Ёсць шэраг шкоднікаў, хвароб, пустазелля, ад чаго трэба граматна і своечасова абараніць культуры. Гербіцыдная апрацоўка азімых і яравых зерневых праведзена, цяпер ахоўваем азімыя ад хвароб, рыхтуемся да гербіцыднай апрацоўкі кукурузы і бульбы. А там на падыходзе і апрацоўка высокадаходнай культуры – рапсу, якую плануем правесці ў канцы яго цвіцення.

Расказаў кіраўнік сортавыпрабавальнай станцыі і пра іншыя важныя работы, якімі жыве сёння калектыў установы. Так, тут актыўна рыхтуюцца да пачатку нарыхтоўкі кармоў, якая вось-вось разгорнецца. А каб прайшла яна без збояў, трэба старанна падрыхтаваць да работы ўсю корманарыхтоўчую тэхніку. І гэта ў сортавыпрабавальнай станцыі робіцца.
– Актыўна ідуць работы па перазалужэнні, праводзім дэманстрацыйныя доследы кукурузы, – расказаў Іван Пяшко. – Ужо зараз узяліся рыхтаваць складскія памяшканні да прадстаячага прыёму збожжа. Праводзім, дзе трэба, рэканструкцыю, дэзінфіцыруем, каб надзейна захаваць будучае насенне.

Расказаўшы пра сённяшнія клопаты, Іван Якаўлевіч загаварыў пра галоўнае – пра людзей, якія сумленна працуюць у калектыве. Гэта на іх, старанных і адказных сваёй справе, усё і трымаецца, падкрэсліў кіраўнік. А яно так і ёсць, і не намі сказана, што кадры вырашаюць усё. Нахай сабе і кажуць іншы раз, што незамянімых людзей няма, аднак ёсць надзейныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы, без якіх ужо нават і не ўяўляецца той ці іншы калектыў. Ёсць такія людзі і ў сортавыпрабавальнай станцыі. Асабліва цёпла і з удзячнасцю гаварыў Іван Пяшко пра механізатара Міхаіла Быкава, які працуе тут больш за дваццаць гадоў. Прафесіянал, які ўкладвае ў працу ўсе свае веды і сілы і да выканання любога задання, здавалася б, самага простага, заўсёды адносіцца вельмі адказна і сур’ёзна.

– Сёння Міхаіл Васільевіч заняты на ахоўных мерапрыемствах азімых зерневых – апырсквае іх ад хвароб, – расказаў Іван Якаўлевіч. – Для якаснага ўнясення прэпаратаў і іх належнага ўздзеяння мы ў мінулым годзе набылі сучасны апырсквальнік са спадарожнікавай сістэмай навігацыі і з сучаснай камп’ютарнай сістэмай кіравання. На гэтай тэхніцы і працуе Міхаіл Быкаў. Хацелася б адзначыць і яшчэ дваіх нашых механізатараў – Івана Навойчыка, ён зараз рыхтуе да працы касілку, і Яўгена Урбана, які будзе ў нас заняты на нарыхтоўцы кармоў. Гэта людзі, з якімі прыемна працаваць, бо заўсёды ведаеш, што любое заданне яны выканаюць якасна і ў тэрмін.

Пакідаючы сортавыпрабавальную станцыю, мы праехалі ля палеткаў, дзе жоўтым пахучым дываном раскінуўся рапс і дзе, чуйныя на цяпло, дружна пацягнуліся ўгору азімыя зерневыя. Тут на жытнёвым полі і сустрэлі Міхаіла Быкава. Перадавы механізатар старанна рабіў сваю штодзённую справу, і без слоў было зразумела, што яна яму па душы. Толькі на хвілінку прыпыніўся ён ля дарогі, дзе мы стаялі, каб абмеркаваць з кіраўніком нейкія вытворчыя пытанні. На маё пытанне пра настрой і працу перадавы механізатар весела адказаў, што ўсё нармальна і спраў у іх, аграрыяў, многа. Так было, будзе, бо на дварэ – вясна з яе клопатамі і надзеямі. Гэта пра яе кажуць у народзе: папрацуй вясной – не будзеш галодным зімой. Вось і ўвесь сакрэт і высокае прадназначэнне няпростай хлебаробскай справы.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries