Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вучыла нас жыццё сурова кожнага… Сустрэча праз дзесяцігоддзі

25 мая 1956 года. Апошні званок. На лінейцы 56 выпускнікоў. У 10 «А» класе – 26, у 10 «Б» – 30. Цяжка паверыць, што прайшло 60 год, а успаміны засталіся на ўсё жыццё. І сёння, праз столькі часу, мы ганарымся, што нас, выпускнікоў 1956 года, звязаў лёс.

Пасля заканчэння сямігодкі (у сямі школах раёна) дзеці вайны – дзеці, у якіх бацькі загінулі на фронце, дзеці, якія былі ў канцлагерах, дзеці са спаленых вёсак – прыйшлі ў восьмы клас куранецкай школы. Вучыліся ў тры змены. У нас заканчваліся заняткі каля васьмі гадзін вечара. Не хапала падручнікаў, асабліва мастацкай літаратуры. Вучыліся пры газавых лямпах, два гады з паловай плацілі за навучэнне, але ў кожнага было жаданне вучыцца.
Дзяўчынкі і хлопчыкі з бліжэйшых вёсак хадзілі ў школу пешшу, здымалі кватэру толькі на II і III чвэрці, а тыя, якія жылі далёка ад школы, жылі на кватэрах з 1 верасня па 1 ліпеня. А было ў той час тры восьмыя класы. Пасля заканчэння васьмігодкі многія «адсеяліся» па розных прычынах. З трох класаў стала толькі два. З залатым медалём закончылі школу Шаўчэнка Ала і Квяткевіч Аніся, са срэбраным – Колат Ніна.
Па заканчэнні сярэдняй школы частка выпускнікоў паступіла ў сярэднія спецыяльныя ўстановы і ВНУ, а хто не вытрымаў конкурсу на ўступных іспытах, пайшлі працаваць, служыць у арміі, завочна вучыцца ў навучальныя ўстановы. Нашы выпускнікі працавалі не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі,Украіне, Казахстане, Літве. Сярод выпускнікоў былі настаўнікі,выхавацелі, інжынеры, дактары, эканамісты-фінансісты,спецыялісты сельскай і народнай гаспадаркі, органаў МЧС.
Некаторыя асвойвалі цаліну, будавалі БАМ, працавалі на поўначы. Многія з нас маюць высокія ўзнагароды: званні, медалі, граматы. Маркевіч Анатоль – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, наш паэт. Жалабковіч Міхаіл – заслужаны трэнер Беларусі, дацэнт, Балкоўская Марыя – заслужаны аграном БССР, Уласевіч Вячаслаў – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.
Высокіх паказчыкаў дасягалі дзяржаўныя ўстановы і вытворчыя калектывы, дзе кіраўнікамі былі нашы выпускнікі. Гэта Путырскі Пётр – дырэктар праектнага інстытута, Мількота Мікалай – начальнік аддзела Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Колат Ніна – галоўны інжынер Белгазналадка, Пятроўская Яніна – начальнік аддзела фінансаў в/ч г. Мурманск, Ганчарук Клаўдзія – галоўны эканаміст саўгаса “Вілейскі”, Шавякова Марыя – дырэктар базы гархарчпрамгандлю ў Вілейцы.
Усю сваю працоўную дзейнасць прысвяцілі выхаванню і навучанню дзяцей на Вілейшчыне аўтар гэтых радкоў і Шаўчэнка Ала, Шорац Марыя і Квяткевіч Аніся на Маладзечаншчыне. Доўгі час працавала загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення ў цэнтральнай паліклініцы г. Маладзечна Ількевіч Ніна. З нашага выпуску быў і журналіст Гроднікаў Васіль,які пісаў цудоўныя нарысы. На жаль, сёння яго няма сярод нас, зямных. Як бачна, нашы выпускнікі жылі і працавалі ў розных куточках, хацелася сустракацца і пабачыцца. Больш актыўна мы сабраліся на 25-гадовы юбілей.
Па прапанове арганізатара нашых сустрэч Жалабковіча Міхаіла сталі збірацца ў маі на апошнім званку. Першая такая сустрэча была прымеркавана да 40-гадовага выпуску. З таго часу вось ужо пяць разоў мы сустракаемся вясной. Аб гэтым гавораць фотаздымкі нашых сустрэч. Прыязджалі выпускнікі з Бранска, з Падмаскоўя, з Мурманска і тыя,хто жыве ў Беларусі. Хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці калектыву настаўнікаў куранецкай школы, былому дырэктару Жынгілевіч Галіне Уладзіміраўне за прыём, цеплыню, за падрыхтоўку да нашых сустрэч, увагу да нас.
На 40-гадовым юбілеі яшчэ прысутнічалі нашы настаўнікі: былы дырэктар школы Кальмакоў І. Дз., настаўнік матэматыкі Кавалёў Г. Н., настаўнік рускай мовы і літаратуры Рабцаў М. І., першы настаўнік вучняў Куранецкай СШ Альфер У. Г. Па стане здароўя не змагла прысутнічаць настаўніца хіміі Хадзінская М. В., але яна прыслала сваё пасланне. Зачытваючы яго,нельга было стрымаць слёзы.
Мы вельмі ўдзячны сённяшняму дырэктару школы Цыркулеўскай Марыне Уладзіміраўне за прыём (55-гадовы юбілей) і за школьны аўтобус. Мы змаглі наведаць могілкі нашых дарагіх настаўнікаў і аднакласнікаў.
А вось на 60-гадовы юбілей не змаглі сабрацца ў школе па розных абставінах: стане здароўя, з-за транспарту, далёкай адлегласці. Як заўсёды, нашым прычалам была хата бацькоў нашай аднакласніцы Шавяковай Марыі. Вось тут, зусім недалёка ад школы, 28 мая 2016 года мы зноў сабраліся, дзякуючы нашым дзецям і ўнукам, якія змаглі даставіць нас.
Кожны прысутны, успамінаючы школьныя гады і пройдзены жыццёвы шлях, мог пазайздросціць сам сабе, што пашчаслівіла сустрэцца 1 верасня 1953 года. Думаецца,што такія сустрэчы аб’ядноўваюць многіх на ўсё жыццё. Адных з нас парадніла кумаўство, другіх – сяброўства па сёння. Сустракаліся на днях нараджэнняў (юбілеях), наведвалі ў бальніцах і на кватэрах хворых, падбадзёрвалі словам па тэлефону, бывалі і на жалобных мерапрыемствах нашых аднакласнікаў.
Тое сяброўства,якое зарадзілася 63 гады таму назад, і па сёння застаецца падтрымкай для кожнага з нас. Вельмі шкада,што многіх ужо няма сярод нас, але светлыя ўспаміны аб іх застануцца ў нашай памяці назаўсёды. Цудоўныя словы аб нашым жыцці напісаў наш аднакласнік Маркевіч Анатоль, паэт, які пайшоў з жыцця тры гады назад:
Вучыла нас жыццё сурова кожнага,
У горне выпрабоўвала сваім.
І той быў варты чалавечай годнасці,
Хто не крывіў душой сваёй зусім.
Лія БУРАК-ХАДАНОВІЧ,  настаўніца-пенсіянерка, в. Іжа, выпускніца 1956 года куранецкай школы.
Фота прадастаўлены аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 128 queries