Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вольга Макарава – сярод лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны

Сярод лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны, якіх ушаноўвалі ў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны аграпрамысловага комплексу, была і аператар свінагадоўчага комплексу філіяла «Даўгінава» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў ААТ «Мінскаблхлебапрадукт» Вольга Макарава. Яна адзначана Падзякай старшыні Вілейскага райвыканкама.

Працоўныя будні: Вольга Макарава і брыгадзір Алена Бекіш. Фота прадстаўлена Галінай АНУФРЫЁНАК
Працоўныя будні: Вольга Макарава і брыгадзір Алена Бекіш. Фота прадстаўлена Галінай АНУФРЫЁНАК

Непрадказальныя жыццёвыя шляхі, якімі вядзе нас Усявышні. У гэтым Вольга Макарава пераканалася на сабе. Хто б падумаў, што яна, дзяўчына з-пад Разані, знойдзе сваё шчасце ў прыгожым куточку Беларусі – на Вілейшчыне.

– Праўда, беларускія карані ў мяне ёсць – мама родам з Віцебшчыны, а тата – рускі, – расказала Вольга Паўлаўна. – Жылі мы ў Расіі, у пасёлку ля Разані. Мама (вядома ж, беларуска), была працавітай. Мы трымалі і сваю гаспадарку, а таксама бегалі дапамагаць маме на ферму. Так што да працы былі прывучаны з дзяцінства.

Так атрымалася, што неяк Вольга прыехала пагасціць да сваякоў у Беларусь. Вельмі спадабалася тут ёй, і рашэнне пераехаць сюды назаўсёды прыйшло неяк само сабой. Так маладая жанчына з дачушкай пераехала на Вілейшчыну, у ААТ «Алая зара». Тут для яе знайшлася праца, а праз пэўны час адбыліся добрыя перамены ў асабістым жыцці. У гаспадарцы ўжо працаваў механізатарам Уладзімір, які таксама прыехаў сюды з Расіі. Зарэкамендаваў сябе і як старанны працаўнік, і як добры чалавек. Вось толькі сям’і не было… Тагачасны кіраўнік гаспадаркі Генадзь Шупенька нібыта жартам, а на самой справе зусім сур’ёзна параіў Вользе і Уладзіміру прыгледзецца адно да аднаго. Маўляў, і дом гаспадарка выдзеліць, і сям’я ж кожнаму патрэбна. Так яно з лёгкай рукі старшыні і атрымалася. А праз пэўны час у сям’і Макаравых было папаўненне – нарадзіўся сынок.

– Здаецца, зусім нядаўна было, а вунь як час праляцеў, – разважае жанчына. – Дачка наша ўжо замужам, падарыла нам унучачку, а сын пайшоў вучыцца ў каледж. Калі збіраемся разам, весела становіцца ў доме, унучачка шчабеча і шчабеча…

На працягу некалькіх гадоў Вольга Паўлаўна працуе на свінаводчым комплексе ў Даўгінаве, куды штораніцы дабіраецца рабочым аўтобусам. Дамоў прыязджае толькі ўвечары, але да такога распарадку прывыкла. Як і да комплексу і калектыву, які некалі шчыра сустрэў яе, ва ўсім дапамог.

– І кіраўнік прадпрыемства Іван Эдвардавіч Гавета, і мой брыгадзір Алена Пятроўна Бекіш – прафесіяналы сваёй справы, патрабавальныя і строгія, калі пытанні датычаць работы, дысцыпліны. І, разам з тым, людзі добрыя, спагадлівыя, – падзялілася Вольга Паўлаўна. – З любым пытаннем да іх можна звярнуцца, падзяліцца нечым асабістым, папрасіць парады – абавязкова выслухаюць, разбяруцца, дапамогуць. Камфортна працаваць у такім калектыве, які ўжо стаў другой сям’ёй. А Алену Пятроўну я ўвогуле называю другой мамай, бо вельмі многа зрабіла яна для мяне і ў прафесійным, і ў асабістым плане.

З любоўю расказвае Вольга Паўлаўна пра сваю работу. Так, яна нялёгкая, вельмі адказная, але і такая блізкая, да якой прыкіпела душой. Парасяткі, як і маленькія дзеткі, патрабуюць многа клопату, ласкі і ўвагі, без гэтага людзям, якія працуюць з жывёлай, проста нельга. У кожнай рабоце, упэўнена Вольга Паўлаўна, ёсць свае складанасці і нюансы і кожную работу трэба выконваць адказна, прафесіянальна і з душой. Так яна і працуе , за што не раз адзначалася і заахвочвалася кіраўніцтвам. Вось і Падзяка, якую яна атрымала на раённай урачыстасці аграрыяў з рук старшыні райвыканкама Алега Бегунца, адна з узнагарод, якая асабліва будзе помніцца. Гэта, безумоўна, прыемна, але ж, прызнаецца Вольга Паўлаўна, і адказна. Яе праца адзначана кіраўніцтвам, значыць, і надалей трэба адпавядаць гэтай высокай планцы.

Цікавай і шчырай была наша размова. Гаварылі не толькі аб працы, але і пра асабістае: сям’ю, хатнія клопаты, кветкі, якія Вольга Паўлаўна вельмі любіць… А яшчэ – пра нашу прыгожую старонку, якая даўно стала для Вольгі Макаравай радзімай.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries