«Беларусь памятае» – менавіта гэта акцыя напярэдадні гістарычнай даты 73-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне стала самай важнай, самай знакавай як для ветэранаў, так і для новага пакалення вучняў і моладзі. Таму супрацоўнікамі Вілейскага краязнаўчага музея Андрэем Каркоткам і старшым навуковым супрацоўнікам Вольгай Коласавай распрацавана і ўжо другі год дзейнічае праграма з вучнямі школ горада па гэтай тэме.
Першыя два этапы праходзяць сярод экспазіцый музея, якія яскрава адлюстроўваць ваенныя часы ліхалецця. Тут у поўным сэнсе можна рукой дакрануцца і да шыняля, і да паходнага кацялка, і да снарадаў. На стэндах экспазіцыі шмат інфармацыі – фота і ваенных дакументаў. «Вось чаму мы і праводзім тут першыя этапы заняткаў, – расказвае Андрэй Каркотка, – з тым, каб вучні зразумелі, што далёкае слова «вайна» – гэта перажытае іх продкамі». Трэба дадаць, што заняткі Андрэй Юр’евіч праводзіць пры поўнай каманднай амуніцыі, што вельмі ўражвае і дысцыплінуе.
А вось на трэці, заключны, этап праекта вучні разам з настаўнікамі едуць да месца партызанскай дыслакацыі ў час вайны ў Ляскі. Аўтобус імчыць хутка, але Вольга Коласава не траціць дарэмна ні адной хвіліначкі. З веданнем справы яна вельмі дасціпна і цікава распавядае аб лёсе і подзвігу Герояў Савецкага Саюза Андрэя Валынца, Уладзіміра Лаўрыновіча, чыімі імёнамі названы вуліцы ў Вілейцы. Распавядае і аб проста знакамітых земляках гэтага краю. Пра сусветна вядомага мастака Нікадзіма Сілівановіча з Цынцавічаў, Міхаіла Казінца, Івана Кандрацьева, і іншых. Зацікавіла ўсіх прысутных і гісторыя аграгарадка Любань і яе знакамітыя асобы – Аляксандр Любанскі і Герой Сацыялістычнай працы дырэктар саўгаса «Любань» Яўген Мірановіч.
Здаецца, ужо і дарога скончылася, а гісторыя ўсё не адступала. Яна – у кожнай мясціне, у кожным куточку нашай любай Вілейшчыны, а цяпер, лічы, у сэрцы кожнага з тых, хто дакрануўся да яе вытокаў.
А вось і знакамітыя мясціны былой партызанскай базы «Ляскі». Звярнулі ўлева на прасёлкавую дарогу, яшчэ крыху на аўтобусе, затым пешшу, і вось перад вучнямі на ладнай пляцоўцы паўстае помнік у гонар загінуўшых партызанаў. Імёны… Праз колькі метраў і месца былой дыслакацыі. Вакол зямлянкі – месца для вогнішча, самаробны стол. А вакол такая прыгажосць з вялізных хваёвых дрэў – соснаў. Міжволі ўзгадаліся радкі любімай беларускай песні «Ой бярозы ды сосны». Аб ваенным мінулым расказаў прысутным ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Іванавіч Квяткевіч. Яму ўжо 95, а ён так шчыра, так выразна разказаў аб тым часе, што падалося нават, што нібыта гэта мы едзем на падводзе на баявое заданне, што гэта мы вязём смяротна параненага байца. Вайну Міхаіл Квяткевіч закончыў ужо ў Кёнігсбергу.
Затым перад прысутнымі выступілі воіны-інтэрнацыяналісты Валерый Васільевіч Сакаленка, Сяргей Іванавіч Каркоцкі, Станіслаў Мар’янавіч Суша. Гэтаму пакаленню воінаў выпаў іншы лёс, іншая місія, але яны выканалі з гонарам загад. Цяпер ветэраны воіны-афганцы з гонарам выконваюць іншую, не менш ганаровую місію – патрыятычнае выхаванне моладзі. Як падкрэсліў Валерый Сакаленка: «Гэта самая галоўная наша місія – на асабістым прыкладзе паказаць, якім павінен быць сапраўдны воін, чалавек, асоба».
Вучні зачаравана слухалі кожнае слова суразмоўцаў. Вялізнае вогнішча радавала погляд і сэрца, сагравала душы прысутных святой памяццю аб героях мінулага. І вось загучалі песні аб радзіме, аб салдатах у выкананні Уладзіміра Цануніна, знакамітага паэта, кампазітара і выканаўцы. Падалося, што тут мы знаходзімся ўжо не адзін дзень…
Але самае цікавае яшчэ толькі пачыналася, конкурсы на веданне гісторыі роднага краю, на лепшае пісьмо невядомаму салдату, лепшую песню. Малайцамі і эрудытамі паказалі сябе навучэнцы СШ № 3, № 5 і гімназіі №1 «Логас». Прызы для ўдзельнікаў конкурсаў ахвотна прадставілі кампанія «Варгеймінг» і ДТСААФ. А ўсіх удзельнікаў конкурсаў, як вучняў і настаўнікаў, так і дарослых прысутных і гасцей, уразілі лісты з фронту, на фронт і ліст невядомаму салдату ў мінулае. Вось што піша вучаніца Вікторыя:
«Здравствуй, салдат! Как ты? Хотя я тебя и не видела, но я знаю, что ты очень смелый, отважный и сильный духом человек. Я счастлива, что не живу в страшное военное время. Мне нравится слушать пение птиц, журчание ручьёв, детский смех. Не пугают меня звуки взрывов, выстрелов… Я не хочу, чтобы этот страх, ужас вновь повторился. Обещаю, что приложу все усилия для того, чтобы сохранить мир.
Спасибо за жизнь!
Жду тебя, а ты вернись,
Я ведь очень жду.
Жду, когда смотрю в окно
Рано поутру.
Жду тебя, а ты вернись,
Знаю я, ты – жив,
Говорят, что ты пропал,
Я не верю им…»
Вучні так захапіліся гэтай тэмай, што многія з іх прынеслі ваенныя фотаздымкі сваіх прадзедаў, расказвалі з гонарам аб іх гераічным мінулым.
Задаволенымі засталіся ўсе ўдзельнікі выязнога мерапрыемства. Ды і проста мерапрыемствам гэта было цяжка назваць. А вогнішча памяці яшчэ будзе гарэць ярчэй…
Клаўдзія ДУБОВІК/Фота аўтара