Палегліцы на палях філіяла «Усходні» хапае. Пакручаная, збітая ветрам збажына амаль сцелецца па полі. Менавіта на гэту акалічнасць звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы падчас паездкі ў Мінскі раён. Ён тады падкрэсліў, што самая галоўная задача, якая стаіць перад аграрыямі, – максімальна хутка ўбраць палеглыя збожжавыя. Клопат зразумелы: кожны пратэрміраваны дзень – гэта дадатковыя страты ўраджаю, які сёння выспеў на палетках сельгаспрадпрыемстваў. І, мяркуючы па папярэдніх выніках, важкасць коласу амаль у кожным з іх, маючы на ўвазе Вілейшчыну, вышэй леташняга. У філіяле «Усходні», напрыклад, ураджайнасць сёння складае звыш 44 цэнтнераў. Паказчык – адзін з лепшых у раёне.
Эдуард Супрановіч – галоўны інжынер філіяла, сведчыць, што сітуацыя з палегліцай была пралічана наперад. І ўсе шэсць камбайнаў у час падрыхтоўкі да жніва аснашчаны сцеблапад’ёмнікамі. На ўсякі нечаканы выпадак на складзе зроблены іх адпаведны запас. Жніво, па сутнасці, дасягнула эпагею. І тэхніка ўжо прадэманстравала сваю надзейнасць. Безумоўна, дзякуючы, у тым ліку, разваротлівасці інжынернай службы філіяла, якая змагла рашыць і рашае мноства аператыўных пытанняў.
– Учора, – расказвае Эдуард Супрановіч, – выйшаў са строю шнэк жняяркі. Звярнуліся ў райаграсэрвіс, запчастка была ў наяўнасці. Нашы рамонтнікі хутка правялі замену, і праз пару гадзін камбайн ужо зноў быў гатовы к бою.
У рамонтнай брыгадзе – зваршчык, токар, слесары. А разам з імі – кваліфікаваныя спецыялісты – загадчык майстэрань Алег Качэрга і інжынер машынна-трактарнага парка Станіслаў Апанасевіч. Менавіта за апошнімі – арганізацыя бесперабойнай работы тэхнікі. Гэтаму спрыяе і забяспечанасць яе палівам пад поўную патрэбнасць. Філіял яшчэ напярэдадні жніва паклапаціўся аб гэтым, узяўшы на набыццё паліва банкаўскі крэдыт.
На флагштоку каля дыспетчарскай – імя на гэты час лідара жніва, камбайнера Аляксандра Мікуліча. З ім і памочнікам Аляксеем Анасовічам мы і знаёмімся на жніўным палетку. Тут і наш даўні знаёмы Мікалай Мецік, у недалёкім мінулым пераможца раённага спаборніцтва на жніве сярод маладзёжных экіпажаў. Разумею, што Аляксандр і Мікалай у нейкім родзе – сапернікі. Нагадваю ім аб гэтым і выяўляецца, што гэта акалічнасць не складае прычыну іх паўсядзённай заклапочанасці.
– Нашы сапернікі на зямлі ляжаць, – жартуе Мікалай, робячы намёк на перашкоды ў выглядзе камення, якія не-не ды і трапляюцца на жніўным палетку. У Аляксандра Мікуліча адбылося другое прышэсце ў філіял. Пачынаў ён тут працаваць з 1980 года. Пасля маштабнасцю перспектывы завабіла фірма дарожнага сэрвісу. Вялося паўсюднае ўзвядзенне аграгарадкоў. Добраўпарадкаваннем іх вулічных пакрыццяў займаўся і Аляксандр, рыхтаваў да рэспубліканскіх дажынак горад Маладзечна. Мабыць, і не мяняў бы месца працы, але сталі іншымі ўмовы, для фірмы наступілі горшыя часы. Вярнуўся ў філіял. Тут атрымаў новы камбайн і напярэдадні жніва паспеў яго абкатаць. Ужо другі год «Палессе» спраўна служыць свайму гаспадару і жніўнаму полю.
Аляксей Анасовіч – навучэнец Вілейскага прафтэхкаледжа. Навучальная ўстанова спраўна прадстаўляе вёсцы механізатарскія кадры.
– І цябе, Аляксей, бацькаў трактар чакае, – ні то жартуюць, ні то сур’ёзна нацэльваюць хлопца на жыццёвы выбар камбайнеры.
Ячменнае поле на кіламетр расцягнута ўздоўж прасёлкавай дарогі. Учора над ім праліўся краплісты дождж. І гэта некалькі перашкодзіла камбайнавым экіпажам сходу прыступіць да жніва. Затое дазволіла зрабіць некалькі фотаздымкаў і проста паразмаўляць. Пра жніво, умовы сяброўскага саперніцтва, заснаванага не на супрацьстаянні, а грунтоўнай узаемадапамозе.
– У нас хлопцы такія: апошняй запчасткай падзеляцца, – успамінаюцца словы галоўнага інжынера.
– Ураджайнасць тады будзем лічыць, калі ўвесь хлеб у засекі ляжа, – не магу не пагадзіцца са словамі намесніка дырэктара філіяла Мікалая Засінца. Ён па спецыяльнасці – аграном і таму курыруе дзейнасць агранамічнай службы. Сціпласць, вядома, добрая рыса. І ўсё ж ёсць, пэўна, нейкія агратэхнічныя прыёмы, што дазволілі філіялу выйсці на дастаткова высокі паказчык па ўраджайнасці. Гэта пытанне і задаю Мікалаю Мікалаевічу.
– Ёсць сістэма, якой трэба прытрымлівацца, – рэзюмуе мой суразмоўца.
– А вось наконт палегліцы. Навука вывела стойкія да палягання сарты. У нашых умовах рызыкоўнага земляробства гэта, напэўна, выхад…
– Напярэдадні пасяўной мы набылі элітнае насенне ячменю сорта «Водар». Засеялі 60 гектараў. Пацікаўцеся: палетак ля Міхневіч. Сцяной збажына стаіць. Толькі выспее, бачна, пазней. Так што можна падзякаваць нашай «навуцы».
На адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны чатыры аўтамабілі: 2 «МАЗ»-ы з прычэпамі і 2 «ДАФ»-ы. Апошнія – галандскай вытворчасці, належаць прыватным фірмам, якія таксама падключаюцца да працэсу жніва. З Вячаславам Маціеўскім, вадзіцелем «МАЗ»-а, мы, аказваецца, старыя знаёмыя. Сустракаліся гады два таму на кукурузным палетку. Тады ён адвозіў ад агрэгатаў зерне кукурузы. Даспелае, насычанага жоўтага колеру, яно іграла ў кузаве ўсімі адценнямі каштоўнага бурштыну. Разам з Вячаславам узгадваем сітуацыю. І тым прыемней гэта наша сустрэча на жніўным палетку.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара







