Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Віляйчанка Ганна Дрынкіна – дзяўчына з характарам

Кожны з нас, відаць, не раз чуў, як хтосьці павучаў падлетка: «Не будзеш добра вучыцца, табе адна дарога – на ферму…» Так вось мы, дарослыя, ужо з дзяцінства фарміруем у нашых дзяцей адпаведныя адносіны да працы ў сельскай гаспадарцы. А ўжо на тых хлопцаў і дзяўчат, што пасля заканчэння адпаведных устаноў засталіся на вёсцы, некаторыя глядзяць як на дзівакоў.

Віляйчанка Ганна Дрынкіна – дзяўчына з характарам. Прамая, адкрытая, яна з дзяцінства ведала, што будзе займацца толькі любімай справай. А яе заўсёды цягнула да жывёлы… Заканчваючы трэцюю гарадскую школу, Ганна была ўпэўнена, што стане кінолагам. Вельмі ўжо прыкіпела душой да сваіх сабачак Рады і Тофы, якія сталі яе сапраўднымі сябрамі.

DSCN0467

– Аднак жыццё распарадзілася па-свойму, і пасля школы я паступіла вучыцца ў Ільянскі аграрны каледж, – расказала Аня, з якой мы сустрэліся на тэрыторыі цяперашняй яе работы – на малочнатаварнай ферме «Каловічы» ААТ «Навая Любанія». – Выбрала прафесію ветфельчара. У нейкай меры, магчыма, «спрацавалі» гены – мая бабуля, Таццяна Анатольеўна, была ў свой час акушэрам-гінеколагам. Як бы там ні было, блізкія ў нас з ёй прафесіі – лячыць…

Вучоба дзяўчыне давалася, і каледж яна закончыла амаль што выдатніцай. А такім, як правіла, дарога ў далейшую навуку. Вось і Аня паступіла ў Акадэмію, каб набыць вышэйшую адукацыю. А праз нейкі час пакінула ўстанову…

– Чаму? – у блакітных вачах дзяўчыны ўбачыла гарэзны агеньчык. – А таму, што мне болей падабаецца працаваць. Вось прыйшла сюды, на ферму,з адпаведным багажом тэарэтычных ведаў, а так спачатку было страшна! Здавалася, нічога не ведаю, нічога не атрымаецца… І ўвогуле першы год на ферме быў для мяне няпростым, нават вольнага часу не было на любімыя заняткі. Гэта цяпер, ужо на другім годзе працы, адчуваю, што я на сваім месцы. Канешне ж, многаму навучылася я ў вопытных калег, і за гэта ім шчыры дзякуй. Загадчыца фермы Таццяна Анатольеўна Палянская, яе памочнік Вольга Леанідаўна Субач, даяркі сталі не толькі настаўнікамі ў прафесіі, але і добрымі дарадцамі ў жыццёвых пытаннях. На першым часе ледзь што – да іх за парадай. Вось і галоўны ветурач гаспадаркі Дзмітрый Уладзіміравіч Стрыленка нямала дапамог у прафесійным плане, кіраўнік гаспадаркі Арцём Станіслававіч Віннік – таксама. З калектывам мне вельмі пашанцавала. Таму працуецца тут камфортна. А гэта ж так важна для маладога спецыяліста…

Выяўленне захворванняў жывёлы,прафілактыка,лячэнне кароў – асноўныя абавязкі маладога ветфельчара. З імі дзяўчына ўжо добра спраўляецца. Даводзілася, адзначае, рабіць самастойна нескладаныя хірургічныя аперацыі, не губляецца ўжо, прысутнічаючы і дапамагаючы каровам пры ацёлах. І заўсёды, адзначыла Ганна, адчувае вялікую адказнасць за важную справу, якая ёй даручана, і перажывае за сваіх падапечных – рагулек. Сярод іх, дарэчы, ёсць у яе і самая любімая – Васіліса. Чым палюбілася яна дзяўчыне? Бойкасцю, незалежным норавам і адданасцю. Гэтыя якасці болей за ўсё імпануюць Ганне.

Ужо другі год кожную раніцу спяшаецца гэта светлавалосая дзяўчына з горада на ферму ў Цынцавічы. Узімку – на гарадскім аўтобусе, цяпер – на веласіпедзе. Задаволена малады ветфельчар сваёй нялёгкай працай, да якой ўсё болей прыкіпае. Ганна не прагназуе сваё жыццё на далёкую перспектыву. Сёння ў яе ёсць работа, якая падабаецца, і гэта самае галоўнае. Тут, на каловіцкай ферме, яна многаму навучылася і ў прафесійным плане, і ў адносінах з людзьмі. Гэтыя каштоўныя набыткі ёй вельмі спатрэбяцца ў жыцці.

– І ніколечкі не шкадуеш, што засталася ў вёсцы? – задала дзяўчыне пытанне на развітанне.

– Ніколькі, – не раздумваючы адказала Ганна, упэўнена адкінуўшы назад непаслухмяныя завіткі валасоў.

Неўзабаве стройная фігурка дзяўчыны ў блакітным халаціку схавалася ў праёме дзвярэй фермы. Там яе чакала сур’ёзная і неадкладная работа.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 43 queries