Гэтыя дабрачынныя мерапрыемствы, якія ладзяцца некалькі разоў у год раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа сумесна з іншымі раённымі ўстановамі, асабіста я называю дарогай міласэрнасці. Так-так, менавіта дарогай, якая пачынаецца ў Вілейцы, цягнецца да Куранца, дзе прыезджых з нецярпеннем чакаюць у інтэрнаце для інвалідаў і састарэлых, і далей вядзе ў Іжу, у мясцовую бальніцу сястрынскага догляду. На працягу некалькіх гадоў па гэтым маршруце едуць неабыякавыя людзі, каб зрабіць святлейшым, весялейшым жыццё тых, у каго, так распарадзіўся лёс, няма родных і блізкіх, а калі і ёсць, то жывуць далёка. З падарункамі і добрым музычным віншаваннем прыязджаюць госці ў сацыяльныя ўстановы.
Вось і ў мінулы панядзелак, якраз на другі дзень прыгожага свята Вялікадня, сумеснымі намаганнямі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама была арганізавана такая паездка. У складзе валанцёраў было многа юных, што вельмі радуе – значыць, пашыраецца гэты рух, які аб’ядноўвае чулых і неабыякавых да чужога болю людзей. Так, у гэты раз у паездку, разам са старэйшымі людзьмі, ехалі танцавальная група «Вільяна» з гімназіі № 2 і валанцёрскі атрад «Белы голуб» з сярэдняй школы № 1. Дзяўчаты і хлопцы падрыхтавалі гледачам прыгожыя танцы, літаратурную кампазіцыю, абрадавыя гульні.
Многа цёплых слоў, як і заўсёды, знайшла для нямоглых людзей старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях. Цудоўна вяла сустрэчы Галіна Капцюг. На «ўра» прымаліся песні Зінаіды Крупскай, якую так палюбілі гледачы. Дарэчы, у гэты раз гучала вельмі многа новых песень і адна з іх – «Сястра міласэрнасці», якую Зінаіда Васільеўна напісала нядаўна. Твор ужо стаў гімнам, а падчас гэтых сустрэч стаў добрым падарункам медработнікам, якія працуюць у сацыяльных установах. У атмасферы сямейнасці, душэўнай цеплыні і спагады прайшлі гэтыя сустрэчы, напрыканцы якіх насельнікам інтэрната і бальніцы былі ўручаны падарункі ад Евангелісцкай царквы прыхода «Хольтэн Штэркадэ» горада Оберхаўзена і ад вілейскага філіяла Маладзечанскага малочнага завода. Расчуленыя такой увагай, людзі задавалі галоўнае пытанне: «Калі прыедзеце да нас зноў?». Пачуўшы канкрэтны адказ, засталіся задаволенымі: значыць, і ўвосень у іх будуць жаданыя госці, і чакае сапраўднае свята.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА