Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вечар добрых зносін прайшоў у Ерхах

Вечар добрых зносін, які прайшоў нядаўна ў Ерхаўскім сельскім клубе, быў прымеркаваны да дзвюх падзей: да Міжнароднага дня сям’і і Года малой радзімы. Святочную праграму пад назвай «Ад сям’і сцяжынка – да роду і народу» падрыхтавалі і правялі мясцовыя культработнікі – загадчыца бібліятэкі Жанна Андрыеўская і загадчыца сельскага клуба Марыя Юркевіч.

Цікавай і насычанай атрымалася праграма. На свяце ўшаноўваліся людзі працы – ветэраны ААТ «Алая зара» Рэгіна Судніковіч, Караліна Бабкевіч, Таццяна Пагуда, Марыя Юшчук, Марыя Руткоўская, Мікалай Фірс, Юрый Прыткоў, Святлана Пунінская, Алена Казімірская, Таісія Андрашчук, Вольга Вайцяшонак. Было што ўзгадаць гэтым заслужаным людзям пра мінулае гаспадаркі, працавітых землякоў.

У гэты дзень акцэнт быў на сям’і, і гэта апраўдана. Ушанавалі і мнагадзетных (а гэта сем’і Казімірскіх, Кайданік, Пагуда, Маскалевіч, Байковых, Балуш, Бугай, Нефельд), адзначылі няпоўныя сем’і (Шырко, Сідарэнка, Колесава). Урачыстым і хвалюючым атрымалася віншаванне тых, хто ідзе па жыцці адной дарогай ужо шмат гадоў. Так, з пяцідзесяцігоддзем сямейнага саюза павіншавалі Мікалая і Вольгу Фірс, з саракагоддзем з дня нараджэння сям’і – Анатоля і Святлану Пунінскіх. Віншаванні атрымала сямідзесяцігадовая юбілярка Рэгіна Судніковіч, а таксама былі ўшанаваны ўсе вяскоўцы, хто нарадзіўся ў маі. З асаблівай увагай прысутныя слухалі ветэрана Іпаліта Аляксандравіча Хаванскага, які ў гэты дзень узгадваў не пра свае франтавыя дарогі, а пра тое, як жылі і працавалі ў мясцовай гаспадарцы.

Прыгожым аздабленнем праграмы сталі выступленні са сваімі творамі паэтэсы са сталіцы Марыны Ігнатовіч і яе сына-гітарыста Андрэя. «Белая Русь», «Купалле» «Балада пра салдата», «Мацярынскі падарунак», «Франтавыя пісьмы» – гэта толькі частка вершаў, з якім выступала паэтэса. Іх назвы гавораць самі за сябе. Цікавым атрымалася і тэатралізаванае прадстаўленне па творы Марыны Ігнатовіч «Навэла пра маладосць», якую паставіла Жанна Андрыеўская, а ролі выканалі вучаніцы Людвіноўскай школы Паліна Сідарэнка, Аляксандра Вішнеўская і Вікторыя Юркевіч.

А ў канцы мерапрыемства было віншаванне ў адказ: ўдзельнікаў свята павіншавала Таццяна Лукошка, якая напярэдадні адзначыла дзень нараджэння. Жанчына пачаставала ўсіх смачнай выпечкай і рознымі ласункамі.

– Лічу, што мерапрыемства ўдалося, – падзялілася ўражаннямі Жанна Андрыеўская. – Пастараліся нашы артысты – гэта сапраўды так. Але не менш прыемна, што нам дапамаглі прызамі з Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, за што шчыра дзякуем дырэктару ўстановы Людміле Сляпцовай і загадчыцы аддзялення надомнага абслугоўвання Дануце Раманоўскай. З іх дапамогай свята атрымалася сапраўдным.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена Жаннай АНДРЫЕЎСКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 26 queries