Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На юбилей школы приехал депутат Парламента Виктор Русак

Ільянскай школе, што носіць імя свайго знакамітага выпускніка – прафесара, акадэміка Адама Грымаця, споўнілася 150 год. Юбілей адзначаўся ў мінулую суботу ў сценах навучальнай установы. Той, хто пастаянна сочыць за нашым выданнем, пэўна, успомніць, што тэма літаральна не сыходзіла апошнім часам з яго старонак. Мы публікавалі звесткі аб гісторыі адкрыцця, развіцця і станаўлення навучальнай установы, якая мае ўжо такі дастаткова паважаны ўзрост. Той, што выходзіць далёка за межы чалавечай памяці, бо не сувымяраецца ні з адным чалавечым жыццём. Але сцэнарый святочнага мерапрыемства нібы правёў рэканструкцыю гістарычнай базы школы, пачаргова ўзнавіўшы яе галоўныя этапы.
За паўтара стагоддзя мяняліся палітычныя рэжымы. Дзве сусветныя вайны ўскалыхнулі і гэтыя мясціны, паблытаўшы-паламаўшы лёсы ільянцаў. Але школа заставалася вернай наканаваным ёй гуманістычным ідэалам. Бо ў яе сценах не толькі выкладаюцца агульнаадукацыйныя прадметы. Як і дзесяцігоддзі назад, тут выхоўваюць у вучнях высокія маральныя прынцыпы. Як патрабаваў яшчэ на мяжы мінулага стагоддзя апякун акругі ў сваім цыркуляры, адрасаваным адміністрацыі школы, вучні па-ранейшаму арыентуюцца на паслухмянасць у адносінах бацькоў, настаўнікаў, павагу да сваіх абавязкаў. А прысутнасць на ўрачыстасці настаяцеля мясцовага храма айца Андрэя сведчыць, што не чужыя для ўстановы і прынцыпы хрысціянскай маралі, павага рэлігійных традыцый, якая займае сваё месца ў выхаванні падлеткаў.
Аздобай школьнага свята стала яго мастацкае афармленне. Са сцэны гучалі музычныя кампазіцыі ў выкананні народнага калектыву аўтарскай песні «Імпэт». З ім непарыўна звязаны імёны Міколы, Галіны і Генрыха Кутасаў, цікавай творчай сям’і, з якой, напэўна, пашчасціла Ільі. Бо само мястэчка – гэта тая каларытная мясціна з добрай духоўнай аўрай, што сілкуе таленавітыя сэрцы і высокія душы. Тут стварае адметныя публіцыстычныя творы, заснаваныя на мясцовых каларытных сюжэтах Уладзімір Кажамяка. Тут пачала рэалізоўваць свае гісторыка-літаратурныя праекты Роза Шэрая. Дзякуючы яе падзвіжніцтву, у школе сёння дзейнічаюць музеі «Ільянскія далягляды» і «Вілейшчына літаратурная», на аснове якіх ажыццяўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў. Прэзентуючы сваю навучальную ўстанову, вядучыя агучылі некалькі красамоўных лічбаў, што не маглі не ўразіць прысутных. Заўважце: толькі за апошнія тры гады Ільянская школа за ўдзел у разнастайных праектах і конкурсах атрымала 5 міжнародных, 8 – рэспубліканскіх, 31 – абласную і 106 раённых узнагарод.
Свята ўшанаваў сваёй прысутнасцю нядаўна абраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Русак. Ад яго ў падарунак, разам з пажаданнямі дабра і даўгалецця, – спартыўная экіпіроўка для школьнай хакейнай каманды. Дзмітрый Піневіч, выпускнік 1984-ага года, цяпер – першы намеснік Міністра аховы здароўя краіны, паабяцаў паклапаціцца аб тэнісным корце. Маўляў, трэба падтрымліваць спартыўны гонар навучальнай установы. І старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга, і начальнік аддзела адукацыі Валянцін Скаржэўскі пажадалі пераемнасці традыцый, агульнасці інтарэсаў, падмацаваўшы ацэнку і зычэнні мясцовых улад каштоўнымі падарункамі: інтэрактыўнай дошкай, ноўтбукам. Не ў баку ад урачыстасці застаўся і раённы прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Да прысутных з віншаваннямі звярнулася яго старшыня Святлана Валынец. Падобным на каларытную імпрэзу стала з’яўленне на сцэне настаўнікаў філіяла школы з сумеснага прадпрыемства «Надзея-21 стагоддзе». Разам з імі перад залай узнік святочны каравай, а над радамі ўзляцелі шматколерныя шары. Умеюць усё ж у нас, нягледзячы на прыродную сціпласць беларусаў, святкаваць з размахам, віншаваць і зычыць – з непадробленай шчырасцю. Асабліва тады, калі ёсць падстава для ўрачыстасці, калі належыць яна не аднаму чалавеку, а вялікаму калектыву аднадумцаў, з’яднаных агульнай мэтай. І правільна зазначыў адзін з ганаровых гасцей, заслужаны настаўнік Беларусі Фелікс Вронка: Юбілей – гэта не проста час падвядзення вынікаў, гэта магчымасць вызначыць свае планы на будучае. Фелікс Феліксавіч вучыўся ў Ільянскай школе з 1952 па 1954 год.
На юбілей наогул прыехала многа выпускнікоў, палічылі гонарам прысутнічаць на ўрачыстасці былыя настаўнікі. Чорна-белыя фотаздымкі на слайдах былі не толькі данінай успаміну, яны дазволілі перагарнуць хвалюючыя старонкі мінулага, зазірнуць у глыбокі ўнутраны свет тых, хто на іх занатаваны. Сціплая вартасць у постацях, вачах, абліччах – тая, з якой потым ішлі і ідуць па жыцці твае вучні, школа. Многія з іх працуюць у гэтых жа сценах, некаторыя прыходзяць сюды нарэдзь часу, каб, як сёння, сутыкнуцца са сваёй маладосцю. Для ўсіх юбілей – свята сур’ёзнае, – такую ацэнку даў 150-годдзю цяперашні дырэктар навучальнай установы Ігар Юшко. Ён гаварыў пра змену часоў і пакаленняў і пра нямеркнучае святло розуму, што вітае ў гэтых сценах і дапамагае грамадству выхоўваць новых будаўнікоў моцнай і квітнеючай Беларусі.
А завяршылася ўрачыстасць гімнам «Родная школа» ў выкананні ўсюдыіснага «Імпэту». Менавіта ў ім нарадзіліся словы і мелодыя. І няхай гучаць яны ў сэрцах тых, хто яшчэ многія гады будзе прыходзіць сюды за высокай мудрасцю жыцця.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і Васіля ШЭРАГА





Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries