Гэта сядзіба, бадай, самая каларытная ў Дварцы. Ёсць на Вілейшчыне вёска з такой назвай – Дварэц. Красамоўнае імя стала падставай для жартаў мясцовага ўзроўню, якія не-не ды і вылятаюць за ваколіцу. Бы тыя ўсюдыісныя ластаўкі за парог свайго прытуленага да страхі гняздоўя. Узяць чыста анкетную сітуацыю, калі сваім месцам жыхарства чалавек называе Дварэц. А яшчэ кажуць, што быў у тутэйшых мясцінах участковы па прозвішчу Цар. І было яму хоць ты не едзь у той самы Дварэц. Некаторыя, хто недасведчаны, успрымалі гэту інфармацыю як дасціпны жарт. Пакорпаўшыся ў этымалогіі, можна было б знайсці карані такой назвы. Але пакінем гэты занятак даследчыкам, ім таксама належыць усведамляць, што недарэмна хлеб ядуць.
Мы сёння пра тую самую сядзібу, якую не праміне увагай праезджы. Хата выходзіць фасадам у двор. А на тыльнай сцяне, што прымыкае да вуліцы, – вынасны музей вясковага быту. Цэментуюць экспазіцыю зваяныя з падручнага матэрыялу постаці мужыка з кабетаю – па задуме дызайнераў – гаспадароў. Бо менавіта ім павінна належыць раскіданая па сцяне начыненне. Выгнуты ў форме паўмесяца серп належаў, пэўна, не аднаму пакаленню насельнікаў гэтай сялібы. Пранік, які некалі выконваў функцыю праса, а сёння ўжо сапраўды стаў музейнай рэдкасцю. Калаўрот, дзежкі, гліняныя гарлачыкі…. Прыкладная роля гэтых прадметаў сялянскага ўжытку сёння ўжо страчана. Захавалася этнаграфічная. Тая, што стварае ў нашчадках уяўленне аб каранях традыцый сваіх продкаў,каларыце іх бытавой атрыбутыкі і, урэшце, каштоўнасцях, якія не здолее вынішчыць час.
Таўхаю весніцы – і яны гасцінна расчыняюцца, вабячы ў разнаколернасць кветкавай рапсодыі. Так вабіць таямнічая рачная плынь у свае бяздонныя глыбіні. І ў гэтых кветках, крыху прытомленых ад спякоты, таксама існуе свая тайна. Завесу над ёй прыадчыняе гаспадыня сядзібы Людміла Віткоўская, якая, праз вакно ўбачыўшы старонніх, выйшла на ганак, звыкла прывіталася, нібы мы многа год знаёмыя. Падобная звычка заўсёды імпануе, бо скарачае шлях да знаёмства, выводзіць на шчырасць, якая павінна прысутнічаць у любой размове. Інакш, навошта ўвогуле яе распачынаць?
Людміла расказвае, што клумбы пачынаюць у яе квітнець ранняй вясной. Тады сядзіба сапраўды палымнее. А гэта, маўляў, ужо толькі рэшткі таго прыгоства. Жнівень жа на двары…
Паміж цяпліцай і калодзежам тэпае на высокіх нагах цыбатая птушыная істота. Пушок пад шэрымі крыламі сведчыць аб юным узросце гэтага мілага стварэння. Бусляня выпала з гняздоўя, якое пад шатамі густога дрэва прымасцілася ў кутку сядзібы.
– Яно было такое кволае, пушыстае і пяшчотнае. Мы з сям’ёй вырашылі: дзяўчанё. Назвалі – «Бусінка», – расказвае гаспадыня кароткую біяграфію сваёй выхаванкі, якой і будзе ўсяго месяцы чатыры ад роду.
Арнітолагі празаічна трактуюць гэтую сітуацыю. Калі буслінай сям’і не хапае корму, бацькі ахвяруюць некім з нашчадкаў. Як правіла, такая доля выпадае найбольш слабым і знясіленым. Так здарылася, што «карта лягла» на Бусінку.
Гаспадыня падхапіла яе на рукі і імпэтна, як гэта ўжо неаднойчы рабіла, штурхнула ўвысь. Буслянё раскрыла крылы, напружылася, але на палёт пакуль не рашылася. Відаць, яго пакуль палохае неба.
Чым харчуецца неспадзяваная госця? Усім, што прырода наканавала. Любіць жаб. У суседа – сажалка. І ён штодня дастаўляе гэты далікатэс на харчовы стол бусляняці. Унукі, іх у Віткоўскіх трое, цягнуць з лесу паўзуноў. Вось і сёння, пайшоўшы за лісічкамі, яны між іншым папоўняць меню сваёй досыць пераборлівай госці, якая зусім не хоча мяняць генныя схільнасці.
Сядзіба дасталася Віткоўскім як спадчына. Летам гэта – дача. Зімой сям’я жыве ў Вілейцы. Усё, што вырашчана ў гародчыку, цяплічках, лішнім не будзе ў хатняй гаспадарцы пенсіянераў. Вось толькі Бусінка. Яе лёс трывожыць Людмілу. Не па ёй гарадская кватэра. А пакуль – вясковае раздолле, на якім бярэ апошнія свае акорды дагараючае лета.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара