Свята першага снапа прайшло ў адной з мацнейшых гаспадарак раёна – ААТ «Нарачанскія зоры». Сюды пакланіцца хлебнай ніве прыехала кіраўніцтва раёна і сельскагаспадарчых арганізацый, народныя музычныя і пеўчыя калектывы. Але самымі галоўнымі гасцямі Зажынак былі, вядома ж, камбайнеры і механізатары.
Камбайны на палях, першае збожжа паступае на ток – на Вілейшчыне стартавала ўборачная кампанія. Урачыстыя раённыя Зажынкі прайшлі ў мінулую сераду на базе ААТ «Нарачанскія зоры». Зажынкі – адно з самых старажытных земляробчых святаў. Жніво падводзіла вынік усёй цяжкай шматмесячнай працы селяніна. Да яго пачатку рыхтаваліся, як да вялікага свята. У лепшых традыцыях прайшлі і нарачанскія зажынкі. Кіраўніцтва раёна, кіраўнікі гаспадарак, прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, камбайнеры і механізатары, прадстаўнікі прафсаюза і многія іншыя сабраліся разам, каб ва ўрачыстай абстаноўцы даць старт жніва.
– Хлеб – усяму галава. І гэта сапраўды так, – пачаў сваё выступленне старшыня райвыканкама Алег Бегунец. – Каб атрымаць хлеб, трэба шмат і цяжка папрацаваць – цэлы год кланяцца хлебу, і толькі тады атрымаеш вынік. Кожная гаспадарка раёна ўклала велізарныя сілы і сродкі ў закладку сёлетняга ўраджаю. І цяпер прыйшоў момант яго сабраць. Момант, калі кожнае зярнятка мы павінны сабраць, вывезці з поля і захаваць. Жадаю ўсім вялікіх намалотаў, добрага надвор’я, міра і дабра вашым сем’ям.
«Дай, Божа, пагодачку, ды на нашу работачку», – заспявалі народныя выканаўцы. І сапраўды, адзін з найважнейшых момантаў жніва – добрае надвор’е. Але многае залежыць ад самых галоўных удзельнікаў жніва – механізатараў, якім трэба будзе ад відна да позняга вечара працаваць у палях і змагацца за кожны каласок.
– Віншую усіх з пачаткам жніва, – адзначыў Генадзь Кучко, кіраўнік «Нарачанскіх зораў». – Распачынаецца адзін з важнейшых этапаў нашай работы. Наша гаспадарка ўчора пачала ўбіраць ячмень, і, па ўсім мяркуем, што каравай гэтага года будзе не меншы за мінулагодні. Толькі за першы дзень сабралі 310 тон збожжа пры ўраджайнасці 44,8 ц/га. Таму жніво распачата, і жадаю ўсім добрых намалотаў. А калектыў у нас злажаны – праца пойдзе.
Падчас Зажынак нам удалося пагутарыць з галоўным аграномам гаспадаркі Віктарам Драчылоўскім, які распавёў, што ў гэтым годзе плануецца прыбраць 1700 га. За дзень пры спрыяльным надвор’і будзем прыбіраць каля сотні гектараў – такім чынам, на ўсё спатрэбіцца каля двух тыдняў. Плануецца атрымаць сем тысяч валавага збору зерня. У гаспадарцы ўжо прыбралі 405 га рапса – атрымалі 866 тон пры сярэдняй ураджайнасці 24,4 ц/га.
Пасля таго як камбайны і машынны двор асвяцілі ксёндз Вадзім Сурвіла з Войстама і айцец Фёдар Кукс з Нарачы, наступіў самы хвалюючы момант. Механізатары селі за штурвалы сваіх камбайнаў і адзін за адным вывелі тэхніку на хлебную ніву. Што ж, не падвядзі, надвор’е, хлебароба! У добры шлях, жніво!
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара і Веранікі СТАЦІНА
Фото Сергея ГОНЧАРА и Вероники СТАТИНО